Выбрать главу

Сімвалічныя абазначэнні (symbolic code) — у праграмаванні: коды сімвалічнай формы, якія адрозніваюцца ад кодаў у выглядзе лікаў, напрыклад DIV, MOD.

Сімвальны радóк (character string) — група любой паслядоўнасці элементаў з існага набору сімвалаў, якая разглядаецца як адно цэлае і інтэрпрэтуецца кампутарам як тэкст, а не як лікі.

Сімплексны канáл (simplex) — сістэма перадачы звестак, якая здзяйсняе перадачу звестак толькі ў адным кірунку.

Сінóнім (synonym) — слова, якое супадае з іншым словам гэтай жа мовы, але адрозніваецца ад яго адценнямі значэння альбо стылістычнай афарбоўкай. Сінонім — гэта поўнасцю эквівалентны элемент.

Сінтаксіс (syntax) — адносіны паміж сімваламі альбо групамі сімвалаў у залежнасці ад іх значэнняў альбо спосабу іх інтэрпрэтацыі і выкарыстання.

Сінтаксічная памылка (syntax error) — памылка ў выкарыстанні сінтаксісу мовы. Паслядоўнасць сімвалаў, якая парушае правілы мовы.

Сінтаксічны анáліз (parsing) — другі этап пры трансляцыі праграм з мовы высокага ўзроўню. Транслятар выконвае аналіз сказаў зыходнай праграмы з мэтай распазнавання тыпу сказа, выяўлення структуры праграмы і выканання сінтаксічнага кантролю. Транслятар паведамляе пра памылкі.

Сінтэз мóвы (speech synthesis) — здольнасць кампутара ўзнаўляць словы; працэс генерацыі моўных сігналаў (гукаў) з лічбавай формы, якія захоўваюцца ў памяці кампутара. Праграма, якая здзяйсняе генерацыю гукаў накшталт мовы чалавека.

Сінтэзáтар (synthesizer) — гукавая сістэма кампутара для імітацыі гукаў музычных інструментаў і ўзнаўлення гукавых эфектаў.

Сінхрóнная перадáча (synchronous transmission) — перадача звестак, пры якой кожны сігнал, які адпавядае аднаму біту, перадаецца ў момант часу, вызначаным задавальным генератарам. Спосаб перадачы звестак з сінхранізацыяй ад тактавага генератара на старане прыёмніка і на старане перадатчыка.

Сінхрóнная прáца (synchronous operation) — якая-небудзь аперацыя, што выконваецца пад кіраўніцтвам генератара сінхранізаваных імпульсаў альбо механізма сінхранізацыі. Выкананне паслядоўнасці аперацый, якімі кіруе рэгулярная паслядоўнасць сігналаў сінхранізацыі.

Сінхрóнны (synchronous) — характарызуе некалькі працэсаў, якія прымяняюць у якасці эталона наступлення спецыяльных падзей, агульных для ўсіх працэсаў. Маючы адносіны да двух альбо больш працэсаў, што залежыць ад паяўлення спецыфічнай падзеі, такой як просты сінхранізавальны сігнал. Прылады, якія працуюць разам і з аднолькавай хуткасцю.

Сінхранізáцыя (synchronization) — выраўноўванне, узгадненне інтэрвалаў часу асобных кампутараў альбо кампанентаў сістэмы для агульнай каардынацыі. Арганізацыя дзеянняў такім чынам, каб яны ішлі ў вызначанай паслядоўнасці альбо паралельна. Сінхранізацыя ўстанаўліваецца аўтаматычна, калі і перадатчык і прыймальнік ужываюць адзін і той жа пратакол.

Сістэма (system) — нейкі набор звязаных элементаў, якія працуюць сумесна для выканання задачы. Кампутар як адзінае цэлае — гэта сістэма.

Сістэма аднаўлéння (recovery system) — сістэма, якая дапускае рамонт у працэсе выканання сваіх функцый.

Сістэма вéдаў (knowledge system) — сістэма для развязання праблемаў з выкарыстаннем метадаў штучнага інтэлекту.

Сістэма з амартызáцыяй адкáзаў (fail-soft system альбо graceful degradation) — праграмнае забеспячэнне альбо абсталяванне, пры недакладнай рабоце якога звесткі застаюцца захаванымі.

Сістэма захóўвання (storage system) — любая сістэма, прызначаная для захоўвання звестак.

Сістэма зварóтнага выкліку (ring-back system) — метад сувязі з аддаленым кампутарам.

Сістэма калектыўнага дóступу (multi-access system) — вылічальная сістэма, якая забяспечвае работу з ЭВМ некалькіх карыстальнікаў у рэжыме падзелу часу. Да аднаго магутнага кампутара пры дапамозе свайго тэрмінала маюць доступ некалькі карыстальнікаў. Высокая хуткадзейнасць галоўнага кампутара стварае ўражанне ў кожнага карыстальніка аднаасобнага выкарыстання цэнтральнага працэсара. Сістэмы калектыўнага доступу прымяняюцца там, дзе неабходна дзеянні выконваць у рэальным часе.

Сістэма камáндаў (instruction set альбо repertoire) — поўны набор камандаў машыннай мовы канкрэтнага тыпу кампутара. Сукупнасць камандаў, якая падтрымлівае працэсар, і правілы іх кадавання. Спіс усіх камандных слоў мовы Асэмблера для данага тыпу мікрапрацэсара. Прымяняюцца наступныя групы камандаў: каманды перасылкі кодаў, каманды арыфметычных і лагічных аперацый, каманды арганізацыі цыклічных працэсаў, каманды кіравання.