Скажэнне, скрыўленне (distortion) — 1. Адхіленне значэнняў параметраў сігналу звестак ад устаноўленных патрабаванняў; змена формы сігналу; непажаданая змена формы хвалі сігналу. Скажэнне можа адбыцца пры перадачы сігналу (памехі радыёвяшчання) альбо пры праходзе сігналу па схеме (напрыклад, стэрэасістэма ўключана з вялікай гучнасцю). Скажэнне часта прыводзіць да страты інфармацыі. Гэта праблема тычыцца ў асноўным аналагавых сігналаў; на лічбавыя сігналы ўмераныя скажэнні не аказваюць уздзеяння. 2. Змяненні змесціва паведамлення, якое перадаецца па лініі сувязі.
Скалярная велічыня (scalar value) — гл. простая велічыня.
Сканіраванне дыска (disk scan) — працэс знаходжання на дыску збойных дзялянак і арганізацыі абходу іх пры запісу-чытанні інфармацыі.
Сканіраванне клавіятýры (keyboard scan) — працэс вызначэння націснутай на клавіятуры клавішы пры дапамозе незалежнага працэсара клавіятуры.
Скасавáнне (undo) — ануляванне апошняга дзеяння, напрыклад аднаўленне толькі што знішчанага тэксту ў дакуменце
Скідванне (reset) — 1. Вяртанне сістэмы ў першапачатковы стан. 2. Змена ўстаноўленых раней разрадаў рэгістра ў 0.
Скідванне лічыльніка (counter reset) — прывядзенне лічыльніка ў пачатковы стан.
Скідванне пáмяці (memory reset) — вызваленне абсягу аперацыйнай памяці з захаваннем яе змесціва ў вонкавай памяці.
Складóвы аперáтар (compound statement) — аператар, які складаецца з паслядоўнасці аператараў. Часцей такая паслядоўнасць аператараў выдзяляецца пры дапамозе сінтаксічных адзінак.
Складóвы ключ (composite key) — ключ запісу, які складаецца з некалькіх яго ключавых палёў.
Складóвы нýмар старóнкі (composite page number) — нумар, які складаецца з двух і больш лікаў, напрыклад для абазначэння главы і старонкі 3.7, дзе 3 — глава, 7 — старонка.
Складовае імя (pathname) — у іерархічнай файлавай сістэме: спіс каталогаў, які вядзе з беглага каталогу да канкрэтнага файла. Ідэнтыфікатар паслядоўнасці імёнаў, кожнае з якіх адназначна вызначае наступны за ім элемент структуры.
Скрынка “чóрная” (black box) — прылада, праграмны модуль, набор звестак, інфармацыя аб унутраннай структуры і змесце якіх поўнасцю адсутнічае, але вядомы спецыфікацыі ўваходных і выходных звестак.
Скрэмблявáнне (scrambling) — кадаванне звестак такім чынам, каб ускладніць доступ да іх пабочным асобам.
Слóва (word) — адзінка захоўвання інфармацыі ў кампутары; ланцужок сімвалаў у некаторым алфавіце, які мае пэўнае сэнсавае значэнне. Гл. машыннае слова.
Слóва камáнды (instruction word) — гл. зарэзерваванае слова.
Слóва стáну (status word) — слова стану прылады: праграмна даступны рэгістр, разрады якога апісваюць стан вонкавай прылады альбо некалькіх вонкавых прыладаў.
Слóва стáну працэсара (processor status word) — слова, якое поўнасцю апісвае стан працэсара ў кожны момант. Яно ўказвае адрас каманды, якая выконваецца ў беглы момант, дазволеныя і забароненыя класы аперацый, стан перарыванняў і іншыя звесткі.
Слóўнік (dictionary) — упарадкаваны пералік слоў, сімвалічных імёнаў альбо найменняў з указаннем іх значэнняў альбо тлумачэнняў. У тэкставых працэсарах выкарыстоўваецца для праверкі правапісу кожнага слова ў дакуменце шляхам параўнання слоў у тэксце і ў слоўніку.
Слóўнік звéстак (data dictionary) — набор апісанняў кампанентаў звестак у галоўных файлах базы звестак. База звестак, якая ўтрымлівае інфармацыю пра ўсе базы звестак, якія складаюць нейкую сістэму базаў звестак — “звесткі аб звестках”.
Слýжба аддáленага рэзервóвага капіявáння (remote backup service) — рэзервовае капіяванне ініцыюецца аддалена: адміністратар сеткі, які працуе са сваім кампутарам, можа запусціць працэс рэзервовага капіявання на любой машыне сеткі, на якой працуе адпаведная служба.
Службóвыя аперáцыі (дзéянні) (housekeeping) — службовыя аперацыі нябачныя для карыстальніка, якія выконваюцца для падтрымання рабочага стану ў сістэме, у асяроддзі выканання праграмы альбо ў структуры звестак унутры праграмы. Службовыя аперацыі не ўздзейнічаюць на звесткі.
Слупóк (column) — вертыкальны набор якіх-небудзь звестак. Гл. калонка.
Слупкóвая дыягрáма (column chart) — адлюстраванне функцыянальнай залежнасці паміж велічынямі ў выглядзе прамавуглавікоў, апошнія могуць адрознівацца шырынёй і колерам. Ужываюцца двухмерныя і трохмерныя дыяграмы.