Яна пайшла да дзвярэй.
- Ты куды? - спыталася Тэрэза.
- У Вiльмiжа, да яго!
- Я табе яшчэ раз гавару, што яго няма там.
- Я не веру табе!
Анна выйшла. Тэрэза запалiла лiхтар, што вiсеў у прыхожай, i дагнала яе.
- Ты пайшла не ў той бок. Гэта дарога на Бiурж. А табе трэба вунь туды.
Над сенажаццю стаяў густы туман. Недзе забрахалi сабакi. Вось нарэшце i знаёмыя дубы... Адзiнокi, сонны, мёртвы дом... Анна падыходзiць да гэтага магiльнага склепа i абедзвюма рукамi стукаецца ў дзверы. Тэрэза паставiла лiхтар на зямлю i нерухома стаiць. Яна бачыць, як лёгкая фiгурка, нiбы здань, прыпадае да кожнага акна нiжняга паверха. А ў галаве адно толькi слова "Жан". Але не сарвецца яно з дзявочых вуснаў, не пабудзiць гэтай магiльнай цiшынi... На хвiлiну яна знiкае за домам, зноў выходзiць, садзiцца на парог i, абхапiўшы рукамi твар, утыкаецца ў каленi... Горкiя дзявочыя слёзы... Тэрэза падымае сяброўку i вядзе за сабой. Тая, як п'яная, увесь час спатыкаецца i ўсё паўтарае:
- Заўтра я паеду ў Парыж. Парыж не такi ўжо i вялiкi. Я знайду яго там...
Але ў яе голасе - апошняе супрацiўленне дзiцяцi, якое ўжо скарылася, але нiяк не хоча ўтаймавацца.
Бернар прачнуўся ад iх гоману, надзеў халат i чакаў у гасцiнай. Не, нiколi не забыць Тэрэзе той сцэны, што разыгралася памiж братам i сястрой... Гэты чалавек, якi змог груба схапiць за рукi змучанае няшчаснае дзяўчо, завалачы па лесвiцы на трэцi паверх, кiнуць у спальню i замкнуць дзверы, - гэты чалавек твой муж, Тэрэза! Гэта той самы Бернар! I праз дзве гадзiны ён будзе тваiм суддзёй... Гонар сям'i - гэта Бернараў шчыт, i гэты чалавек заўсёды, пры любых абставiнах, ведае, што трэба рабiць дзеля iнтарэсаў сям'i... Ты вось са страхам i трывогай рыхтуеш апраўдальную прамову. Але ж толькi людзi без сваiх прынцыпаў могуць пачуць i зразумець чужыя довады. Бернар пасмяецца з тваiх апраўданняў: "Я ведаю, што мне трэба рабiць". Ён ведае. Гэта праўда. А калi ўсё ж i ўзнiкнуць сумненнi, то ён скажа: "Мы абмеркавалi гэта ў сям'i i лiчым, што..." Няўжо ты думаеш, што ён яшчэ не вынес табе прыгавору? Лёс твой вырашаны раз i назаўсёды, так што лепш пастарайся заснуць.
VIII
Пасля таго, як бацькi забралi зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калi яна як мае быць спазнала цiшыню тых бясконцых лiстападаўскiх начэй! Пiсьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нiчога, акрамя нуды, перапiска з нейкай правiнцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такiм успамiне? Магчыма, цяпер, на адлегласцi, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай i нецiкавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлiвай прастаце, у гэтым ясным прамым позiрку, у гэтых упэўненых рухах?.. Вiдаць, i яе ён лiчыў здольнай злавiць яго на слове, гатовай усё кiнуць i бегчы за iм. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якiя занадта хутка здаюцца i складаюць зброю, калi мужчына яшчэ нават не паспеў зняць асады. Больш за ўсё на свеце ён баяўся такiх перамог!
Мiж тым Тэрэза iмкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнiгi, якiя яна выпiсала з Бардо, здалiся ёй незразумелымi. А Жан быў ад iх у захапленнi!
Марудна iшоў час. Тэрэза жыла, нiчога не робячы. I дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкi цi распашонкi будучаму дзiцяцi. "Ого! Гэта не для яе..." - з папрокам гаварыла свякроў.
У вёсцы шмат жанчын памiрае пры родах. I Тэрэза да слёз даводзiла сваю цётку, паўтараючы, што i ёй гэтага не вытрымаць, i яна памрэ, як некалi яе мацi. I заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць цi памерцi. Якая хлусня! Нiколi ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды i Бернар нiколi так не клапацiўся пра яе. "Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насiла ў сабе". Дарэмна ён са сваiм жахлiвым мясцовым акцэнтам бубнiў адно i тое: "Вазьмi яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння i так ужо многа хадзiла..." Усё гэта пралятала мiма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймiчку-кармiцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар i яго бацькi бераглi мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам iх роду. I несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалi б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страцiла адчуванне свайго ўласнага iснавання. Для iх я была ўсяго толькi лазой вiнаграднай: значэнне меў толькi плод, якi выспяваў у маiм лоне.
Вось так у змроку i адзiноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннiя дажджы!.. Зямля зрабiлася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзiнай дарозе ў Сэн-Клер. I тады мяне перавезлi ў Бернараў дом. Тут было трохi больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагалiся з ветрам i дажджом за свае апошнiя лiсты...
Цётка Клара не магла жыць у чужым доме i адмовiлася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваiм старым фаэтоне. Прывозiла мне гасцiнцаў, ласункаў, якiя я так любiла ў дзяцiнстве, i як яна думала, люблю i цяпер: шэрыя жытнiя пампушкi з мёдам, салодкi пiрог пад назвай "фугас" цi "румаджад".
Анну я бачыла толькi за сталом. Яна нiколi са мной не размаўляла. З усiм яна змiрылася, асунулася i неяк адразу страцiла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалi непрыгожыя, нiбы з воску, вушы. Iмя маладога Дэгiлема называць пры ёй нiхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць i "не". Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбiлася часу, каб накiнуць на яе аброць i ўцiхамiрыць!
Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпiваць перад абедам.
А пра што гаварылi гэтыя людзi вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылi акурат насупраць яго). Яны нiяк не маглi даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзiў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...
Успамiнаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нiбы цураўся сваiх прыхаджан, i ўсе яны лiчылi яго ганарлiўцам: "Не такi тут патрэбен кюрэ". Ён быў рэдкiм госцем у сям'i дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокi лоб i пабеленыя сiвiзной скронi. "Жыве сабе чалавек адзiн: нi сяброў, нi знаёмых. Як жа ён бавiць час у гэтыя доўгiя вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?.." "Ён вельмi дакладна i строга выконвае ўсё, што патрабуецца, - гаварыла мадам дэ ля Траў. - Штовечар чытае малiтвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусiм закiнуў". Яна скардзiлася, што кюрэ распусцiў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзiць дзяцей на футбольныя матчы: "Гэта вельмi добра, што ён сядзiць, уткнуўшы нос у свае кнiгi, але ж так нядоўга i прыход упусцiць".