У кабіне было цёмна. Трапіць мы ў яе ніяк не маглі, бо ў аўтобусах, што езьдзяць у нашым горадзе, кіроўца сядзіць за празрыстай перагародкай. Але ў перагародцы было акенца, у якое пасажыры перадаюць манэткі, каб купіць білеты. Ды што я вам расказваю, што вы, у аўтобусах ня езьдзілі? Хоць наўрад ці вам некалі даводзілася езьдзіць у такіх аўтобусах, якія гоняць, нібы з ланцуга сарваўшыся, зусім не туды, куды мусяць.
Празь перагародку мы зь Юляй бачылі, як кіроўца ўзіраецца ў цемру перад сабой. Цемру, якую разразалі надвое жоўтыя палосы сьвятла аўтобусных фараў. Кіроўца не зьвяртаў на нас ніякай увагі. Здавалася, ён наогул не варушыўся.
«Гэй! – закрычалі мы і загрукалі ў плястыкавую перагародку. – Спыніцеся! Прачніцеся! Гэй!»
Кіроўца нават не павярнуў галаву ў наш бок. Нібы ён выконваў нейкае заданьне і не зьбіраўся парушаць загад. Ён выглядаў так вусьцішна ў сваёй нерухомай паставе, што мне падалося, за стырном нашага аўтобуса сядзіць мярцьвяк.
Што, калі гэта быў зусім не аўтобус? А «лятучы галяндзец», пра які я чытаў? Сучасны карабель мёртвых?
І тады Юля прасунула руку ў акенца і ўхапілася за рукаў кіроўцы.
Вось жа адважная! Я б лепш засунуў руку ў пашчу тыгра, чым у гэтае акенца, ды яшчэ ў такі момант!
«Гэй! – крыкнула Юля, торгаючы кіроўцу за рукаў. – Ты што, звар’яцеў? Выпусьці нас адсюль!»
Яна пацягнула рукаў на сябе – і здарылася нешта жудаснае! Кіроўца паваліўся ў наш бок, так лёгка, як быццам ён быў проста лялькай, апранутай ва ўніформу!
Юля зараз жа схавала руку і завішчала.
«У яго мяккая рука! Мяккая рука!»
Здранцьвелыя, мы глядзелі, як кіроўца валіцца са свайго сядзеньня ўніз, на падлогу кабіны.
Цяпер за стырном не было нікога.
Аўтобус ляцеў наперад – і ім ніхто не кіраваў!
І тады я таксама закрычаў. А за мной і Анцік, які стаяў за нашымі сьпінамі.
«Гэта ўсё ты, Лявон! Ты пасадзіў нас у гэты чортаў аўтобус!» – румзаючы, лямантаваў Анцік.
І тады Юля замоўкла.
«Што ты сказаў?» – спытала яна.
«А што, няпраўда? Хто нам сказаў садзіцца ў аўтобус? Лявон! – заявіў Анцік, выціраючы сьлёзы. – Мы паедзем да маёй бабу-улі, яна прыду-умае…»
Перадражніваючы мяне, ён крыўляўся, а сьлёзы не пераставалі цячы зь ягоных зусім дзіцячых вачэй.
«Што, ня так?»
«Ты зноў успомніў чорта! – строга сказала Юля. – Так нельга. Чорт і так ужо даўно з намі! Вось ён, відаць, радуецца, калі мы яго клічам!»
«Тады пакліч свайго божаньку! – крыкнуў ёй Анцік. – Хай ён нам дапаможа! Што маўчыш?»
«Трэба нешта рабіць, а не крычаць і румзаць», – сказала Юля.
«Давайце станем каля вокнаў і будзем махаць рукамі, – прапанаваў я. – Можа, нас заўважаць і зразумеюць, што мы трапілі ў бяду! І прыдумаюць, як спыніць гэты вар’яцкі аўтобус!»
Мы кінуліся да вокнаў і пачалі грукаць у іх і крычаць, хто як мог. Бо аўтобус якраз пралятаў па вуліцы нейкай ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Абапал вуліцы стаялі невялікія дамы, абнесеныя платамі, дзе-нідзе ў дамах гарэла сьвятло, а на ўзбочынах нават стаялі ліхтары, асьвятляючы самотных людзей, што сьпяшаліся дахаты ў насунутых на галовы капюшонах.
На сэкунду мне падалося, што ў акне аднаго з дамоў была відаць вялікая кампанія дарослых, якія сядзелі каля каміна з келіхамі ў руках, і ў адной жанчыны на каленях ляжаў сабака. А яшчэ мне падалося, усяго толькі на нейкае імгненьне, што сярод тых дарослых у ярка асьветленым акне я разгледзеў сваіх маму і тату. І ў мамы на плячах быў пухнаты плед, а ў таты на каленях талерка, поўная гарачых закусак.
Але той дом зь ярка асьветленым акном мільгануў і зьнік. Аўтобус праляцеў праз гарадок, нібы мэтэор, і зноў выскачыў на цёмную шашу. Мы бачылі толькі дарожныя знакі, што сьвяціліся ў змроку, цёмны край блізкага лесу і бясконцыя чорныя прасьцірадлы начных палёў.
«Так, – сказала Юля. – Я палезу ў кабіну і пастараюся зрабіць так, каб мы затармазілі! А вы трымайце мяне за ногі!»
«Ты што! Ты туды галаву не прасунеш!» – сказаў я.
Юля адмахнулася. Вось жа ўпартая. Яна стала на сядзеньне і пастаралася прасунуць галаву ў акенца кабіны. Спачатку ў яе нічога не выходзіла, але Юля напружылася – і, падраўшы сабе вуха, усё ж апынулася ў кабіне. Праўда, толькі галавой.
«Цяпер руку!» – пачулі мы яе голас.
«Трэба было спачатку руку, а потым галаву, дурніца!» – пакруціў пальцам каля скроні Анцік.
«Які ты разумны! – накінуўся я на яго. – Можа, лепш цябе туды засунем? Ты дакладна пралезеш!»
«Шкада, што нельга адшпіліць сабе руку, – пачулі мы прыдушаны Юлін голас. – Калі-небудзь вучоныя прыдумаюць, як можна разьбіраць сябе на часткі! Так, каб потым зноў сабраць!»