"Так яно i ёсць! - вырвалася ў мяне. - Колькi разоў дапытвалася я пра лёс сваякоў - дзядзькi, дваюраднага дзядулi, бабулi, чые фатаграфii знiклi з усiх альбомаў, - i нiякага адказу! I толькi аднойчы мне сказалi: "Ён знiк... так было трэба..."
А цi не баяўся Жан, што i мяне чакае такая доля?.. Ён кляўся, што яму i ў галаву не прыйшло б гаварыць пра такое з Аннай, якая, нягледзячы на сваё палкае каханне, - натура залiшне простая, пасрэдная, звычайная: пастаяць за сябе не можа i вельмi хутка скарыцца. "Але вы! У кожным вашым слове я адчуваю прагу шчырасцi..." Цi варта гэта пераказваць Бернару? Ды трэба быць вар'ятам, каб паверыць, што гэты чалавек хоць што-небудзь тут зразумее! Але няхай бы ведаў, што я, прынамсi, не здавалася без барацьбы. Помню, як аднойчы я запярэчыла гэтаму маладому чалавеку, што ён хавае за прыгожымi фразамi самае агiднае прыняцце маральнага падзення. Я нават спрабавала знайсцi падтрымку ў тых лекцыях па этыцы i маралi, што нам чыталi ў лiцэi. "Быць самiм сабой? паўтарала я. - Але ж мы - гэта толькi тое, што мы робiм самi з сябе". (Цi трэба развiваць гэтую думку? Для Бернара, мусiць, трэба.) Жан не згаджаўся са мной i даказваў, што самае горшае падзенне - гэта адрачэнне ад самога сябе. Ён сцвярджаў, што не было нiводнага героя цi святога, якому б не давялося пераадолець сваю натуру i ва ўсёй паўнаце раскрыць сваё "я". "Каб знайсцi Бога, трэба перасягнуць самога сябе", - паўтараў ён. I яшчэ: "Сцвярджэнне свайго "я" патрабуе ад лепшых з нас, каб мы выступiлi супраць самiх сябе адкрыта, без хiтрасцi, у самай сумленнай дуэлi. Менавiта таму i здараецца, што той, хто "пераадолеў сябе", "вызвалiўся", часта добраахвотна звязвае сябе путамi самай абмежаванай рэлiгii".
Не варта спрачацца з Бернарам, наколькi абгрунтавана такая мараль; можна нават пагадзiцца з iм, што ўсё гэта - нiкчэмныя сафiзмы, але няхай жа ён зразумее, няхай пастараецца зразумець, як усё гэта было цiкава, як гэта захапляла мяне. I што пасля такiх размоў магла я адчуваць у нашай гасцiнай у Аржалузе?.. Побач, на кухнi, Бернар сцягваў з сябе боты i на мясцовай гаворцы расказваў пра сваю здабычу на паляваннi. На стале, нiбы жывы, курчыўся i трапятаўся паляўнiчы мяшок: там бiлiся злоўленыя вехiры. Потым Бернар садзiўся вячэраць. Еў марудна, смакаваў кожную страву i радаваўся, што апетыт не пакiнуў яго назаўсёды. Пасля вячэры з любоўю адлiчваў кроплi фаўлера: "Вось дзе маё здароўе", - любiў ён паўтараць. У камiне патрэсквалi дровы, i варта было толькi павярнуць сваё крэсла, каб адчуць усiм целам прыемную ласку агню. Часам пасля дэсерту ён браў у рукi мясцовую газетку i пачынаў драмаць. Дыхаў ён спакойна, роўна, вельмi цiха i толькi зрэдку пахрапваў. Жонка Бальёна шаркала шлёпанцамi на кухнi, потым прыносiла падсвечнiкi са свечкамi... А потым наставала цiшыня! Сапраўдная аржалузская цiшыня! Той, хто не быў у гэтай глухаманi, не ведае, што такое цiшыня: яна акружае дом густой цёмнай масай, падобнай на начны лес, дзе ўсё замiрала i толькi зрэдку вухкала сава (i тады ўдавалася, што ў цемры нехта жаласна плача).
