«Дваццаць тысяч, – уздыхнуў уражаны Анцік. – Ня можа быць!»
«Можа», – сказаў я.
«Як жа нас знойдуць? А калі гэтая рэчка ўпадае ў іншую рэчку, а тая ў іншую, а тая ў Чорнае мора? Значыць, нас могуць знайсьці ў Міжземным?» – задумалася Юля.
«Не, нам трэба выбрацца адсюль і вярнуцца ў Менск», – цьвёрда сказаў я.
Вакол нас ціха плёскалася вада.
«Значыць, мы не патонем?» – спытаў Анцік.
«Пакуль што не… – сказаў я, з трывогай узіраючыся ў акно. – Нешта нясе нас наперад. Нібы на сьпіне. Можа, плынь ракі, а можа…»
«Што можа?»
«Столькі ўсяго адбылося, што ўжо і ня ведаеш, ці ёсьць ва ўсяго гэтага тлумачэньне…» – сказаў я і пазяхнуў.
«Спаць хочацца», – замахаў рукой у сябе перад носам Анцік, нібы адганяў нейкіх сонных мух.
«Нельга», – прамармытаў я. – «Скажы, Юля?»
Але Юля ўжо й сама задрамала пад ціхі плёскат вады і шум дажджу. Я хацеў яе пабудзіць, але паваліўся носам на яе плячо і таксама заплюшчыў вочы.
Разьдзел чацьверты
Я прачнуўся ад холаду і, не расплюшчваючы вачэй, пачаў намацваць рукамі коўдру. Мне абавязкова трэба было дасьніць свой сон, бо ў гэтым сьне я кіраваў машынай – сапраўднай машынай, чорным легкавіком, які імчаў па вуліцы і слухаўся кожнага майго руху. Як жа гэта было файна! Я толькі што прыехаў на вуліцу, дзе ўсе мяне ведалі, і я ўжо адчуваў, як яны зараз пабачаць мяне за стырном прыўкраснага аўто, а я прытармажу і апушчу акно, і тады…
Што тады?
Замест цёплай коўдры я намацаў нешта мокрае і халоднае. Побач пачулася ціхае ўсхліпваньне. Я ўжо нічога не разумеў. Хто гэта мог румзаць у маім пакоі? У нас дома такое было не прынята. Я прыбраў руку і нарэшце адплюшчыў вочы.
Перада мной сядзеў Анцік і глядзеў проста мне ў твар, а зь ягоных вачэй ліліся сьлёзы. І сядзелі мы зусім не ў маім пакоі, а ў пустым, сырым і халодным аўтобусе, і ў Анціка з рота ішла пара, а за вокнамі быў толькі непраглядны белы туман.
«Ты што?» – ускочыў я і раззлавана замахаў на Анціка здранцьвелымі рукамі, бо на імгненьне мне падалося, што гэта ўсё ягоныя жарцікі.
«Я хачу дахаты!» – крыкнуў Анцік сваім знакамітым басам і зноў зарумзаў.
І тады я адразу ўспомніў, у што мы ўляпаліся. Успомніў, выцер рукі аб прамерзлае сядзеньне і адвярнуўся, бо зусім ня ведаў, што нам цяпер рабіць.
Вы калі-небудзь прачыналіся ў аўтобусе? Зусім адны ў халодным аўтобусе, у якім ратаваліся ўначы ад нейкай містычнай сілы, аўтобусе, які ледзь не патануў у рацэ і кіроўца якога аказаўся лялькай? У аўтобусе, што захрас невядома дзе ў лесе, сярод туману? Калі так, дык вы можаце ўявіць сабе, што я адчуваў у той момант. Але чамусьці мне здаецца, што вам ніколі не даводзілася прачынацца ў гэткіх вясёлых абставінах. Ну, цалкам магчыма, усё яшчэ наперадзе, скажу я вам. Ніколі не загадвайце на будучыню, што з вамі можа здарыцца. А што да Анціка, дык я, вядома ж, паспрабаваў яго супакоіць:
«Я таксама хачу дахаты, Анцік! Як і ты. Мы выберамся. Пабачыш. Чэснае слова!»
«Я хачу есьці!»
«Я таксама, – сказаў я. – Давай пашукаем штосьці».
«Я хачу ў туалет!»
«Рабі пад сядзеньне, – сьмела прапанаваў я. – Я адвярнуся. Толькі не пад маё, калі ласка!»
«Я хачу дамоў!»
«Мы блізка ад гораду, – сказаў я так упэўнена, як толькі мог. – Мы ж не ў пустыні Калахары. Да вечара вернемся! Знойдзем людзей і… А дзе Юля?»
«Я ня ведаю! – зноў зарумзаў Анцік. – Можа, яе ў сьне скралі?»
«Хто? – я ўжо быў не на жарт устрывожаны. – Дзьверы ж зачыненыя!»
«Хто? – Анцік паглядзеў на мяне і раптам сьцішыў голас. – Той, хто прывёз нас сюды…»
Я паглядзеў у бок кабіны кіроўцы. Там не было нікога – але набліжацца да кабіны мне зусім не хацелася. Трэба было знайсьці Юлю. Я асьцярожна прайшоўся ўздоўж сядзеньняў, у самы канец, потым вярнуўся, паглядзеў сьпераду, набраўся адвагі і ўсё ж зазірнуў у кабіну… Юлі нідзе не было.
«Глядзі! Люк! – сказаў Анцік, паказваючы пальцам угару. – Ён адчынены!»
І праўда. Проста над намі быў люк, празь які мы бачылі адно белую сьцяну туману. Гэты туман пачаў ужо запаўзаць у аўтобус – бялявае воблачка вісела над поручнямі, і я, ускочыўшы на сядзеньне, адагнаў яго рукой. Але воблачка не расьсеялася, яно быццам учапілася за маю руку і цяпер павісла на ёй, і мне давялося зрабіць некалькі рэзкіх узмахаў, каб яно адплыло на сваё месца. Відаць, Юля здолела залезьці сюды сама, па поручнях, і выбрацца вонкі, на дах. А калі змагла Юля, трэба было пастарацца і нам.
Я паставіў Анціка на сядзеньне, залез яму на плечы і, трымаючыся за поручань, падцягнуўся да адчыненага люка і высунуў галаву.
Мая галава апынулася ў такім густым тумане, што я папросту асьлеп. Нібы я засунуў галаву ў птушынае малако. Анцік нешта крычаў мне зьнізу, але я ня чуў. Туман ахутаў маю галаву, быццам шапка. Але мінула мо якая хвіліна, і я звыкся – і мне нават падалося, што ў гэтым ёсьць нешта прыемнае. Туман надаў мне бадзёрасьці, і я паднатужыўся і вылез на дах. Я быў на свабодзе – і гэта адразу ўзьняла настрой. Выцягнуць з аўтобуса Анціка аказалася не такой лёгкай справай. Але вось мы ўжо абодва стаялі на даху і ўдыхалі пах ранішняга лесу. Лес быў зусім блізка, лес цямнеў між туману – дрэвы, як нейкія волаты ў чорнай форме, абступілі наш аўтобус і чакалі, што мы будзем рабіць далей.