Адрас выканáння (execution address) — адрас пачатку праграмы ў машынных кодах. Пад гэтым адрасам звычайна захоўваецца першы байт. Гэты адрас змяшчаецца ў рэгістр праграмнага лічыльніка мікрапрацэсара. Некаторыя праграмы, якія запісаны ў машынных кодах, пачынаюцца з блоку звестак, і ў дадзеным выпадку іх пачатак — увогуле не адрас выканання. Як правіла, праграмы, запісаныя на стужцы альбо дыску, утрымліваюць тры адрасы: пачатковы, адрас выканання і канцавы. Указанне гэтых адрасоў дазваляе правільна размясціць звесткі ў памяці. Адрас выканання можа быць выкарыстаны таксама для аўтаматычнага запуску праграмы.
Адрас захвáта (hook address) — адрас першага з двух байтаў, якія знаходзяцца ў аператыўнай памяці і могуць быць зменены. Гэтыя два байты з’яўляюцца адрасам праграмы аперацыйнай сістэмы. Змяненнем адраса ў гэтых байтах можа заставіць кампутар выканаць уведзеную карыстальнікам у машынным кодзе падпраграму, змешчаную папярэдне ў аператыўную памяць. Адрас захопу можа быць выкарыстаны таксама для дабаўлення новых каманд.
Адрас звéстак (data address) — адрас поля памяці, у якім размяшчаюцца звесткі.
Адрас камáнды (instruction address) — адрас абсягу памяці, якая занята камандай.
Адрас прамы (непасрэдны) (direct address, immediate address) — адрас, які ўказвае на ячэйку памяці, дзе знаходзіцца аперанд. Для атрымання выканаўчага адрасу не патрабуюцца вылічэнні. Тэрмін, супрацьлеглы тэрміну ўскосны адрас.
Адрас сéткавы (network address) — адрас порта (абаненцкага пункту) ў вылічальнай сетцы.
Адрас у пáмяці (memory address) — адрас першай ячэйкі дзялянкі памяці; адрас пачатку поля памяці; адрас звестак.
Адрас ускóсны (indirect address) — адрас аб’екта, які ў сваю чаргу з’яўляецца адрасам іншага аб’екта.
Адрасáт (destination) — файл, адрас памяці альбо размяшчэнне дакумента, у якія перасылаюцца звесткі.
Адрасáцыя (addressing) — працэдура прысваення адраса альбо зварот па адрасе. Як правіла, у праграмаванні адрас абазнае канкрэтны элемент памяці.
Адрасóўная пазіцыя (addressable point) — любая кропка фізічнай прасторы, якая можа быць зададзена каардынатамі.
Адрасóўны курсóр (addressable cursor) — паказальнік маніпулятара, які можна перамясціць у любую пазіцыю на экране. Для адрасоўнага курсора вызначаецца дапушчальны дыяпазон перамяшчэння. Заўважым адрозненне тэкставага курсора ад адрасоўнага: ён можа пераходзіць толькі ў пазіцыі аднаго радка альбо па радках тэксту на дысплеі.
Адрасавáнне прамое (direct addressing) — адрасаванне з яўным заданнем адрасоў у праграме.
Адраснасць (address ability) — ступеня, якая паказвае адносную колькасць вывадных на графічным экране пікселяў, якія кантралююцца паасобку. Многія графічныя сістэмы кантралююць кожны піксель, але фактычна аперуюць з групамі пікселяў. Калі-небудзь гэта заўважна, напрыклад, калі ў двух радках рознага колеру радок сутыкнення набывае сваё адценне. Высокая адраснасць патрабуе вялікага аб’ёму памяці пры графічным адлюстраванні.
Адрасная мéтка (address mark) — спецыяльны код альбо сціральны імпульсамі пастаяннага току абсяг (фізічная метка) на дарожцы магнітнага дыска перад адраснай інфармацыяй сектара. Метка адрасу ўказвае на пачатак запісу адрасу сектара.
Адрасная прастóра (address space) — сукупнасць элементаў памяці, да якіх можа звярнуцца мікрапрацэсар. Дыяпазон адрасоў, які даступны працэсару. Гэта фактычны аб’ём памяці, якім можа карыстацца мікрапрацэсар. Памер адраснай прасторы вызначаецца магчымасцямі мікрапрацэсара і памерам адраснай шыны, якая перадае сігналы, што прадстаўляюць унікальныя адрасы памяці. У адраснай прасторы кампутара ўтрымліваецца аперацыйная сістэма і розная службовая інфармацыя, а таксама прыкладное праграмнае забеспячэнне і звесткі.
Адрасная шына (address bus) — прылада кампутара для перадачы сігналаў, якія ўказваюць адрасы ячэек памяці кампутара і іх змесціва. У склад адраснай шыны звычайна ўваходзяць ад 20 да 64 асобных шынаў (ліній). Лініі далучаюцца як да мікрапрацэсара, так і да ўсіх мікрасхемаў памяці. Пры дапамозе сігналаў на адраснай шыне можна звярнуцца да розных мікрасхемаў. Памер адраснай шыны (колькасць яе праваднікоў) непасрэдна звязаны з лікам ячэек, якія можа адрасаваць мікрапрацэсар, і фактычна з аб’ёмам памяці, які ён можа выкарыстоўваць для праграм і звестак. Сігналы на лініі шыны пасылаюцца ў двайковай форме.