Счытванне звéстак без разбурэння (non-destructive read) — рэжым функцыянавання запамінальнай прылады памяці, у працэсе якога здзяйсняецца счытванне звестак, якое не выклікае іх сцірання.
Счытванне звéстак з разбурэннем (destructive read) — рэжым работы запамінальнай прылады памяці, у працэсе якога здзяйсняецца счытванне звестак, якое выклікае іх сціранне.
Счытнік, счытчык (reader) — прылада для счытвання звестак; праграма счытвання звестак.
Сыхóднае праграмавáнне (top-down programming) — метадалогія праграмавання, пры якой агульны алгарытм рашэння задачы разбіваецца на шэраг больш простых падзадач, якія, у сваю чаргу, разбіваюцца, і так да поўнай дэталізацыі праграмы. Праграмаванне падзадач праводзіцца незалежна. Функцыі падзадач вынікаюць з агульнага алгарытму. Праграмы падзадач адладжваюцца паралельна, затым кампануюцца і адладжваецца ўся праграма.
Сям’і (семейство) кампýтараў (computer family) — група кампутараў, якія сканструяваныя на базе аднаго і таго ж мікрапрацэсара альбо на базе роднасных мікрапрацэсараў адной серыі і асноўных аналагічных элементаў архітэктуры.
Т
Табліца (table) — структураваны набар звестак у вызначанай форме, звычайна ў выглядзе набору радкоў і слупкоў. У праграмаванні: структура звестак, звычайна складаецца з паслядоўнасці запісаў, кожны з якіх мае ключ (унікальны ідэнтыфікатар).
Табліца дóступу (access table) — форма структураваных звестак, у якой размяшчэнне звестак указваецца дзвюмя “каардынатамі”.
Табліца дэскрыптáраў (descriptor table) — набор байтаў, якія захоўваюць адрасы памяці праграмных файлаў. Калі некалькі праграм запускаюцца ў тым жа самым аб’ёме памяці, то доступ да праграмы здзяйсняецца толькі па табліцы дэскрыптараў і здымаецца рызыка таго, што адна праграма разбурыць звесткі другой праграмы.
Табліца ідэнтыфікатáраў (symbol table) — спіс выкарыстаных у праграме ідэнтыфікатараў і іх атрыбутаў, якія выдае транслятар (лістынг праграмы на мове Асэмблера).
Табліца праўдзівасці (truth table) — табліца ўваходных і выхадных значэнняў, якая паказвае магчымыя вынікі булевых выразаў. Утрымлівае ўсе магчымыя камбінацыі ўваходных сігналаў і ўсе іх наступствы. Прымяняецца галоўным чынам пры распрацоўцы лагічных ланцугоў, але досыць часта бывае карыснай пры праверцы работы праграмы.
Табліца развязак (рашэнняў) (decision table) — апісанне дзеянняў у выглядзе матрыцы, якія могуць быць выкананы пры розных камбінацыях умоў: слупкі адпавядаюць камбінацыям умоў, а радкі — дзеянням.
Табуляцыя (tabulation) — перамяшчэнне беглай пазіцыі вываду да наступнай папярэдне ўстаноўленай пазіцыі табуляцыі.
Таймер (clock) — прылада працэсара, якая выдае сігналы праз рэгулярныя прамежкі часу. Таймер генеруе тактавыя імпульсы, і хуткасць работы мікрапрацэсара залежыць ад хуткасці іх паступлення. Найбольш часта ўжываюцца тактавыя частоты ад 8 да 33 МГц.
Тáктавая частатá (clock rate) — хуткасць, з якой працэсар кампутара выконвае каманды. У кожнага кампутара ёсць свой гадзіннік, які рэгулюе хуткасць выканання камандаў працэсара.
Тапалóгія (topology) — раздзел матэматыкі, у якім высвятляецца і даследуецца ідэя непарыўнасці. Геаметрычнае адлюстраванне адносінаў ліній і вузлоў у сетцы, не абавязкова звязанае з вылічальнымі дзеяннямі. Агульная схема, схема злучэнняў, канфігурацыя.
Тапалóгія сéткі (network topology) — тапалогіяй называецца спосаб арганізацыі фізічных сувязяў і спосаб іх адрасацыі. Канальны ўзровень забяспечвае дастаўку звестак паміж вузламі ў сетцы з акрэсленай тапалогіяй, для якой ён распрацаваны. Да асноўных тапалогій адносяцца: агульная шына, кальцо, зорачка.
Тóлькі для чытáння (read-only) — інфармацыя, якую можна толькі праглядзець, счытаць, але не змяняць альбо перапісаць. Файл, які дазволена чытаць і раздрукоўваць, але ніякім чынам не змяняць.
Том (volume) — старая назва дыска альбо стужкі, на якіх захоўваліся звесткі з унікальным імем альбо нумарам.
Тон (hue) — у каляровай кампутарнай графіцы: адна з трох характарыстык для апісання колеру (дзве іншыя — насычанасць і яркасць); атрыбут, які дазваляе найбольш наглядна адрозніваць адзін колер сярод іншых.
Тон-насычанасць-яркасць (hue-saturation-brightness) — у кампутарнай графіцы: каляровая мадэль для апісання колеру.