Выбрать главу

У 1968 годзе калектыў Слонімскага народнага тэатра узначаліў малады рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Сваю творчую кар’еру рэжысёр вырашыў пачаць з купалаўскай “Паўлінкі”. А слонімцы з цікавасцю чакалі гэтай прэм’еры. І яна адбылася 12 снежня 1968 года. Трэба адзначыць, што самадзейныя артысты працавалі тады з захапленнем. Яны ведалі, што ім цяжка канкурыраваць з прафесійнымі дзяржаўнымі тэатрамі, але жаданне сказаць “сваё слова” брала перавагу. Да таго ж народныя сакавітыя характары, чароўная і маляўнічая мова, востра камедыйныя сітуацыі былі добрай школай для аматараў сцэны.

Першай вартасцю спектакля ў Слоніме стала вернасць выканаўцаў драматургічнай аснове – п’есе Янкі Купалы. Пры ўсіх прыватных недахопах, спектакль заваяваў гледача, прынёс радаснае пачуццё сустрэчы з даўно знаёмай усім беларусам п’есай у новым – старанным і трапяткім – выкананні. Артысты народнага тэатра здолелі так сыграць некаторыя эпізоды, што ўспрымаліся яны, як новыя, як адкрыццё. І зала сустракала смехам Агату, якая кажа, нібы вось тут, зараз на сцэне, знаходзіць гэтыя словы: “Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць у ночы неспакойства...”.

І далей глядач з непасрэдным пачуццём сачыў за тым, як разгортваліся падзеі. Актыўнае ўзаемадзеянне залы і сцэны працягвалася аж да заключнай рэплікі Сцяпана Крыніцкага: “Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і скончылося!”.

Яркімі, маляўнічымі рысамі характару надзяла сваю гераіню тады выканаўца ролі Паўлінкі Святлана Варвашэвіч (жыве цяпер у Свіслачы). Яна перадала прывабнасць і душэўную прыгажосць сялянскай дзяўчыны. У спектаклі гледачы яе ўбачылі і вясёлай, і жыццярадаснай, і задумлівай, і пакутаючай. І гэтыя змены настрояў у гераіні былі жыццёва апраўданыя, гранічна натуральныя і заканамерныя.

Цікава іграў ролю Пранцыся Пустарэвіча артыст народнага тэатра Андрэй Каханоўскі. Яго Пустарэвіч быў весялуном, жартаўніком, які любіў пагутарыць з моладдзю. Крыху Пустарэвіч атрымаўся баязлівым, але стараўся не паказваць гэтага. Ён пакрыкваў на жонку, хоць і пабойваўся яе. Артыст іграў свайго героя свабодна і лёгка. І падабаўся гледачам. Дарэчы, Андрэй Каханоўскі некалі быў акцёрам у тэатры Уладзіслава Галубка.

Слонімскаму артысту Аляксандру Гуку ўдалося знайсці свае фарбы для вобраза Адольфа Быкоўскага. Малады акцёр тады не пайшоў на простае капіраванне вобразаў, створаных прафесійнымі майстрамі, як часта робяць некаторыя выканаўцы гэтай ролі на самадзейнай сцэне. Праўда, ён іншы раз збіваўся, нават траціў псіхалагічную праўду ў паводзінах свайго героя.

Ролю Сцяпана Крыніцкага ў тым спектаклі сыграў сам рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Іграў яго энергічным, хітраватым і не вельмі шчодрым. Выканаўцу ўсё ж удалося знайсці адпаведны грым, дакладныя дэталі ў характары, у манерах.

Удумліва і праўдзіва іграла Альжбету Людміла Клімовіч. Яе Альжбета была мяккай, душэўнай, не мітуслівай жанчынай, якая тонка адчувала гумар і жарт.

Жывым, вельмі шчырым і непасрэдным атрымаўся ў спектаклі Якім Сарока, якога сыграў Анатоль Цярэнін. Якім у артыста атрымаўся па-юначаму гарачым, крыху фантазёрам з чыстай душой. Гэта быў першы выхад маладога самадзейнага артыста на слонімскую сцэну.

Жывасць дыялогу, яркасць вонкавага малюнку і паводзін персанажаў п’есы вызначылі мастацкую своеасаблівасць той “Паўлінкі”. Нацыянальную характэрнасць прыдавалі спектаклю і народныя матывы ў дэкарацыях (мастак Пётр Слезнік) і ў музычным афармленні (кампазітар Міхась Гарабец), пабудаваным на народных мелодыях і песнях.

Тэатральны крытыкі адзначылі і асобныя пралікі спектакля “Паўлінка”. Напрыклад, некаторым маладым выканаўцам яшчэ не хапала артыстычнага майстэрства, выканаўчай культуры. Але затое была ўласціва тая шчырасць, якая маецца і заўсёды характэрна для народнага мастацтва.

Аб той “Паўлінцы” на слонімскай сцэне згадалі многія беларускія газеты. Газета “Звязда” 21 снежня 1969 года пісала: “Рабочыя саўгаса “Сасноўка” задоўга да пачатку спектакля запоўнілі памяшканне Яруціцкага сельскага клуба. У гэты вечар Слонімскі народны тэатр паказаў хлебаробам сваю новую работу па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”. Спектакль вельмі спадабаўся сельскім гледачам...”. А “Гродненская правда” (20 сакавіка 1969 г.) пра “Паўлінку” падкрэсліла: “Мы расходимся, унося с собой хорошие впечатления, простив некоторые недостатки этого весёлого и яркого спектакля…”.

У 1986 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч зноў вяртаецца да купалаўскай камедыі. Шэсць першых прадстаўленняў “Паўлінкі” адбыліся ў Слоніме, а сёмае – на сцэне вучэбнага тэатра Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Мінска і жыхарамі сталіцы. Тыднёвік “Літаратура і мастацтва” 6 чэрвеня 1986 года паведамляў: “Добры акцёрскі ансамбль, рэалістычная сцэнаграфія (афармляў спектакль рэжысёр-пастаноўшчык), музычная партытура спектакля яшчэ раз засведчылі высокі творчы ўзровень вядомага ў рэспубліцы народнага тэатра”.