«Вам, мабыць, дахаты пара, – спахапіўся я, зірнуўшы на гадзіньнік свайго мабільнага. – Юль, твае бацькі, відаць, ужо хвалююцца. І твае, Анцік. Вас жа толькі да дзевяці адпусьцілі, а ўжо дзясятая гадзіна».
І зноў мой голас задрыжаў. Бо, шчыра кажучы, сёньня мне зусім не хацелася заставацца на ноч аднаму ў пустой і цёмнай кватэры. І нават калі б сьвятло ўключылі – хто захоча начаваць у адзіноце пасьля такіх дзіўных здарэньняў.
«Слухай, Лявон, – сказала Юля, нібы прачытаўшы мае думкі. – Я лічу, цябе нельга пакідаць тут аднаго. Зараз я сваім бацькам пазваню і скажу, што застануся ў цябе да раніцы».
Я з сумневам паглядзеў у той бок, дзе яна сядзела. Яе твару не было відаць, але я бачыў, як бялеюць у цемры зубы. Яна што, усьміхалася?
«Але бацькі цябе не адпусьцяць, я іх ведаю», – сказаў я і ўздыхнуў.
Рэч у тым, што Юліны бацькі верылі ў Бога. Божанька ўсё бачыць, расказала нам неяк Юля, і няясна было, яна сама так думае ці ёй трэба так думаць, каб бацькі на яе не сердавалі. Як гэта ўсё ж складана: жыць, верачы ў Бога. Калі ня можаш нікуды схавацца, нават на хвілінку. Вось мае бацькі, напрыклад, лічылі, што ў дзіцяці павінен быць свой пакой. А ў Юлі свайго пакоя не было. То бок ён быў, канечне, але які ж гэта свой пакой, калі з табой увесь час жыве Бог. Нібы старэйшы брат ці сястра. А яшчэ Бог чамусьці не любіў, калі Юля начавала ня дома. І хоць яна ніколі гэтага не рабіла, Бог усё роўна быў супраць.
Цікава, падумаў я: калі Бог і праўда існуе, ці бачыць ён у цемры? Што ён бачыць, калі ў кватэры выключаецца электрычнасьць? Ці бачыць ён нас? Я ўпотай пакалупаўся пальцам у носе, але Бог пакуль што прамаўчаў. Можа, не заўважыў проста. А можа, убачыў і запомніў. І паставіў птушку насупраць майго імя. Калі Юліных бацькоў паслухаць, неяк так ён і дзейнічае. Запамінае, хто чаго нарабіў – а потым бабах. У самы неспрыяльны момант.
«Я таксама пазваню і адпрашуся! – заявіў Анцік. – Тут такая таямніца, а я што, спаць мушу ісьці? Знайшлі дурнічку!»
«Ну, цябе ўжо дакладна не адпусьцяць, – сказаў я. – Цябе нават у лес з намі тады не адпусьцілі, памятаеш? Калі я руку зламаў».
«А, гэта калі Юлю міліцыя да ночы з сабакамі шукала? – сказаў Анцік. – Дык гэта яшчэ ў дзяцінстве было. Знайшоў што ўспомніць».
«Эх, цудоўны быў час, – сказала Юля. – Добра. Зараз я сваім пазваню. Штосьці прыдумаем».
Дзіва дзіўнае. Я б і не паверыў, калі б не сядзеў поруч. Юліны бацькі дазволілі ёй застацца ў мяне да раніцы! Юля і сама зьдзівілася, як лёгка яны пагадзіліся. «Такое адчуваньне было, што яны ўжо даўно сьпяць, – уздыхнула яна. – Нейкі сонны голас у таты… Нібы і не ягоны. А потым гэтыя людзі будуць казаць, што за мяне хвалююцца. Ага, як жа ж».
Вядома, яна ні слова не сказала сваім бацькам пра тое, што ў нашым доме няма сьвятла. Але хіба яна схлусіла? Не, пераконваў я сябе. Яна проста не сказала. А гэта зусім іншая рэч, чым схлусіць. Схлусіць – значыць сказаць няпраўду. А не сказаць няпраўду – значыць сказаць праўду. То бок Юля сказала ім праўду, што хоча застацца ў мяне пераначаваць, і не сказала ім няпраўду, што мяне пакінулі дома ў самоце, бо якая ж гэта самота, калі мяне пакінулі з Кабінетам Кабінетавічам. Натхнёны лягічнай хадой сваіх думак, я пакрысе супакоіўся і вырашыў узяць стырно ў свае рукі.
«Толькі не хлусі», – строга сказаў я Анціку перад тым, як ён сеў званіць.
«І не сапі ў трубку, – сказала Юля. – А то яны падумаюць, мы табе тут нож да горла прыставілі».
І вось мы селі бліжэй да Анціка і напружана сачылі, як ён набірае нумар.
«Усё добра, мам, – прасоп Анцік, прыціскаючы тэлефон да вуха. – Нармальна, ага. Паелі. Ага. Мам? А гэта праўда ты?»
Мы зьдзіўлена зірнулі на Анціка. Як можна пра такое пытацца ва ўласнай маці?
«А можна… – лісьліва сказаў Анцік. – Мам, а можна мне застацца ў Лявона? Да раніцы? Ура! Дабранач!»
Ён кінуў тэлефон на падушку.
«Гэтага проста ня можа быць», – сказаў я.
«Чаму?» – спытаў Анцік.
«Таму што я ведаю вашых бацькоў. Яны б ніколі не дазволілі вам начаваць у мяне. Нават калі б яны не былі супраць, сказалі б: паклічце спачатку да тэлефона кагосьці з дарослых».
«Але бачыш, Лявон, усё скончылася добра, – сказала Юля. – Мы з табой. Сьвятла няма, затое ёсьць загадка. Куды падзеўся Кабінет Кабінетавіч? Прапаную вярнуцца ў яго кабінет і ўсім разам добра падумаць!»
Па чарзе, стараючыся не азірацца, мы зноў прайшлі па цёмнай кватэры ў спальню маіх бацькоў. Ноўтбук на стале ўсё гэтак жа сьвяціўся ў змроку, а за акном гарэў ліхтар, але ён быў на іншым баку вуліцы, далёка ад нас. Далёка, як поўня, падумаў я. Хоць якая поўня ў такое надвор’е.
«Давайце адчынім акно, – сказаў я. – Гэта адзіны шлях, якім ён мог уцячы. Паглядзім, ці не засталося сьлядоў».