Выбрать главу

Памяць пра іх, першых вядомых асобаў нашай пісанай тысячагадовай гісторыі, не сцерлася, не сплыла па Дзвіне ў невараць, і гэта робіць нас сёння мацнейшымі.

Дасягнуўшы паўналецця, юнакі-крывічане здавалі своеасаблівыя іспыты на мужчынскую сталасць. Ім трэба было пераплысці хуткую ды глыбокую раку, зрабіць доўгі пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распаліць у залеву вогнішча, а яшчэ — абавязкова расказаць супляменнікам пра сваіх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў іх — не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралі, яго маглі наогул асудзіць на выгнанне, бо лічылася, што бяспамятны лёгка зробіцца здраднікам.

Ці шмат хто з нас, сённяшніх палачан, нашчадкаў крывічоў распавядзе пра свой род няхай не да пятага, а хоць бы да трэцяга пакалення?

Дык, можа, паспрабуем адрадзіць гэты звычай у нашых сем’ях?

Кім былі вашы дзяды, прадзеды? Якая памяць засталася ад іх?

Беражыце старыя дакументы. Занатуйце ацалелыя імёны, даты, усе звесткі пра свой род. Некалі гэтыя запісы будуць з гонарам працягваць вашы дзеці і ўнукі.

Сёння радавод шмат у каго можа атрымацца вельмі кароткім, але — паверце — усё адно адбудзецца дзіва: дзяды пачнуць дапамагаць вам.

АД РАГВАЛОДА ДА БРАЧЫСЛАВА

Калі вы знайшлі вольны дзень на падарожжа ў полацкую гісторыю, пераадолейце спакусу і пачніце яго не ад велічнай Сафіі, што, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, «плыве над Дзвіною, нібы карабель». Прыйдзіце спачатку на зялёны бераг Палаты, туды, дзе недалёка ад Чырвонага моста стаіць сціплая стэла з надпісам: «Гарадзішча. Помнік археалогіі IX стагоддзя».

Вось тут, за кіламетр ад галоўнага рачнога шляху — Дзвіны, і вырас першы, яшчэ цалкам драўляны Полацк, упершыню ўспомнены ў «Аповесці мінулых гадоў» у сувязі з дзяльбою гарадоў ноўгарадскім князем Рурыкам. Праз тры гады пасля гэтага, у 865-м, сюды прыйшло кіеўскае войска князёў Аскольда і Дзіра, што, як паведамляе Ніканаўскі летапіс, «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».

Ва ўсіх народаў дзяржава пачынаецца з горада. Тагачасны Полацк — гэта абнесены драўлянымі сценамі, абведзены валам ды ровам град-дзядзінец, а таксама неўмацаваны вакольны горад — пасад, дзе жылі рамеснікі. Яны сяліліся і каля княжага дзядзінца, і трохі далей, дзе цяпер гарадскі стадыён. Полацк меў тысяч пяць жыхароў — крыху меней за Кіеў і Ноўгарад і болей за любы іншы ўсходнеславянскі горад.

У 907, 911 і 944 гадах полацкія дружыны, даручыўшы лёс Перуну, выпраўляліся адсюль у паходы на далёкі Царгорад-Канстанцінопаль, сталіцу Візантыйскай імперыі. Паганскі бог вайны спрыяў продкам. Полацк мы знаходзім у пераліку гарадоў, якім Царгорад плаціў даніну. Сілу галоўнай крывіцкай цвярдыні ведалі і паўночныя суседзі. У скандынаўскіх сагах ён згадваецца дзесяткі разоў пад назваю Палцеск’я — ад старажытных усходнеславянскіх найменняў Полацеск, Полцеск, Полацьск. Аўтару адной сагі нават прымроіліся вакол горада каменныя сцены.

Кожны з нас сустракаўся з тым, што Полацк называюць «древнерусским городом», адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржавы, або Кіеўскай Русі. Але, па-першае, такой назвы — Кіеўская Русь — вы не знойдзеце ні ў адным летапісе. Па-другое, «дзяржава» гэтая была шматковая — нетрывалая, аб’яднаная сілаю зброі, а Полацк трапляў у яе зусім ненадоўга, супроць сваёй волі і заўсёды імкнуўся як найхутчэй вызваліцца. А па-трэцяе, «адзіная старажытнаруская народнасць» (гэтаксама, як і «адзіная старажытнаруская мова»), ад якой нібыта паходзяць тры ўсходнеславянскія народы, — міф, створаны дзеля абгрунтавання адвечных прэтэнзій маскоўскіх князёў і цароў на беларускія ды ўкраінскія землі. Логіка тут вельмі простая: паколькі мы, маўляў з аднаго кораня, значыцца, жыць павінны ў адной дзяржаве — зразумела, у расійскай.

