Выбрать главу

Сістэма камутáцыі пакéтаў (packet-switching service) — метад аб’яднання звестак у блокі (пакеты) для перадачы па маршруце да канечнага пункта. Асобныя пакеты можна перадаваць па розных маршрутах.

Сістэма кіравáння бáзай звéстак (database management system, DBMS) — сукупнасць праграмных і моўных сродкаў для стварэння, вядзення і выкарыстання структураваных звестак, якія захоўваюцца ў базе звестак. DBMS уяўляе сабой праграмную абалонку паміж уласнай базай звестак і карыстальнікам. Яна кіруе ўсімі запытамі карыстальніка на тыя ці іншыя дзеянні, напрыклад пошук, абнаўленне звестак. Карыстальнік вызвалены ад неабходнасці памятаць такія дробязі, як месцазнаходжанне файла, яго фармат і г.д. DBMS забяспечвае цэнтралізаваны кантроль абароны і цэласнасць звестак.

Сістэма кіравáння размеркавáнай бáзай звéстак (distributed database management system) — сістэма кіравання базай звестак, якая кіруе размеркаванай базай звестак.

Сістэма падтрымкі прыняцця рашэнняў (decision support system, DSS) — камплект узаемазвязаных праграм і звестак для аналізу і прыняцця рашэнняў унутры арганізацыі. Дапамагае карыстальніку ў фармаванні альтэрнатыўных рашэнняў і выбары найлепшых дзеянняў. У склад DSS уваходзяць: праграма мадэлявання для тэставання альтэрнатыўных рашэнняў, інфармацыйная база звестак (веды з той галіны, у якой будуць прымацца рашэнні), “мова”, якую можна выкарыстоўваць для апісання задач і фармулявання пытанняў.

Сістэма рэáльнага чáсу (real-time system) — сістэма, якая працуе ў рэжыме рэальнага часу. Кампутар і (альбо) праграмнае забеспячэнне, якія рэагуюць на падзеі да таго, як яны ўстарэюць і пакуль ёсць час для прыняцця рашэння.

Сістэма сýвязі (communications system) — комплекс перадачы інфармацыі ў складзе камбінацыі апаратных сродкаў, праграмнага забеспячэння і каналаў перадачы звестак.

Сістэма шыны (bus system) — інтэрфейсныя схемы, якія кантралююць работу шыны і злучаюць яе з астатняй часткай кампутара.

Сістэмнае прагрáмнае забеспячэнне (system software) — сукупнасць праграм і звестак, якія складаюць аперацыйную сістэму і дапамагаюць ёй выконваць свае задачы. Асноўныя сістэмныя праграмы: аперацыйныя сістэмы і абалонкі, сістэмы дыягностыкі і лакалізацыі няспраўнасцяў тэхнічных сродкаў, інструментальных сістэмаў распрацоўкі прыкладнога праграмнага забеспячэння.

Сістэмнае праграмавáнне (system programming) — распрацоўка і падтрымка праграм як часткі аперацыйнай сістэмы.

Сістэмная дарóжка (system tracks) — дарожка, на якой запісаны асноўныя файлы аперацыйнай сістэмы.

Сістэмная змéнная (system variables) — зменная, якой значэнне прысвойваецца сістэмай, захоўваецца ў аператыўнай памяці і даступная для прымянення ў праграмах. Пры збоі праграма можа прадоўжыць выкананне толькі, калі значэнні сістэмных зменных не прапалі.

Сістэмная кансóль (system console) — у лакальнай сетцы адзін з кампутараў прызначаны для адміністратара сістэмы.

Сістэмная пáпка (system folder) — папка з сістэмнымі файламі аперацыйнай сістэмы.

Сістэмная памылка (system error) — стан праграмнага забеспячэння, пры якім аперацыйная сістэма не можа працягваць нармальнае функцыянаванне. Звычайна для пераадолення сістэмнай памылкі патрабуецца перазагрузка кампутара.

Сістэмны анáліз (systems analysis) — метадалогія даследавання любых аб’ектаў (праграмы, сістэмы, прылады) пры дапамозе апісання іх у якасці сістэмаў і аналізу гэтых сістэмаў.

Сістэмны гадзіннік (system clock) — схема для адлічвання часу і даты у кампутары, працуе на батарэйках.

Сістэмны дыск (system disk, master disk) — дыск, на якім размяшчаюцца модулі аперацыйнай сістэмы і адкуль яна загружаецца ў пастаянную памяць кампутара і ажыццяўляецца яе запуск. Дыскету, на якую запісана аперацыйная сістэма, называюць сістэмнай дыскетай. Яна выкарыстоўваецца толькі для атрымання копій. Кампутар загружаецца з копій.

Сістэмны збой (system crash) — няспраўнасць у выніку пашкоджання дарожкі на загрузачным дыску ў адным з двух галоўных сістэмных файлах.

Скáнер (scanner) — прылада ўводу звестак, у якой промень святла паслядоўна па радках з дапамогай фотаэлемента счытвае інфармацыю з носьбіта.

Скажэнне фóрмы (degradation) — парушэнне выразнасці формы электрычнага імпульсу. Пры пасылцы шэрагу імпульсаў скажэнне формы прыводзіць да цяжкасцяў счытвання гэтых імпульсаў альбо здабывання з іх карыснай інфармацыі.

Скажэнне звéстак (data pollution) — метад, які прымяняюць хакеры (кампутарныя хуліганы) для стварэння цяжкасцяў у карыстанні базамі звестак. Пры гэтым рэальныя звесткі скажаюцца, але такім чынам, што неабходная інфармацыя захоўваецца ў той ці іншай форме.