Выбрать главу

Сяргей Чыгрын

ТЭАТР У СЛОНІМЕ

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Тэатр у Слоніме, Гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. — Слонім: Слонімская друкарня, 2008.

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Леў Сапега ў Слоніме

У маім хатнім архіве захоўваецца копія акта Слонімскага раённага краязнаўчага музея ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас Другой сусветнай вайны слонімскія каштоўнасці. Сярод пералічаных скарбаў, якія зніклі са слонімскага музея, пад нумарам адзін запісана шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай касці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.). Дзякаваць Богу ў музеі да сённяшніх дзён захоўваецца Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, перавыдадзены па-польску ў 1648 годзе. Гэта адзіны дакумент, які сёння нагадвае пра выдатнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегу, які на працягу 47 гадоў быў старостам слонімскім і пакінуў значны след на зямлі Слонімскай.

Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, ведае, што ў лютым 1584 года Леў Сапега ў рангу пасла ВКЛ быў накіраваны ў Маскву да цара Івана IV, каб вырашыць шэраг памежных пытанняў і абмяняцца ваеннапалоннымі. Аднак пасольства часова затрымалі ў Мажайску, бо якраз у сакавіку 1584 года памёр Іван Грозны. Тым не менш, нашы паслы дабраліся да рускага цара Фёдара Іванавіча і былі ім прынятыя. Перамовы адбыліся на належным узроўні, падчас якіх было падпісана перамір’е, а Льву Сапегу ўдалося вызваліць каля 1000 ліцьвінаў. За ўдалую дыпламатычную місію Леў Сапега 2 лютага 1585 года атрымаў пасаду падканцлера Вялікага княства Літоўскага, а 20 ліпеня 1586 года атрымаў пажыццёва Слонімскае староства. Сюды ўвайшлі двары і маёнткі Слонімскага павета — Авішчы (Вітараж), Альба (Косаў), Востраў, Бароўка, Бацікі, Белавіца, Бліжня, Була, Бусячы, Вязавец (Вензавец), Дзярэўна, Езерніца (Азярніца), Здзетэль, Здзітаў Стары, Ількавічы, Ладэніца, Ласосна, Мерачоўшчызна, Палонск, Пярвалкі, Радванае, Ружаны, Сідараўшчызна, Шапякі, Явар. Яшчэ да 1611 года Леў Сапега атрымаў у пажыццёвую спадчыну Слонімскае лясніцтва, адзін двор па смерці Эразма Баркоўскага (у 1599 годзе), а таксама прывілей вялікага князя, паводле якога яго жонцы давалася права на трыманне Рэтаўскага і Блудзенскага старастваў. А горад Слонім стаў галоўнай рэзідэнцыяй канцлера. Фінансавыя магчымасці Льва Сапегі хутка пачалі расці, таму ён мог не толькі сам набываць мноства двароў, але і даваць у пазыку наяўныя грошы. Напрыклад, мінскі ваявода Ян Пац 27 чэрвеня 1600 года выдаў яму пазыковы акт на 625 коп грошай. Зыходзячы з ускосных сведчанняў, Леў Сапега меў шмат даўжнікоў. Аднак асноўныя фінансавыя выдаткі ён выкарыстоўваў для набыцця ўсё новых і новых двароў (Лазутка Станіслаў. Леў Сапега (1557-1633). Магілёў, 2004. С. 65).

Але Леў Сапега не толькі набываў для сябе новыя ўладанні, ён хутка стаў сапраўдным магнатам і быў даволі шчырым чалавекам. Ён пачаў дарыць некаторыя свае ўладанні сваякам і сябрам. Кузіне Раіне Сапежанцы і яе мужу Грыгалю Трызне Сапега падараваў фальварак Булы, а вёску Бароўка ахвяраваў слонімскаму маршалку Аврааму Мялешку і яго жонцы Багдане…

Леў Сапега любіў Слонім. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя сеймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі.

У слонімскім замку знаходзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аустэрыяў. У 1595 годзе слонімскі староста аднавіў (спалілі крымскія татары ў 1506 годзе) касцёл Святога Андрэя. Пазней ён быў перабудаваны, а сучасны выгляд набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў), касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён выдзяляецца сваім адметным архітэктурным стылем. У часы Льва Сапегі касцёл Святога Андрэя ў Слоніме ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі нават Сымон Будны і Пётр Скарга.

Акрамя касцёла Святога Андрэя чальцы сапегаўскай дынастыі ўзвялі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для рэгулярных лютэранскіх канонікаў. Акрамя гэтага Сапегі спрыялі распаўсюджванню ў Слоніме школаў ды калегіумаў, якія дзейнічалі пры гарадскіх касцёлах і цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі, як піша Валянцін Дубатоўка ў сваёй кнізе “Архіпелаг Сапегаў”, існавала “адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарня, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага княства Літоўскага”.