Выбрать главу

Ордэнскае кіраўніцтва абрала абарончы варыянт вайны. Ульрых фон Юнгінген разважаў катэгорыямі свайго часу і таго ж чакаў ад сваіх праціўнікаў. Ён рыхтаваўся да ўдараў з розных бакоў: з Літвы, Польшчы і Мазовіі. Адбіўшы гэтыя напады, хохмайстар меркаваў замацаваць за сабой Добжынскую зямлю, магчыма, і Куявы. Ордэнскае кіраўніцтва энергічна рыхтавала да абароны замкі і гарады, набірала наёмныя войскі, вяло агітацыйную кампанію па закліку на дапамогу рыцараў-«гасцей».

На літоўскім фронце абарону трымалі комтуры Рагнеты, Рыну і Клайпеды (Мемель). Новую Марку і Дрэздэнак павінны быў бараніць новы войт Новай Маркі Міхал Кухмейстэр, Памор'е - комтуры Члухава, Тухолы, Швеца і аддзел з рагнецкага комтурства; Добжынскую і Міхалаўскую землі - комтур Бежглава; рубеж па рацэ Дрвенцы - комтуры Бродніцы і Астроды. Галоўныя сілы ордэна на чале з хохмайстрам павінны былі сканцэнтравацца пад Швецам. Дзеянні войскаў ордэна карэктаваліся ў залежнасці ад зменаў сітуацыі.

ГРУНВАЛЬДСКАЯ ВЫПРАВА

Набліжалася заканчэнне перамір'я. У Польшчы Ягайла актыўнасцю на граніцы з Памор'ем і Новай Маркай дэманстраваў намер ударыць на Гданьскае Памор'е. Комтуры з літоўскай граніцы паведамлялі хохмайстру аб канцэнтрацыі войскаў Вітаўта і намеры яго нападу на Рагнеду ці Астроду. Яшчэ 26 траўня Вітаўт пацвердзіў перамір'е з ордэнам, 28 траўня прымаў вугорскага пасла, а гарматы ўжо былі высланыя ў невядомым кірунку. 3 чэрвеня вырушылі войскі з Літвы і Жамойці.

Каб дакладней паказаць разгортку падзей у іх дынаміцы, лепш за ўсё параўнаць дзеянні бакоў.

Час Літоўска-польская армія Ордэнская армія пачатак чэрвеня 1410 г. Збор літоўскіх войскаў ля ракі Нараў. Пераход ракі і марш на злучэнне з Ягайлам. Умацаванне граніц і замкаў. сярэдзіна чэрвеня Пачатак збору войскаў пад Швецам. 10 чэрвеня Ульрых фон Юнгінген прыбыў у Энгельбург (ля Швеца). 24.06 (сканчэнне перамір'я) Збор Ягайлы з наймітамі і апалчэннем МалаПольшчы каля Волбажа бліз Пётркава. З захаду прыбліжаюцца вялікапаляне; паўночней рыхтуюцца мазуры. Жаўнеры руйнуюць ваколіцы Торуня. Воі Вітаўта, якія засталіся ў Літве, праводзяць рэйд пад Юрбарг і Клайпеду. Вітаўт на маршы паміж Бугам і Наравам. Хохмайстар у Торуне; па яго просьбе перамір'е прадоўжана да 4 ліпеня. (Вітаўта яно зноў не тычылася.) 26.06 Марш Ягайлы ў паўночным кірунку да Любохні і далей. Комтуры Члухава і Тухолы зрабілі рабаўнічы напад на прыгранічныя польскія вобласці. 27.06 Высакініцы - начлег. 28.06 Сейміцы. 29.06 Казлоў - вестка ад Вітаўта, што ён ля ўпадзення Нарава ў Віслу. 30.06 Аб'яднанне Ягайлы з вялікапалянамі ў Чэрвіньску. Пераправа цераз Віслу па наплаўному мосту. Прыход Вітаўта і мазураў. 1-2.07 Заканчэнне канцэнтрацыі войскаў. Марш да бродаў на Дрвенцы пад Кужэтнікам і іх умацаванне. 3.07 Марш да мяжы з ордэнам. Кіраўнік залогі ў Быдгашчы перайшоў ордэнскую мяжу і разбіў фон Плаўэна. 4.07 (канец новага перамір'я) Войска фон Плаўэна ўзмоцнена вялікай колькасцю наймітаў (600 коп'яў). 5.07 Вугорскія паслы ў лагеры пад Ежавам прасілі паведаміць умовы міру. Атрымалі іх: Добжынскую зямлю - Польшчы, Жамойць - Літве. 6.07 Агляд войскаў. 7.07 Дасягнулі ракі Вкры. 8.07 Дзень адпачынку - апошні прывал перад пераходам ордэнскай мяжы. 9.07 Пераход граніцы, зруйнаванне Лідзбарка (Лаўтэнбург). Да Кужэтніка выступіў аддзел войска з Дзялдава (Сольдаў). 10.07 Выступленне да бродаў на Дрвенцы пад Кужэтнікам. 11.07 Паварот назад да Лідзбарка і марш на Дзялдава. 12.07 У лагер пад Дзялдавам прыйшла аб'ява вайны ад Жыгімонта Вугорскага (войску аб гэтым не паведамілі). 11 ці 12.07 пераход на ўсходні(левы) бераг Дрвенцы па 12 мастах пад Брацянам і марш у паўночна-ўсходнім кірунку. 13.07 Далейшы марш на поўнач; заняцце Дуброўны. Верагодна, вечарам дасягнута Фрыгнава - каля 10 км ад Дуброўны. 14.07 Дзень адпачынку пад Дуброўнай. Падрыхтоўка пазіцыі на месцы будучай бітвы.

Дзеянні Вітаўта і Ягайлы адбываліся паводле загадзя распрацаванага плана. Каб да апошняга хаваць задуму аб'яднаць свае войскі, саюзнікі праводзілі дэманстрацыі намераў ваяваць паасобку. Ягайла канцэнтраваў войскі на мяжы з Новай Маркай быццам для ўдару на Гданьскае Памор'е, нарыхтоўваў тут дрэва для мастоў. Калі Вітаўт ужо рухаўся на злучэнне з Ягайлам, войскі, якія засталіся ў Літве, зрабілі паход на Прусію.

Першая важная частка плана - аб'яднанне войскаў была выканана бліскуча. Заключыўшы перамір'е з крыжакамі, Вітаўт без перашкод правёў армію ў Польшчу. Маршрут даўжынёй каля 600 км пралягаў уздоўж ордэнскай граніцы. Злучэнне арміяў Вітаўта і Ягайлы было поўнай нечаканасцю для хохмайстра. Не дапамагла і выдатна арганізаваная ордэнская разведка. Калі адзін са сведкаў пераправы саюзнікаў цераз Віслу паведаміў Ульрыху фон Юнгінгену, што бачыў там Вітаўта, той не хацеў даваць веры. Хохмайстар звярнуўся да быўшых тады пры ім вугорскіх паслоў, са смехам кажучы: «Гэта дробязі, і ўсё, што асмеліўся расказаць гэты чалавек, вельмі падобна на выдумку. Бо самыя надзейныя нашы разведчыкі прынеслі вестку, што польскі кароль знаходзіцца і раз'язджае каля ракі Віслы і спрабуе, што праўда, але не можа пераправіцца цераз яе. Ужо шмат яго воінаў загінула ў хвалях пад час спробы перайсці яе ўброд. Вітаўт жа стаіць ля ракі Нараў і не асмельваецца яе перайсці».