Асаблiва востра я пачала адчуваць гэтую жудасную цiшыню пасля ад'езду Жана. Пакуль я ведала, што заўтра зноў пабачуся з iм, змрок i цiшыня ночы так не прыгняталi мяне. Адно тое, што ён спаў зусiм недалёка, уносiла ў гэтую непраглядную цемру, у гэтую ўсяленскую цiшыню iскрынку жыцця i надзеi. I вось ён паехаў. На апошнiм спатканнi ён абяцаў, што мы сустрэнемся праз год, калi я ўжо буду "свабодная". (Далiбог, не ведаю, якi сэнс ён укладаў у гэтае слова. Магчыма, што i яго даканала гэтая пустэча i цiшыня, а мной ён даражыў, як адзiнай субяседнiцай.) З таго дня, як ён паехаў, я быццам iшла па бясконцай пячоры, дзе ўсё згушчаецца i згушчаецца цемра. I я часта пыталася ў сябе, цi ўдасца мне выбрацца на прастор, на свежае паветра, або мне суджана так i задыхнуцца тут? Але да студзеня, да маiх родаў нiчога не змянiлася...
У гэтым месцы сваiх успамiнаў Тэрэза ў нерашучасцi спыняецца. Ёй хочацца, ой як хочацца абысцi ўсё тое, што адбылося на трэцi дзень пасля ад'езду Жана: "Не! Не! Нашто мне ўсё гэта, калi яно не мае нiякiх адносiн да справы. Я i так усё растлумачу Бернару! Няма ў мяне часу блукаць у гэтых успамiнах!.." Але чалавечая памяць упартая: немагчыма перагарадзiць ён дарогу... I перад вачыма зноў той кастрычнiцкi вечар... Бернар ужо быў наверсе, у спальнi, i раздзяваўся. Тэрэза сядзела ля камiна, чакала, пакуль згарыць апошняе палена, i радавалася, што хоць хвiлiнку можа пабыць адна. "Што цяпер робiць Жан Азеведа? - думала яна, гледзячы на агонь. - Можа, сабе выпiвае ў тым маленькiм бары, пра якi ён столькi расказваў? А можа, разам са сваiм сябрам катаецца ў аўтамабiлi па начным бязлюдным Булонскiм лесе? Магчыма, працуе за пiсьмовым сталом, а за вокнамi глуха гудзе Парыж? Жан сам стварае сабе цiшыню, адваёўваючы яе ад гарадскога грукату. I гэта iншая цiшыня, зусiм не такая, што душыць мяне тут. Там цiшыня не сягае далей, чым святло лямпы, не далей за кнiжныя палiцы..."
Раптам на дварэ забрахаў, а потым радасна заскавытаў сабака. Яго супакойваў знаёмы, стомлены голас. Анна дэ ля Траў адчынiла дзверы. Цёмнай восеньскай ноччу яна адна пехатой прыйшла з Сэн-Клера. На маленькiм, адразу пастарэлым тварыку лiхаманкава блiшчалi вочы. Яна кiнула на крэсла капялюшык, спыталася: "Дзе ён?"
Тэрэза i Жан напiсалi пiсьмо, адправiлi яго i вырашылi, што справа скончана. Магчымасць таго, што Анна будзе змагацца за сваё шчасце, была поўнасцю скасавана... Але хiба чалавек слухаецца лагiчных довадаў i разважанняў, калi гаворка заходзiць пра само яго жыццё!.. Анне ўдалося ўцячы з-пад нагляду мацi i сесцi на цягнiк. Па цёмнай дарозе да Аржалузы яе вяла светлая палоска неба памiж вершалiнамi прысад. "Пабачыцца з iм! Чаго б гэта нi каштавала! Калi мы ўбачымся, я зноў заваюю яго! Толькi б пабачыцца!" З гэтай адзiнай думкай спяшалася яна ў Аржалузу: iшла, бегла, спатыкалася на калдобiнах... I вось Тэрэза гаворыць, што Жан паехаў, што ён у Парыжы. Анна не верыць, яна не можа ў гэта паверыць, гатовая ўпасцi ад стомы i адчаю.
- Ты лжэш! Ты заўсёды мне хлусiла!
Не слухаючы Тэрэзы, яна дадае:
- А! Дык i ты заадно з гэтай сямейкай! Знайшлася мне вольная i незалежная!.. А выйшла замуж i бачыш, як ты заспявала! Канешне, ты хацела, каб лепш было мне!.. Прадала мяне дзеля маёй жа карысцi! Ды не старайся ты! Не трэба мне нiчога тлумачыць!