Выбрать главу

Тэрэза глянула на Бернара. Той схiлiўся над талеркай. Ён сядзеў спiной да святла, i рысаў твару яго нельга было разгледзець. Затое добра чутно, як старанна жуе, перажоўвае i чмякае гэты чалавек, для якога абед заўсёды быў свяшчэннадзействам. Яна ўстала з-за стала. Свякроў цiха сказала: "Тэрэзе непрыемна, калi заўважаюць яе недамаганнi... Я хацела ёй памагчы, але ж яна так не любiць, калi пра яе клапоцiшся. Гэтыя прыступы... А што зробiш... Без iх не бывае... Але адно скажу: залiшне яна цяпер палiць. А потым пайшлi ўспамiны пра ўласную цяжарнасць: "Вось помню, калi я чакала Бернара, мне абавязкова трэба было нюхаць гумавы мячык... толькi гэта i памагала".

- Тэрэза, дзе ты?

- Тут, на лаўцы.

- А, бачу тваю цыгарэту.

Анна садзiцца побач, прыцiскаецца галавой да нерухомага пляча сяброўкi, глядзiць на начное неба i кажа: "Ён таксама бачыць гэтыя зоркi..." А потым:

- Пацалуй мяне, Тэрэза!

Аднак Тэрэза i не думае нахiляцца да гэтага даверлiвага тварыку, а толькi пытаецца:

- Табе цяжка?

- Не, сёння ўжо лягчэй. Я зразумела, што б там нi было, мы ўсё роўна будзем разам. I цяпер я супакоiлася. Галоўнае - каб ён ведаў гэта. I я хачу, каб ты перадала яму мае словы. Я згадзiлася ехаць. Але, калi вярнуся, я пайду напралом. Нiхто мяне не ўтрымае. Рана цi позна я назаўсёды прытулюся да яго сэрца. У гэтым я ўпэўнена, як i ў тым, што я жыву. Толькi ты, Тэрэза, хоць ты не чытай мне маралi i не гавары пра гонар сям'i...

- Ды не пра сям'ю я думаю, дарагая, а пра яго i цябе. Хiба так можна ўрывацца ў жыццё мужчыны: у яго, дарэчы, свая сям'я, свае iнтарэсы, свая работа, а можа, нават i сувязь з жанчынай...

- Не, ён сам мне сказаў: "У маiм жыццi толькi вы адна..." i яшчэ: "Наша каханне - гэта адзiнае, чым я даражу ў гэтую хвiлiну".

- У гэтую хвiлiну?!

- Ты што, падумала, што ён меў на ўвазе толькi адну тую хвiлiну?

Больш пытацца ў Анны, цi пакутуе яна, патрэбы не было: у цемры Тэрэза ўгадвала па голасе, адчувала ўсёй сваёй iстотай, як трывожна i балюча б'ецца дзявочае сэрца. Але яна не шкадавала Анны. А нашто яе шкадаваць? Як жа гэта павiнна быць прыемна i соладка - паўтараць iмя чалавека, з якiм ты звязана сэрцам, каханнем! Адна думка, што ён жыве, дыхае, засынае, прачынаецца на досвiтку, i яго маладое цела iмкнецца праз ранiшнi туман...

- Ты плачаш, Тэрэза? Гэта таму, што я... Тэрэза, ты моцна мяне любiш, скажы?

Анна апускаецца на каленi, прыцiскаецца галавой да яе жывата i раптам ускоквае на ногi.

- Слухай, там у цябе нешта варушыцца...

- Ужо некалькi дзён, як ён пачаў рухацца...

- Маленькi?

- Ага.

Абняўшыся, як некалi на дарозе ў Аржалузу, яны вярнулiся ў дом. Тэрэза помнiць, як прыкра i жудасна ёй было адчуваць у сабе гэты жывы цяжар. Колькi агiдных iмкненняў магло зведаць гэтае яшчэ бясформеннае стварэнне там, у глыбокiх тайнiках яе цела! Зноў перад вачыма той вечар: яна сядзiць у пакоi перад адчыненым акном. Бернар недзе ў садзе. Чуваць яго словы: "Не запальвай святла, бо наляцяць камары!" Яна падлiчвала, колькi месяцаў засталося да нараджэння дзiцяцi. О! Як жа ёй хацелася верыць у Бога! Тады яна магла б прасiць i малiць яго, каб гэтая невядомая iстота, што ўжо трапечацца ў ёй, нiколi так i не ўбачыла свету...

