Нават надвячоркам, калi сонца ўжо толькi знiзу падфарбоўвала ў чырвонас ствалы дрэў i калi апошнi конiк нястрымна стракатаў ля самай зямлi - нават i тады яшчэ стаяла гарачыня пад дубамi. Сяброўкi зручна ўсаджвалiся на палявой мяжы, нiбы на беразе возера. Над iмi праплывалi навальнiчныя хмары. У iх зменлiвых абрысах дзявочая фантазiя ўгадвала казачныя фантастычныя вобразы. Вось Анна ўбачыла на небе крылатую жанчыну, але пакуль Тэрэза разгледзела яе, воблака выцягнулася i ператварылася ў нейкую дзiўную пачвару.
У вераснi ўжо можна было па паўднi выйсцi з дому i прайсцiся па бязводнай сасмаглай ваколiцы, - у Аржалузе не знойдзеш нiводнага ручайка, i трэба доўга iсцi па пяску, каб трапiць да вытокаў рачулкi з назвай Юр. Яна нараджаецца з мноства крынiчак, якiя б'юць у вузкiх травянiстых лагчынках сярод карэння алешнiку. Босыя ногi дзяўчатак дубянелi ў ледзяной вадзе, але варта было ступiць на зямлю, як яна зноў апякала iх. Адзiн з тых буданоў, дзе ў кастрычнiку спыняюцца паляўнiчыя на вехiроў, быў для сябровак не менш жаданай схованкай ад спёкi, чым i цёмная гасцiная ў маёнтку. Iм не было пра што гаварыць, ды i не хацелася. Хутка прабягалi шчаслiвыя хвiлiны гэтых доўгiх нявiнных прывалаў. Тэрэза i Анна замiралi ў нерухомасцi, нiбы баялiся паварушыцца. Так пры з'яўленнi вехiроў затойваецца паляўнiчы, робячы знак сваiм спадарожнiкам: "Цiшэй!" Сяброўкам таксама здавалася, што варта зрабiць толькi адзiн жэст, адзiн рух - i знiкне гэтае няпэўнае, трапяткое адчуванне шчасця. Першая ўставала Анна. Яна два-тры разы пацягвалася i спяшалася пастраляць жаваранкаў. Тэрэза не магла глядзець на гэтую забаўку i тым не менш iшла следам: не хацелася хоць на момант разлучацца. Анна брала паляўнiчую стрэльбу, якая пры выстрале не рабiла аддачы. Тэрэза, стоячы на ўзгорку, назiрала, як сяброўка хавалася ў жыце i прыцэльвалася. Здавалася, што яна цэлiлася ў сонца, жадаючы яго патушыць. Тэрэза затыкала вушы. Дзесьцi ў небе абрывалася радасная бесклапотная песня жаўрука... Анна знаходзiла параненую птушку, асцярожна сцiскала яе ў руках, лашчыла губамi лёгкi, яшчэ цёпленькi камячок, а потым нечакана душыла небараку.
- А заўтра прыйдзеш?
- Вiдаць, не. Нельга ж кожны дзень!
Анна не хацела сустракацца з Тэрэзай штодня. А супраць яе адказу не запярэчыш. Ды Тэрэзе i ў галаву не прыйшло б штосьцi пярэчыць. Вядома, нiчога не замiнала ёй прыязджаць часцей, але нашто бачыцца кожны дзень? "Так нарэшце можна i надакучыць адна адной". На гэта Тэрэза адказвала: "Ага... праўда... Галоўнае, не прымушай сябе: прыязджай тады, калi табе вельмi захочацца, калi нiчога лепшага ў цябе не будзе". I тонкая постаць дзяўчынкi-падлетка знiкала ў прыцемках, а з дарогi даносiўся званок веласiпеда.
Тэрэза вярталася дамоў; фермеры здалёк кланялiся ёй; дзецi да яе не падыходзiлi. У гэты час, рассыпаўшыся, пасвiлiся пад дубамi авечкi; яны нечакана збiвалiся ў гурт i пускалiся наўцёкi. Следам, гукаючы, бег пастух. Цётка Клара чакала Тэрэзу на ганку i, як гэта бывае з глухiмi, пачынала гаварыць, гаварыць, абы толькi маўчала пляменнiца. I чаму на душы рабiлася так сумна? Чытаць не хацелася, нiчога не хацелася, i Тэрэза зноў выходзiла на двор. "Не iдзi далёка, зараз будзем вячэраць". Яна iшла да дарогi. Усюды перад ёю была адзiнота i пустэча. На кухнi давалi званок: час вячэраць. Сёння, бадай, можна запалiць лямпу. Цётка, паклаўшы рукi крыж-накрыж, нерухома сядзела за сталом. I для гэтай глухой жанчыны цiшыня была такой жа шматзначнай i глыбокай, як i для маладой дзiкункi Тэрэзы.
