Адрасны рэгістр (address register) — рэгістр унутры мікрапрацэсара альбо цэнтральнага пульта кіравання, у якім захоўваецца адрас такім чынам, што ён можа быць выведзены на адрасную шыну.
Адтýліна для размéткі (sectoring hole) — адтуліна на гнуткім дыску для вызначэння патрэбнага сектара. Адтуліна прабіта як у самім дыску, так і ў яго пакрыцці. Гэтыя адтуліны супадаюць пры пракручванні дыска і промень святла вызначае пачатак сектара.
Адцéнне (hue) — адна з характарыстык колеру, які выводзіцца на экран. Характарыстыкамі колеру з’яўляюцца таксама яркасць і насычальнасць.
Акрóнім (acronym) — скарачэнне, утворанае першымі альбо найбольш значнымі літарамі ў шматслоўным назове, часта выкарыстоўваецца ў якасці мнеманічнага абазначэння, напрыклад DOS (Disk Operation System), RAM (Random Access Memory).
Акруглéнне (rounding) — набліжанае выяўленне ліку ў пэўнай сістэме злічэння з дапамогай концай колькасці разрадаў. У вылічальнай тэхніцы акругленне можа прыводзіць да памылак. Найбольш просты спосаб акруглення — адкіданне ніжэйшых разрадаў ліку, што выйшлі за межы дапушчальных разрадаў.
Актуалізáцыя (updating) — абнаўленне назапашаных звестак у адпаведнасці з новымі звесткамі, гэта значыць прывядзенне іх у стан, дапасаваны да стану аб’ектаў прадметнага абсягу, якім адпавядаюць гэтыя звесткі.
Актуалізáцыя базы звéстак (database updating) — абнаўленне значэнняў звестак у базе звестак, якое выконваецца для прывядзення яе стану ў адпаведнасць з бягучым станам прадметнай вобласці.
Актывáцыя (activation) — прадстаўленне працэдуры шляхам спецыяльнага выкліку гэтай працэдуры.
Актыўнае вáкно (active window) — вакно на экране, ў асяродку з магчымасцямі адлюстравання некалькіх вокнаў на экране, з каторым у дадзены момант працуе карыстальнік; у якім выводзяцца вынікі дзеянняў беглай праграмы (адлюстраванне альбо дакумент) і ў якім знаходзіцца курсор і выконваецца ўвод звестак. Актыўнае вакно не перакрываецца іншымі вокнамі, яно выдзяляецца колерам рамкі альбо загалоўка. Актывізацыя вакна здзяйсняецца навядзеннем на яго курсора і націсканнем левай клавішы мышы.
Актыўная прагрáма (active program) — праграма, якая загружана ў асноўную памяць, і якой перададзена кіраванне мікрапрацэсарам; праграма, з якой у дадзены момант працуе карыстальнік у сістэме з некалькімі праграмамі.
Актыўная ячэйка (active cell) — выбраная (бягучая) ячэйка ў праграме таблічнага працэсара. Гэта тая ячэйка, з якой ў дадзены момант вядзецца работа. Актыўная ячэйка з’яўляецца аб’ектам уздзеяння любой працэдуры, якую задае карыстальнік: увод звестак, фарматаванне, рэдагаванне і інш. Актыўная ячэйка выдзяляецца падсветкай на экраннай сетцы электроннай табліцы і ідэнтыфікуецца каардынатамі радка і слупка, да якіх яна належыць.
Актыўны (active, online, running) — актывізаваны і гатовы да работы, здольны на сувязь альбо кіраванне кампутарам; выконваецца ў дадзены момант, звычайна ў цэнтральным працэсары. Гэта азначэнне праграмы, прылады, дакумента альбо часткі экрана, што ў дадзены момант знаходзяцца ў рабоце; напрыклад, актыўная праграма — праграма, якая прымае каманды, актыўны файл — файл, які падрыхтаваны для ўводу і карэктавання.
Актыўны дыскавóд (active disk) — дыскавы назапашвальнік, які даступны карыстальніку ў дадзены момант. Windows можа працаваць з усімі дыскаводамі кампутара. Аднак адзін з іх мае прывілеі. Гэта актыўны альбо стандартны дыскавод. Калі не ўказаны іншы дыскавод, Windows працуе з актыўным.
Актыўны зáпіс (active record) — запіс файла, да якога выконваўся зварот у працэсе выканання праграмы, альбо запыт карыстальніка. Запісы, да якіх не было зваротаў, лічацца неактыўнымі.
Актыўны каталóг (active directory) — служба каталогаў Microsoft. База звестак, якая ўтрымлівае поўную інфармацыю аб сетцы (даменах, кампутарах, карыстальніках, сеткавых рэсурсах), і сукупнасць праграм, прызначаных для кіравання гэтай базай звестак.
Актыўны прынтар (active printer) — прынтар, які далучаны да порта кампутара. Сістэма кампутараў можа мець такую канфігурацыю, калі да сістэмы далучана некалькі прынтараў, але праграмай можа быць прадугледжана выкарыстанне толькі аднаго.