Армія Тэўтонскага ордэна вызначалася большай дысцыплінаванасцю і арганізацыяй, чым іншыя заходнеэўрапейскія войскі. Для братоў-рыцараў вайна была безупынным заняткам. Аднак уласна ордэнскае войска ў Грунвальдскай бітве складала меншасць сярод апалчэння прускай шляхты, «гасцей», наймітаў і саюзнікаў.
Ваеннае мастацтва беларусаў, якія складалі аснову арміі Вітаўта, знаходзілася на больш высокім узроўні. Актыўна ўжываючы рыцарскую конніцу, беларусы і ўкраінцы адначасова многае перанялі і ўдасканалілі з ваеннага майстэрства ўсходніх народаў. Іх войскі былі дысцыплінаванымі, рухомымі, здольнымі на складаныя манеўры ў ходзе бітвы, такія, як флангавыя абходы, уяўныя адступленні з падвядзеннем ворага пад удар свежых сілаў і г.д. Гэтыя якасці былі выдатна прадэманстраваныя ў Грунвальдскай бітве.
Асноўныя падзеі разгарнуліся на няроўнай мясцовасці паміж паселішчамі Грунфельд (чамусьці польскія гісторыкі перайменавалі яго ў Грунвальд, адкуль і назва бітвы), Стэнбарк (Таненберг - у літаратуры бітва называецца яшчэ Таненбергскай [8]) і Людзвігава (Людзвігсхоф). Тутэйшыя пакатыя пагоркі вышынёй каля 200 м падзяляліся даволі шырокімі далінамі. З трох бакоў месца бітвы было акружана лясамі. Хохмайстар, дакладна вылічыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамі і прыняў меры да ўмацавання пазіцыі. Былі выкапаныя і замаскіраваныя ямы-пасткі, расстаўлены гарматы, арбалетчыкі і лучнікі. Ульрых фон Юнгінген разлічваў затрымаць варожую конніцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламі з гармат, арбалетаў і лукаў. Адбіўшы такім чынам атаку і нанёсшы ворагу страты, кінуць у бой сваю конніцу. Хохмайстар слушна імкнуўся такімі тактычнымі хітрасцямі неяк кампенсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасці.
Ноччу з 14 на 15 ліпеня перад узыходам сонца саюзная армія выйшла з лагера пад Дуброўнай і рушыла ў накірунку Стэнбарка і Ульнава. Праз 10 км войскі сталі абозамі каля возера Лубень. Ягайла ў спецыяльнай паходнай капліцы якраз збіраўся слухаць імшу, калі атрымаў паведамленне аб з'яўленні ворага. Гэта былі высланыя на разведку ордэнскія аддзелы. Аднак кароль не перапыніў набажэнства. Ян Длугаш увогуле апісвае ўдзел Ягайлы ў бітве як самы нязначны, а ўсё кіраўніцтва прыпісвае Вітаўту. Спрэчкі аб тым, хто камандаваў саюзнай арміяй пад Грунвальдам, цягнуцца доўга. Акрамя Вітаўта і Ягайлы называюцца яшчэ два кандыдаты. Мы схіляемся да думкі аб сумесным кіраўніцтве вялікага князя і караля. Абодва мелі акрамя дыпламатычнага яшчэ і немалы вайсковы вопыт. Вітаўт з самых маладых гадоў прывучаўся бацькам да вайны з крыжакамі. У Грунвальдскай бітве ролі былі падзеленыя. Вітаўт знаходзіўся на пярэднім краі, кіраваў войскамі непасрэдна ў баі, самой сваёй прысутнасцю натхняў і падбадзёрваў вояў. Ён арганізаваў выдатны манеўр з уяўным адступленнем. Ягайла ж знаходзіўся ззаду войскаў, мог скласці агульнае ўяўленне аб справе і ўплываць на яе, уводзячы ў бой рэзервы.
Вось саюзнае войска пачало выходзіць з лясоў і выстройвацца насупраць ордэнскага. На правым фланзе сталі літоўскія аддзелы, на левым - польскія. Значныя сілы былі размешчаны ў рэзерве па лясах. Заняўшы фронт такой жа даўжыні, як і ордэнскае войска, армія саюзнікаў мела большую глыбіню пастраення. Паколькі мясцовасць была перасечанай, войскі, па ўсёй верагоднасці, стаялі не ў лінію, а самкнутымі калонамі. Правы фланг літоўскай арміі абапіраўся на балоцістую пойму ракі Марэнзі. Левы польскі фланг, як і адпаведна правы фланг крыжакоў, прыкрывала балота.
Палкоў Вялікага Княства было каля 50. На іх харугвах луналі гербы земляў, а таксама выява Пагоні - дзяржаўнага герба, якая рознілася толькі дэталямі. На некаторых харугвах была выява радавога знака Вітаўта - Калумны. Найслаўнейшыя рыцары стаялі ў харугвах: віленскай, гарадзенскай, троцкай, ковенскай, наваградскай, лідскай, медніцкай, смаленскай, полацкай, віцебскай, кіеўскай, пінскай, берасцейскай, ваўкавыскай, драгічынскай, мельніцкай, крамянецкай, старадубскай і іншых. Буйнейшыя паны дзяржавы вялі ўласныя палкі. Татарскім дапаможным аддзелам камандаваў хан Джэлал-ад-Дзін, смаленскімі і мсціслаўскімі палкамі - князь Сямён-Лінгвен, брат Ягайлы, падольскімі - Іван Жэдзявід, літоўскімі - Пётр Гаштольд і Манівід. Намеснікам Вітаўта, па ўсёй верагоднасці, быў найслаўнейшы з усіх палкаводзец Сямён-Лінгвен.