Заключэннем перамір'я скончыўся першы этап Вялікай вайны 1409-1411 гг. Ён характарызаваўся ваенным і дыпламатычным поспехам крыжакоў у Польшчы. Добжынская зямля заставалася ў руках ордэна. З пасрэднікам - каралём Вацлавам - можна было дамовіцца з дапамогай звонкай манеты. Перамір'е з Ягайлам давала магчымасць спакойна заняцца Жамойцю і Літвой.
Ніхто не верыў у мірнае вырашэнне спрэчак: ні бакі, якія ваявалі, ні сам пасрэднік. Ды і перамір'е, заключанае толькі паміж Польшчай і ордэнам, цалкам не выключала працяг ваенных дзеянняў на Жамойці і Літве. Аднак Тэўтонскі ордэн не скарыстаўся зручным момантам і нам не зусім зразумела чаму. Існуюць розныя меркаванні на гэтую тэму. Адныя даследчыкі лічаць, што ордэн не хацеў ваяваць да аб'яўлення прысуду чэшскага караля з дыпламатычных разлікаў. Выказвалася думка, што калі разышліся наёмныя войскі, то крыжакі не мелі арміі для непасрэдных ваенных дзеянняў, асноўная частка іх уласных войскаў была раскідана па замках. Таму, маўляў, крыжакі не маглі нават даць адпор нападу ліцвінаў, калі тыя ўжо пасля заключэння перамір'я пустошылі вобласці ў ваколіцах Дзялдава і Ніборка.
Не пачынаючы ваенных дзеянняў супраць Літвы, ордэн арганізаваў чарговую спробу развязаць у Літве міжусобную вайну. Ужо калі пачаліся перагаворы аб перамір'і з Польшчай, хохмайстар падпісаў дагавор са Свідрыгайлам, у якім абяцаў таму дапамагчы атрымаць вялікакняскі трон і не заключаць ні з кім міру, пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая. Свідрыгайла збіраўся тайна перабрацца на тэрыторыю ордэна і адтуль пачаць вайну супраць Вітаўта. Аднак пасланы ордэнскімі ўладамі глейт бяспекі быў перахоплены, змова, такім чынам, раскрытая, а Свідрыгайла зняволены. Яго лёс вырашаўся на асабістай сустрэчы Вітаўта з Ягайлам.
Прыбліжаўся час аб'явы прысуду Вацлава Чэшскага. Да Прагі пачалі з'язджацца літоўскія, польскія, мазавецкія, крыжацкія паслы. Кароль Вацлаў не вытрымаў тэрміну, яго рашэнне было агалошана не 9, а 15 лютага. Крыжацкія паслы - вялікі шпітальнік Вернер фон Тэццінген і торунскі комтур граф Альбрэхт Шварцбург - прывезлі Вацлаву 60 тыс. фларэнаў «як кампенсацыю за сяброўскае пасрэдніцтва». Па прысуду абвешчана: кожны з бакоў застаецца пры тых землях, якія меў перад вайной і на якім мае правы паводле дакументаў папы, імператара, каралёў і князёў. Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, а Жамойць - ордэну, але Ягайла атрымае Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакі ўвойдуць ва ўладанне Жамойцю. Да гэтага часу ёю будуць кіраваць прадстаўнікі чэшскага караля. Калі ўмова аб Жамойці будзе выканана, то Добжынская зямля вернецца Польшчы, а калі не - то ордэну. Усе даўнія дагаворы Польшчы і ордэна захоўваюць сілу. Ні аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць ім. Паслы Вялікага Княства Літоўскага былі выключаны з перагавораў, лісты Вітаўта адвергнутыя і знішчаныя перад усімі ўдзельнікамі.
Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явіць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымірыцца са стратай гэтай вобласці; гэтаксама ў крыжакоў здаўна меліся праўдзівыя (ці фальшывыя) дакументы на ўладанне Літвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлі з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу паміж Вітаўтам і Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнікі Польшчы і Мазовіі пакінулі памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.
У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакі ўзялі ад Вацлава пацвярджэнне прысуду і сведчанне, што яны трымаліся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную і дыпламатычную падрыхтоўку. Супернічалі за саюз з вугорскім каралём. Хоць у Жыгімонта быў мірны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схіляцца да саюзу з крыжакамі. За гэта ён атрымаў вялікую суму грошай і «вадзіў за нос» Ягайлу з Вітаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункі, у тым ліку 12 коней, падкаваных залатымі падковамі. Вітаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгімонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелі толькі, каб ён трымаўся міру да 1413 г. Жыгімонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам міру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгімонт прапанаваў Вітаўту каралеўскую карону і саюз супраць Польшчы. Вялікі князь прапанову не прыняў. Калі Вітаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму і панікі мела месца спроба замаху на вялікага князя. Вітаўт пакінуў горад. Жыгімонт дагнаў яго ў мілі ад Кежмарка, развітаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вітаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзенні далейшай вайны з крыжакамі. Затым вялікі князь спешна падаўся да Літвы і ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасці, адкуль даў загад усім землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з літоўскімі і мазавецкімі князямі, затым паехаў да Слоніма. У гэты час вялікі маршал з войскам правёў хуткі і дзёрзкі паход у бок Берасця. 16 сакавіка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спаліў яго і пабіў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вітаўт у гэты час знаходзіўся ў суседнім Слоніме і, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялікага князя.