Выбрать главу

Растр (raster) — мноства кропкавых элементаў, з дапамогай якіх знак адлюстроўваецца на экране дысплея альбо фіксуецца на папяровым носьбіце. Адзінка вымярэння, роўная адлегласці паміж дзвюма сумежнымі элементамі адлюстравання.

Расшыфрóўванне (decryption) — працэс аднаўлення зыходнага віду зашыфраваных звестак.

Рацыянáльны лік (rational number) — лік, які можна запісаць у выглядзе дробу двух цэлых лікаў m / n, дзе m, n— цэлыя лікі (n ≠ 0).

Рашэнне, развязак, развязанне (decision) — выбар аднаго з двух і болей магчымых дзеянняў. Выбар рашэнняў можна падаць у выглядзе табліцы развязання альбо дрэва развязак.

Робататэхніка (robotics) — галіна навейшай тэхнікі, якая звязана са стварэннем і навучаннем робатаў. Робаты прымяняюцца ў шырокай сферы навукі, тэхнікі і грамадскага жыцця

Ручны ўвод (manual entry) — увод звестак з клавіятуры карыстальнікам кампутара.

Рысавáнне (inking) — увод лініі з дапамогай прылады, якая прызначана для ўводу каардынатаў.

Рэáльны час, рэáльны маштáб чáсу (real-time) — апрацоўка звестак у гэтым рэжыме забяспечвае ўзаемадзеянне вылічальнай сістэмы з вонкавымі па адносінах да яе працэсамі ў тэмпе, суразмерным з хуткадзейнасцю гэтых працэсаў. Аперацыі кампутара суадносяцца з тэмпам работы чалавека альбо вонкавых працэсаў. Рэжым рэальнага часу можна прымяняць у якасці кіроўнага воргана ў замкнёных кампутарных сістэмах кіравання.

Рэарганізáцыя бáзы звéстак (database reorganization) — змена фізічнай арганізацыі базы звестак без змены лагічнай арганізацыі з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання базы звестак.

Рэарганізáцыя звéстак (data reorganization) — змена лагічнай і фізічнай арганізацыі звестак з мэтай аптымізацыі выкарыстання памяці і часу доступу да звестак.

Рэгенерáцыя (refresh) — аднаўленне, паўторнае ўключэнне сілкавання. Працэс хуткага паўторнага адлюстравання на паверхні візуалізацыі (дысплей), у выніку якога адлюстраванне застаецца бачным — забяспечваецца пастаяннае адлюстраванне.

Рэгістр ( register) — невялікі пайменаваны абсяг высокахуткаснай памяці мікрапрацэсара альбо якой-небудзь электроннай прылады, здольнай запісваць звесткі ў двайковай форме.

Рэгістр áдраса камáнд (instruction address register) — рэгістр для захоўвання адрасу наступнай каманды, якая павінна быць выканана. Рэгістр цэнтральнага працэсара, змесціва якога ў паслядоўныя моманты часу адпавядае адрасам памяці, якія (адрасы) ўзрастаюць на адзінку; таксама называецца праграмным лічыльнікам альбо паказальнікам камандаў.

Рэгістр агýльнага прызначэння (general-purpose register) — рэгістр працэсара, які не зарэзерваваны аперацыйнай сістэмай для якога-небудзь канкрэтнага прызначэння, ён прызначаны для выкарыстання ў розных мэтах — даступны праграмам і выкарыстоўваецца імі для часовага захоўвання аперандаў, базавага адрасу і іншых звестак.

Рэгістр аперáцыі (рэгістр кóда аперáцыі) (operation register) — частка рэгістра камандаў у прыладзе кіравання, якая змяшчае код аперацыі.

Рэгістр камáнды (instruction register) — рэгістр працэсара, які ўтрымлівае адрас каманды, каторую  належыць выканаць.

Рэгістр клавіятуры (case) — рэгістр, які пераключае тып друкавальных літарных сімвалаў з прапісных літараў на радковыя і наадварот. Праграма, якая ўлічвае рэгістр, адрознівае прапісныя і радковыя літары.

Рэгістр мадыфікáцыі (modifier register) — рэгістр для захоўвання мадыфікатара (кіроўны параметр каманды).

Рэгістр мнóжніка (multiplier register) — рэгістр для размяшчэння множніка пры выкананні аперацыі множання.

Рэгістр мнóжыва (multiplicand register) — рэгістр для размяшчэння множыва пры выкананні аперацыі множання.

Рэгістр стáну (status register) — гл. флаг.

Рэгістр стэка (stack register) — рэгістр для захоўвання паказальніка стэка.

Рэгістр увóду-вываду (input-output register) — рэгістр для абмену звесткамі паміж прыладамі ўводу-вываду і галоўным кампутарам.

Рэгістравае адрасавáнне (register addressing) — адрасаванне аперандаў з вызначэннем іх адрасоў праз змесціва рэгістраў.

Рэдáктар (editor) — праграма, якая звычайна прымяняецца для стварэння тэкставых файлаў альбо ўнясення зменаў у існы тэкставы файл. Тэкставы працэсар складаецца з двух частак: тэкставага рэдактара і фарматара.