"Бернар, Бернар... Як жа цябе ўвесцi ў гэты заблытаны свет? Цябе, хто з пароды сляпых, бязлiтасных людзей, якiя спрашчаюць усё на свеце..." "Не, думае Тэрэза, - ён пасля першых жа слоў спынiць мяне: "А чаму ж вы тады выйшлi за мяне замуж? Я ж за вамi не бегаў..." I праўда, чаму яна выйшла за яго? На самай справе, ён зусiм не спяшаўся жанiцца. Тэрэза добра памятае, як мацi Бернара мадам дэ ля Траў паўтарала кожнаму стрэчнаму: "Ён яшчэ i пачакаў бы, але яна!.. Яна настойвала, прыспешвала. На жаль, у яе зусiм не такiя прынцыпы, як у нас; яна, напрыклад, палiць, пыхкае, як паравоз, гэта яе манера. I ўсё ж, яна - натура шчырая, адкрытая. Мы хутка прывучым яе да здаровых iдэй. Безумоўна, не ўсё нас радавала ў гэтым шлюбе... Не ўсё... Ды хоць, напрыклад, гэтая яе бабка Белад... мы ж усё ведалi... хоць справа, як быццам, даўно забытая. I гэта ж трэба: так лоўка яны ўсё тады заглушылi, што нават i не дайшло да скандалу. А вы цi верыце ў спадчыннасць? Вядома, у бацькi далёка не самы лепшы характар. Але ж дачцэ ён падаваў толькi добрыя прыклады: гэта проста святы чалавек. Акрамя таго, у яго вялiкiя сувязi, а гэта яшчэ нiкому не шкодзiла. Ды ўрэшце сёе-тое трэба i не заўважаць. I яшчэ - можа, вы й не паверыце, - Тэрэза багацейшая за нас. Гэта неверагодна, але гэта так. А як яна любiць Бернара, хiба гэта на бяду?.."
Сапраўды, яна любiла Бернара, i гэта давалася ёй без намаганняў. Варта было ёй пры сустрэчы ў гасцiнай цi пад дубамi толькi ўзняць на яго вочы, як у яе позiрку загараўся агонь шчырай закаханасцi. Бачыць ля сваiх ног такую здабычу Бернару было, безумоўна, прыемна. "Не забаўляйся з ёю, сынок, - часта паўтарала мацi, - яна знемагае..."
"Я выйшла за яго замуж таму, што..." Тэрэза хмурыць бровы, закрывае рукамi вочы, спрабуе ўспомнiць. Ну, вiдаць, сваю ролю адыграла дзiцячая радасць, што, дзякуючы гэтаму шлюбу, яна стане сваячкай Анны. Хоць радавалася гэтаму больш Анна. Для Тэрэзы ж сваяцкiя адносiны асаблiвага значэння не мелi. Праўду кажучы (чаго тут чырванець i саромецца), дзве тысячы гектараў Бернаравай зямлi не пакiдалi яе абыякавай. Схiльнасць да ўласнасцi заўсёды была ў яе крывi. Калi пасля доўгiх абедаў са стала прымалi посуд i прыносiлi спiртныя напiткi, Тэрэза часта заставалася з мужчынамi i з цiкавасцю слухала iх размовы пра фермы, фермераў, умацавальныя слупы для шахтаў, якiя вывозiлiся з iх лесу, пра смалу i шкiпiнар. Стан маёмасцi, падлiкi, лiчбы - усё гэта захапляла Тэрэзу. Няма нiякага сумнення, яе спакушала думка стаць уладальнiцай гэтых бясконцых хваёвых лясоў. "Дарэчы, яму таксама падабалiся мае сосны". Аднак, магчыма, Тэрэза падпарадкавалася тады нейкаму другому няпэўнаму пачуццю, якое яна цяпер спрабуе вызначыць: можа, у гэтым шлюбе яна шукала не столькi ўлады, багацця, колькi прытулку. Сапраўды, нiчога яе так не падштурхоўвала на гэты шлюб, як панiчнае пачуццё страху. Маладая, але практычная дзяўчына з дзяцiнства ведала гаспадарку i спяшалася ўвайсцi ў адпаведныя яе становiшчу колы, заняць там раз i назаўсёды пэўнае месца. Яна хацела затаiцца, схавацца ад нейкай невядомай нават ёй самой небяспекi. Нiколi ў сваiм жыццi Тэрэза не была такой разважлiвай, як падчас сваiх заручын з Бернарам: яна iшла да яснай мэты уступiць у сямейны клан, "уладкавацца", выратаваць сябе, быць у асяродку, дзе пануе розум i парадак.