Выбрать главу

Выбраўшы месца пад хату, гаспадар збіраў з чатырох палёў чатыры камяні, нёс іх у запазусе ля голага цела і клаў чатырохкутнікам, пазначаючы вуглы. Потым станавіўся пасярод і прасіў парады ў Рода. Засталіся камяні праз тры дні некранутыя — значыцца, выбар удалы.

Кладучы першы вянец зруба, уважліва сачылі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну — будзе ў хаце жыццё заможнае. Паміж бёрнаў клалі сабраныя на Купалле зёлкі, а часам і жменю змеленай на новых жорнах мукі — каб злодзей, залезшы ў хату, не мог уцячы, пакуль не вернуцца гаспадары. Існавала і такая прыкмета: колькі разбурыў чалавек у маленстве птушыных гнёздаў столькі разоў мусіць ён на сваім вяку і хату мяняць.

Улазіны прымяркоўвалі да поўні. Напярздадні яшчэ раз правяралі, ці не ўплішчыўся куды нячысцік. Найлепшым рэвізорам быў певень, спеў якога значыў, што злыдняў у хаце няма.

I яшчэ, у адрозненне ад нас, продкі ніколі не будавалі жытла на чалавечых касцях. Адзін мой мінскі знаёмы расказваў як пакутаваў, пераехаўшы ў новую кватэру: не мог заснуць, усхопліваўся сярод ночы, бачыў у снах розныя жахі. Высветлілася, што дом паставілі на былых могілках.

Згаданы толькі што певень ва ўяўленні продкаў сімвалізаваў таксама мужчынскую сексуальную сілу. Дарэчы, зазначу, што ў параўнанні з іншымі славянскімі і неславянскімі народамі — нашымі блізкімі і далёкімі суседзямі — беларусы вельмі эратычныя. Шматлікія пацверджанні гэтаму можна знайсці ў расійскага гісторыка і фалькларыста, славутага збіральніка ўсходнеславянскіх казак Аляксандра Афанасьева, які адкрыў чытачам, што беларускі фальклор літаральна прасякнуты эратычнасцю. Прычыну, відаць, трэба шукаць у тым, што язычніцкае светаўспрыманне ў Беларусі, і асабліва на абшары Полацкай зямлі, цягам стагоддзяў паспяхова і мірна суіснавала з хрысціянствам. (Мы, між іншым, жывём ці не ў адзінай еўрапейскай краіне, дзе дахрысціянскія святы — Радаўніца і Дзяды — узаконеныя дзяржаўным календаром.)

Ну і паколькі зайшла гаворка на тэму, што да нядаўняга часу лічылася «непрыстойнай» (памятаеце сакраментальнае: «У нас сексу няма!»?), скажу колькі слоў пра старажытны культ фаласа, на які ў свой час «перахварэлі» ці не ўсе народы планеты, і нашы продкі не былі тут выключэннем.

На поўначы заселенага некалі палачанамі абшару, там, дзе цяперашні Гарадоцкі раён мяжуе з Расіяй, ляжыць прыгожае лясное возера Сеніца. Не кожны з жыхароў недалёкай вёскі Дорахі адважыцца сказаць незнаёмаму падарожніку, як завецца прыазёрны лес. Рэч у тым, што назва гэтая цалкам нецэнзурная. У лесе з цікавым найменнем і ў возеры людзі здавён знаходзяць мноства зробленых з цёмнашэрага пескавіка фаласаў (яны і далі наваколлю адмысловую назву), найбольшы з якіх дасягаў 80 сантыметраў. Гэта не што іншае, як сімвалы плоднасці і ўрадлівасці, звязаныя з культам Ярылы. Пра «цэлы шэраг беларускіх камянёў фалічнай формы» пісаў у першым выданні сваёй вядомай «Гісторыі рускай царквы» адзін са старэйшых беларускіх акадэмікаў Мікалай Нікольскі. (У пазнейшых выданнях пашчыравалі цнатлівыя цэнзары.)

Этнаграфічны і археалагічны матэрыял не дазваляе з пэўнасцю меркаваць, якіх рытуалаў вымагалі каменныя фаласы. Аднак згадаю, што валун Дзед, які стаў у Мінску на беразе Свіслачы, таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават на пачатку XX стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын, што сядалі на яго «голым месцам» і, закрыўшыся спадніцаю, прасілі падараваць дзіця. Варта, відаць, дадаць, што і добра знаёмая кожнаму нескладаная камбінацыя з трох пальцаў якую беларусы каларытна называюць дуляй, таксама з’яўляецца водгуллем даўнейшых фалічных рытуалаў. Яе і сёння лічаць эфектыўным сродкам супроць благога вока і злых духаў.

Мноства элементаў дахрысціянскай ахоўнай магіі сканцэнтравана ў беларускім вясельным абрадзе. Седзячы за сталом на вытрыманым у спрадвечных традыцыях вяселлі, госці часам і не здагадваюцца, што сталі дзейнымі асобамі магічных рытуалаў, народжаных у пракаветныя часіны. Хтосьці з дасведчаных людзей перад застоліцай абавязкова пакропіць святой вадой або абкурыць макам усе куты хаты. Адпрэчваючы злых духаў макам або льняным семем могуць абсыпаць хату і знадворку. Добра засцерагае ад нячысцікаў абведзенае касою кола і пастаўленыя навідавоку зубамі ўгору барана, вілы або граблі. Да вострых рэчаў-абярогаў, якія павінны «злавіць» злыя сілы, належыць і грэбень, што дораць маладой. Хтосьці з кабетаў перад вяселлем сачыў, каб шчыліны ў хаце і надворных будынінах былі пазатыканыя чартапалохам ці колкімі галінкамі агрэсту, і клаў маладому і маладой у кішэню па галоўцы часнаку. Ад сурокаў маладым уторквалі ў адзенне колькі іголак і шпілек. Надзейным сродкам лічацца таксама нож або нажніцы, убітыя ў стол, за якім сядзіць вясельная пара. (У Прыдзвінні дагэтуль вераць, што калі кінуць нож у віхор, то можна забіць чорта, які яго круціць.)

На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сям’і, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы — ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.

На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў. Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў, што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.

Як і іншыя народы свету, нашы пра-пра-прадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» — разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў. 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 — чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая — з усходам, чырвоная і чорная — з поўднем і поўначчу. 4 — гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.

Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 — столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).

Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна — знічка.

У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнішча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў. Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі — «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.

Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора, — яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.

Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольнаплыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі сябе не рабамі ці слугамі божымі, а божымі родзічамі, Дажбогавымі ўнукамі. Адлёт душы (яе ўяўлялі маленькім двайніком чалавека) у вырай быў такі самы непазбежны, як сама смерць.