У бацькоўскай спальні я апошнім часам бываў рэдка, мне нельга было заходзіць сюды без дазволу. А цяпер, у цемры, гэты пакой наогул падаваўся мне нейкім незнаёмым. Я глядзеў на камоду ў куце і ня мог зразумець: яна тут заўсёды стаяла ці яны яе купілі, калі я ўжо вырас. Купілі і нічога мне не сказалі?
«Ну загадка!» – гучна сказаў Анцік, махнуўшы рукой, і ягоная сьвечка імгненна згасла. У пакоі адразу зрабілася яшчэ цямней – і мы неўпрыкмет прысунуліся бліжэй адно да аднога.
«Малайчына, – сказала Юля. – Хто ж дыхае на сьвечку ў такой цемнаце? Мог бы і памаўчаць, калі ня можаш сказаць штосьці разумнае».
Анцік гучна засоп, ён заўсёды так рабіў, калі пачуваўся пакрыўджаным і думаў, што б такога сказаць у адказ. Але цяпер нам было не да Анціка.
«Кабіне-етаві-іч!» – ціхенька паклікала Юля, узіраючыся ў цямрэчу калідора, і мы павярнуліся ўсьлед за ёй туды, але ніхто не адгукнуўся.
«Так ён цябе і пачуў», – помсьліва прамовіў Анцік.
І тут зусім блізка ад нас раптам нешта рыпнула. Нібы хтосьці хаваўся проста за адчыненымі дзьвярыма і толькі й чакаў, што мы яго паклічам. Мы скалануліся ад жаху. Нехта ззаду зьнянацку дакрануўся да маёй шыі – лёгка, халоднымі пальцамі… Я адчуў, як маё сэрца падскочыла, як мяч.
Фух. Фіранка. Вецер з адчыненай форткі ўзьняў яе край і кінуў у мой бок. Фіранка павольна апусьцілася, яе край зноў схаваўся за сталом, і я з палёгкай выдыхнуў.
«Там жа нікога няма, праўда? – сказаў Анцік, які стаяў побач са мной з заплюшчанымі вачыма. – Лявон, скажы, што мы адны ў кватэры!»
«Адны», – пачулі мы Юлін голас, і я вырашыў, што ня буду баяцца, што б ні здарылася. Усё ж я быў тут гаспадар. Хоць у хаце маёй было цяпер цёмна, як у труне.
«Зараз Кабінетавіч прыйдзе, і ўсё зробіцца добра. Падумаеш, у прыбіральню чалавек выйшаў на хвілінку», – сказала Юля, а сама ўзяла мяне за руку, каб не баяцца, і рука ў яе была ледзяная.
«Можа, ён выйшаў, калі мы пробкі правяраць хадзілі? – здагадаўся я. – Пайшоў нас шукаць. Зараз вернецца і…»
Мы ўсе разам павярнуліся да дзьвярэй, але ў кватэры цяпер была мёртвая цішыня. Нават супэрсучасная супэрбясшумная і супэрэканамічная лядоўня, якую нядаўна купілі бацькі, маўчала – хоць раней я чуў яе нават празь дзьве сьцяны. Зразумела чаму. Электрычнасьць жа вырубілася.
«А можа, ён затаіўся недзе і чакае? Гэты Кабінетавіч? Мы выйдзем, а ён як накінецца ў цемнаце?» – прашаптаў Анцік.
«Навошта гэта яму на нас кідацца?» – недаверліва спытала Юля.
«Ну, каб пажартаваць».
«Не, Кабінетавіч не такі чалавек, – сказаў я. – Ён жа раман піша. Адкуль яму ведаць, што такое жарты».
«Раман? – перапытаў Анцік. – А што гэта?»
«Ну, – сказаў я важна, хоць сам цьмяна сабе ўяўляў, што гэта такое. – Ну… Гэта такая вялікая кніга для дарослых. Вельмі тоўстая і сур’ёзная. Дзе апісваюцца розныя героі. І што яны думаюць».
«А пра што яны думаюць?» – не адчапляўся Анцік.
«Пра што захочуць, пра тое і думаюць, – раззлаваўся я. – Якая розьніца. Вырасьцеш, даведаешся».
«Ці спытаеш у Кабінетыча, – падтрымала мяне Юля. – Калі ён знойдзецца. Толькі наўрад ці ён захоча з табой размаўляць. Ты ж наймалодшы з нас, забыўся?»
Анцік зноў засоп. Мне раптам зрабілася яго шкада.
«Слухайце, – сказаў я. – Мне гэта не падабаецца. Мы так пасварымся хутка. І без усялякай прычыны. Такі дзень быў файны. І вось табе маеш. Вы заўважылі, як у нас настрой зьмяніўся? Усе нейкія злосныя зрабіліся…»
«Гэта таму што цёмна, – сказаў Анцік. – І есьці ўжо хочацца. Ты казаў, там на кухні семкі? Юля, ты такая сьмелая, можа, сходзіш хуценька?.. Туды і назад? А?»
«Давайце я бацькам патэлефаную, – вырашыў я. – Пацерпіш».
Мы выйшлі зь цёмнай спальні, я навобмацак знайшоў сярод падушак на канапе свой мабільны і набраў тату, але ён не адказваў. Тады я набраў маму, але і яна не падняла трубку. Напэўна, і праўда таньчаць там, на лецішчы. Уключылі музыку на ўсю катушку – вось і ня чуюць. Бацькі, называецца. Забаўляюцца сабе недзе за горадам, а пра сына і забыліся. Мой тэлефон, між іншым, амаль разрадзіўся, а электрычнасьці не было. Вось захочуць мне пазваніць, праверыць, як я тут маюся, ці жывы, ці дыхаю яшчэ, а ня змогуць. Можа, я тут у лужыне крыві даўно валяюся. Ці алергія пачалася. Хай тады свайму Кабінетавічу тэлефануюць. Таму самаму Кабінетавічу, які загадкава зьнік і ніхто ня ведае, дзе яго шукаць. Кінуў нас адных. А яшчэ дарослы чалавек. Раманіст. Ну окей. Хай тады бацькі кусаюць локці. Самі яго паклікалі. Я б і безь яго спакойна пераначаваў. Не маленькі.
Анцік і Юля, ледзь бачныя ў цемры, моўчкі сачылі за маімі спробамі дазваніцца. Я чуў, як яны напружана дыхаюць.