Дзіўная рэч: усе славянскія народы вядуць адлік свайго жыцця з VI-VIII стагоддзяў а беларусы і ўкраінцы, калі верыць афіцыйным расійскім ды савецкім «герадотам», чамусьці выходзяць на гістарычную сцэну толькі стагоддзі ў XIV, быццам раней не мелі анічога адметнага. Аднак і летапісы, і старажытныя нашы храмы, і археалагічныя знаходкі абвяргаюць гэтыя выдумкі, сцвярджаючы, што мы — палачане, беларусы — вядзём сваю (не агульную з некім, а менавіта нашу ўласную, беларускую) пісаную гісторыю з таго самага гарадзішча на беразе Палаты.

Летапісы называюць Полацк сярод гарадоў, дзе сядзелі князі, якія прызнавалі старэйшым кіеўскага Алега. Разам з тым улада далёкага Кіева ніколі не была тут трывалай. Горад нашых продкаў імкнуўся жыць незалежна і будаваць сваю дзяржаву. Добрыя ўмовы гэтаму стварала выгаднае геаграфічнае становішча на шляхах, што звязвалі Арабскі халіфат і Хазарыю са Скандынавіяй і славянскім светам. Аб’яднанню прыдзвінскіх земляў спрыялі агульнасць прыродных умоў (а значыцца, і ладу жыцця) і, вядома, этнічныя асаблівасці тутэйшых жыхароў, у чыіх жылах змяшалася балцкая і славянская кроў.

Каб усталяваць у новых землях сваю ўладу, славяне павінны былі стварыць больш высокую сацыяльную арганізацыю — дзяржаву. Ад самага пачатку сваёй гісторыі Полацкае княства было не племянным, а тэрытарыяльным дзяржаўным утварэннем, дзе побач з крывічамі жылі дрыгавічы, а таксама рэшткі даўнейшага балцкага і, магчыма, фіна-угорскага насельніцтва. М. Ермаловіч слушна называе палачан «першай па часе мадэллю беларусаў».

У другой палове X стагоддзя ў Полацку кіраваў незалежны ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада князь Рагвалод. (Магчыма, ён быў сынам полацкай княгіні Прадславы, згаданай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Візантыя і кіеўскі князь Ігар.) Іначай кажучы, якраз у тыя часы і пачала існаванне першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.

На хаўрус з ёю мог разлічваць той, хто возьме за жонку Рагвалодаву дачку Рагнеду. Магла віраваць над Палатою вясельная бяседа з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і прысягамі на вечную ўзаемную вернасць. Гісторыя ж вырашыла па свойму: не рамейскае віно лілося на Рагнедзіным вяселлі, а кроў…

Спачатку Полацк прымаў сватоў ад кіеўскага князя Яраполка. Рагвалоду найвыгадней было, каб Кіеў ды Ноўгарад варагавалі, а крывіцкая дзяржава тым часам пашырала межы ды выходзіла на волакі, што злучалі Дзвіну з Дняпром і Ловаццю, дазваляючы трымаць у руках важную частку гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Але ў такім разе Полацк апынаўся паміж двух агнёў. Князь мусіў выбіраць і аддаў сваю прыхільнасць мацнейшаму, на яго думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і ўзялася рыхтавацца да замужжа. I тут неспадзеўкі заявіліся сваты з Ноўгарада, ад Уладзіміра Святаславіча. Другі Рагнедзін жаніх пакіне ў полацкай гісторыі глыбокі і страшны след, а таму пра яго асобу варта сказаць падрабязней.

Уладзімір даводзіўся ўнукам князю Ігару, з якім крывічы два разы хадзілі на Візантыю. Разам з вайсковым талентам лёс надзяліў Ігара страшэннаю сквапнасцю, якая яго ўрэшце і загубіла. Аднойчы ён пайшоў другі раз за год збіраць з племені драўлянаў даніну, выклікаў гэтым паўстанне і быў забіты.

Княгіня Вольга помсціла за мужаву смерць з нечалавечай вынаходлівасцю. Калі паслы ад драўлянаў прыехалі да яе з прапановаю ісці замуж за свайго князя Мала, яна загадала жыўцом закапаць іх у яме з гарачым вуголлем. Пасольства драўлянскіх баяраў адправіла мыцца ў лазню, дзе іх усіх спалілі. Пайшлі дымам драўлянскія гарады, ляцелі галовы знаных мужоў. Пяць тысяч мужчын забілі кіеўскія дружыннікі на трызне па Ігары. Злітавалася Вольга адно з дачкі ды сына драўлянскага князя — з малых Дабрыні ды Малушы. Дзяўчынку княгіня зрабіла сваёй рабыняй-ключніцай, тая спадабалася Вользінаму сыну Святаславу і нарадзіла яму Уладзіміра, які і захоча пазней парадніцца з Полацкам.

Уладзіміраў бацька ў жорсткасці не саступаў бабулі. Перамогшы ў адным з паходаў балгар, Святаслаў загадаў укрыжаваць або пасадзіць на палі (тонкія завостраныя бярвёны) дваццаць тысяч палонных. Далейшыя падзеі паказалі, што ў такіх справах Рагнедзін жаніх быў годным наступнікам сваіх продкаў.