Выбрать главу

Святымі ў продкаў лічыліся не толькі асобныя, найчасцей пракаветныя дрэвы, але і вялізныя камяні, многія з якіх мелі ўласныя імёны. Адзін з іх, Перуноў камень, ляжыць у густым лясным зарасніку паблізу вёскі Папялы цяперашняга Глыбоцкага раёна. Сёння вам пакажуць гэты валун толькі старыя людзі, ад якіх вы даведаецеся, што неглыбокі метровы раўчук, які праразае паверхню каменя, — справа чалавечых рук. Акурат на працягу гэтай лініі, за дзвесце крокаў ад валуна, калісьці рос вячысты дуб на некалькі абхватаў.

Лічылася, што камяні жывыя, што яны могуць расці, перасоўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі прыносілі ім разнастайныя ахвяры — ад пацеркаў, калі дзяўчаты прасілі сабе жаніха, да парася, ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжка хвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара кавалак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.

Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў, прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў, Іначай кажучы, наш чорт — родны брат латышскага і літоўскага.

Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя на загад хрысціянскіх валадароў. Цэрквы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц — каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўбачыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?

А на той гары ды ляжаць брусся, Ды ляжаць брусся цясовыя. А на тым бруссі ды стаяць слупы, Ды стаяць слупы маляваныя. А на тых слупах ды вісяць катлы, Ды вісяць катлы адліваныя. А пад тымі катламі ды гараць агні, Ды гараць агні ясненькія. Ды гараць агні яснеткія, Ды ідуць дымкі сіненькія. Там сядзяць дзядкі сівенькія…

Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвами» і «кудесниками».

Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў. Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны — пра падземнага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца… Зялейнікі ведалі лекавыя травы — зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай — чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.

Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.

У вялікай пашаноце жылі «хранильники». Яны рабілі і дапамагалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў, якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў, або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў, пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў лыжак, ключоў, што «замыкалі» чалавека, не даючы падступідца да яго злыдням.

Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свяціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаю ці з крыжам. Знак бога Ярылы — шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі — сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё — ад простага крыжыка да складанага ўзору — мела свой патайны сэнс. Абавязкова вышывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.

Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.

Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына — прываражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец — значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашчаперыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?

Лес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, а рука мацней сціскае касцяны конік-абярог. Ой, цяжка папасці да вешчуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны загавораныя. Не ўнаравіш яму нечым — возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.

У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспадара не відаць, адно на стале п’е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…

3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў, каменю. Але сучасныя чараўнікі — нашчадкі старажытных вешчуноў — не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.

Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.

Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў — паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва — гаспадары будуць частах варэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць лес перад Вялікаднем, калі бяжыць вясновы сок і Дажбог з Ярылам робяць драўніну наймацнейшаю.