VI

Анна з бацькамi паехала ў падарожжа. Надышлi днi поўнай адзiноты. Дзiўна, але гэтую пару Тэрэза прыгадвае цьмяна. У Аржалузе, дзе, як было дамоўлена, ёй трэба было пабачыцца з гэтым Азеведа i прымусiць яго сысцi з дарогi Анны, яна толькi i думала што пра адпачынак, спакой, сон. Бернар згадзiўся пажыць не ў сваiх бацькоў, а ў Тэрэзы. Тут было больш утульна, дый усе гаспадарчыя турботы можна было перакiнуць на цётку Клару. Тэрэза не заўважала людзей, жыла сама па сабе: а што ёй да iншых? Хай жывуць, як могуць! Адзiным яе клопатам было бясконцае чаканне, калi ж нарэшце прыйдзе час родаў... Бернар ёй абрыдзеў са сваiмi штодзённымi напамiнамi пра сустрэчу з Жанам Азеведа. Тэрэза груба яго абрывала. I ўвогуле, ёй усё цяжэй i цяжэй было выносiць гэтага чалавека. Можа, прычынай яе такога настрою была цяжарнасць? Бернар, ва ўсякiм разе, так i думаў. Прыкладна ў гэты час у Бернара з'явiлiся першыя сiмптомы падазронасцi, якiя характэрныя людзям яго складу, хоць i выяўляюцца да трыццацiгадовага ўзросту рэдка. Усё часцей i часцей яго ахоплiвала пачуццё страху, якое так не пасавала гэтаму дужаму, моцна скроенаму мужчыне. Але як яму можна было пярэчыць, калi ён усхвалявана прызнаваўся: "Вы ведаеце, што я адчуваю..." Гэтыя нашчадкi сытых, бяздзейных, гультаяватых пакаленняў - толькi з выгляду асiлкi. Яны - нiбы тая хвоя, што пасадзiлi ў добра ўгноеную зямлю: расце хутка, але ж хутка гнiе i яе стрыжань. I даводзiцца дрэва спiлоўваць, а яму яшчэ б расцi ды расцi...

"Гэта - ад нерваў", - супакойвалi Бернара. Аднак сам ён ужо не сумняваўся: яго здароўе i ўсё яго жыццё дало расколiну. Гэта ж неверагодна: ён страцiў апетыт i яму зусiм не хочацца есцi. "Чаму табе не схадзiць да доктара?" Бернар пацiскаў плячыма, робячы выгляд, што зусiм не клапоцiцца пра сябе. На самай жа справе невядомасць здавалася яму не такой страшнай, як прыгавор урача: а раптам гэта будзе смяротны прыгавор. Па начах ён палохаў Тэрэзу: то ўскокваў з пасцелi, то неяк страшна хрыпеў. Ён браў яе руку i прыкладваў да свайго сэрца, каб яна паслухала, як няроўна яно б'ецца. Яна запальвала свечку, уставала i прыносiла яму валяр'янкi. "А што, калi б гэта было не лякарства, а... - думае Тэрэза. - Толькi ў небыццi - сапраўдны спакой, моцны i салодкi сон. Чаму ж тады гэты ныцiк так баiцца таго, што супакоiла б яго назаўсёды..."

Ён засынаў першы. I побач з гэтым вялiкiм целам мужчыны, якi сваiм храпам i сапеннем даводзiў яе да гарачкi, доўга яшчэ не магла заснуць Тэрэза. Слава Богу, больш ён яе не чапаў. Гэта цяпер Бернар лiчыў самай небяспечнай нагрузкай для свайго сэрца. Ужо прачыналiся i будзiлi ваколiцы пеўнi, ужо вецер даносiў гукi царкоўных званоў - тады толькi пачынала драмаць Тэрэза. А Бернар уставаў. Хуценька адзяваўся, на скорую руку, па-сялянску, спалоскваў халоднай вадой твар i бег на кухню. Там, нiбы сабака, хапаў кавалак курыцы, скрылiк халоднага мяса, лусту хлеба з часнаком, гронку вiнаграду... Вось i ўся яда на цэлы дзень! Бернар кармiў сабак. Тыя спрытна на ляту лавiлi кавалкi i моцна ляскалi скiвiцамi. Туманная ранiца дыхала восенню. У такую пару Бернар зноў адчуваў сябе здаровым, да яго нiбы вярталася маладосць. Падыходзiў час палявання на вехiроў. Трэба было рабiць прынаду: лавiць птушак, выколваць iм вочы i дрэсiраваць. Спраў хапала... У адзiнаццаць гадзiн ён заходзiў да Тэрэзы. Яна яшчэ была ў пасцелi.