Выбрать главу

Прылáда вываду звéстак (output devices) — прылада для аднаўлення звестак па сігнале звестак і запісе іх на носьбіт звестак. Перыферыйнае абсталяванне, якое пераўтварае сігналы кампутара ў зручную для чалавека форму альбо ў форму, якая дазваляе апераваць са звесткамі кампутара іншым машынам.

Прылáда кіравáння (control unit) — прылада альбо схема, на якую ўскладзены функцыі развязання канфліктаў і рэгулявання жыццядзейнасці сістэмы.

Прылáда пáмяці прамóга дóступу (direct access storage device — DASD) — прылада памяці, якая забяспечвае зварот да ўсіх дзялянак носьбіта звестак у адвольным парадку, у адрозненне ад прылады паслядоўнага доступу, якая праглядае ўсе вобласці захоўвання звестак паслядоўна з самага пачатку. Прыладамі прамога доступу з’яўляюцца дыскі, а для магнітных стужак — прылады паслядоўнага доступу.

Прылáда парадкóвага друкавáння (line printer) — любая друкарка, якая друкуе адразу адзін радок, а не сімвал, як гэта робіць матрычная друкарка, ці лазерная — адразу адну старонку.

Прылáда размагнічвання (degausser) — прылада для зняцця намагнічвання з аб’ектаў: для сцірання інфармацыі з магнітных носьбітаў (стужкі, дыска), для размагнічвання галовак магнітафона, зняцця статычнага зараду з экрана манітора.

Прылáда ўвóду графічнай інфармацыі (digitizer) — прылада і праграмнае забеспячэнне для пераўтварэння графічнай інфармацыі ў лічбавую форму.

Прылáда ўвóду звéстак (input device) — любая прылада, якая забяспечвае ўвод інфармацыі. Прылада для пераўтварэння звестак, запісаных на носьбіце звестак альбо якія паступаюць з клавіятурных прыладаў, у сігнал звестак.

Прымітыў (primitive) — у кампутарнай графіцы: прасцейшыя фігуры, якія можна намаляваць, захоўваць і кіраваць як асобным элементам, гэта — лінія, акружнасць і інш.

Прымяняльнасць (usability) — лёгкасць і адаптацыйнасць эфектыўнага прымянення праграмы (вырабу) па яе прызначэнні; лёгкасць вывучэння, гнуткасць, адсутнасць памылак і выдатны дызайн.

Прынтар (друкáрка) (printer) — алфавітна-лічбавая прылада для друкавання на паперы сімвальнай інфармацыі. Віды друкарак: ударныя (тыпу “Рамонак” і кропкава-матрычныя) і безударныя (тэрмаграфічныя, струйныя і лазерныя).

Прырашчэнне (increment, augment) — велічыня, на якую павялічваецца іншая велічыня.

Прырóджаная, унýтраная памылка (inherent error) — памылка ў сказе, праекце, логіцы і (альбо) алгарытме, якая змушае праграму працаваць няправільна, нягледзячы на тое, што яна добра напісана.

Прырóст (increment, augment) — велічыня, на якую павялічваецца іншая велічыня.

Прысвóйванне (assignation) — прызначэнне зменнай пэўнага значэння. Здзяйсняецца з дапамогай аператара прысвойвання.

Прыярытэт, перавáга (порядок старшынства, order of precedence) — гл. прыярытэт аперацый.

Прыярытэт аперáцый (operations precedence) — правіла, якое вызначае паслядоўнасць выканання аперацый, напрыклад у арыфметычным выразе.

Прыярытэт працэсу (priority) — пераважнае права перад іншымі працэсамі на выкарыстанне рэсурсаў, выражаецца лікам, супастаўленым з працэсам. У кампутарных сетках метад прысвойвання прыярытэту прымяняецца, каб пазбегнуць канфліктаў паміж кампутарамі. У аперацыйных сістэмах прыярытэты прымяняюцца пры вызначэнні першачарговага доступу да памяці.

Прыярытэтны (foreground) — у шматзадачным асяроддзі: працэс выканання праграмы, якому у дадзены момант належыць кіраванне кансольлю і якая рэагуе на каманды, якія выдаюцца з клавіятуры альбо з дапамогай іншай прылады ўводу, напрыклад мыш. Прыярытэтны працэс — гэта актыўны працэс, да якога адносяцца каманды, якія выдаюцца і ўводзімыя звесткі.

Прэдыкáт (predicate; ад лац. predicatum — выказанае) — у матэматычнай логіцы: выказванне, якое атаясамляецца з яго значэннем: “праўда” і “няпраўда”. Прэдыкат мае сваім вынікам “праўда” альбо “няпраўда”, што вызначаецца толькі пасля прысвойвання зменнай лічбавага значэння, напрыклад х<5 будзе “праўда” для х роўнага 0, 1, 2, 3, 4 і “няпраўда” для 5, 6, 7 і г.д.

Прэмасцерынг (premastering) — стварэнне вобраза арыгінала дыску (макета) на стандартным носьбіце. Носьбіт утрымоўвае інфармацыю кампакт-дыска ў фарматах, стандартах, якія неабходны для стварэння шклянога арыгінала (майстар-дыска).

Прэпрацэсар (preprocessor) — праграма, якая выконвае папярэднюю апрацоўку ўваходных звестак для іншай праграмы. У шырокім сэнсе: кампутар альбо прылада, які генеруе і апрацоўвае звесткі, а затым перадае другому працэсару. У сістэмах сувязі: кампутар, які размешчаны паміж лініямі сувязі і асноўным кампутарам і выконвае службовыя функцыі перадачы звестак.