Выбрать главу

Актыўны стан (online state) — стан мадэма, калі ён мае зносіны з іншым мадэмам (падтрымлівае сувязь). Вакно альбо піктаграма дадатка з’яўляюцца актыўнымі, калі яны адзначаны. Актыўнае вакно можна перамяшчаць, памяншаць альбо павялічваць, а таксама мадыфікаваць рознымі спосабамі.

Актыўны файл (active file) — файл, да якога будзе адносіцца любая выдаваемая ў дадзены момант каманда, напрыклад запіс, чытанне, рэдагаванне і рэгістрацыя інфармацыі. Пасля выканання працэдуры адкрыцця OPEN для канкрэтнага файла, ён становіцца актыўным: яго запісы становяцца даступнымі для чытання і апрацоўкі.

Акумулятар (accumulator) — галоўны рэгістр мікрапрацэсара сярод некалькіх рэгістраў памяці. Ён можа здзяйсняць акрэсленныя дзеянні над змесцівам рэгістраў памяці. Самым важным з рэгістраў з’яўляецца акумулятар. У ім могуць быць выкананы аперацыі над лікамі. Акумулятар назапашвае вынікі серыі арыфметычных аперацый. У часе выканання аперацыі адзін аперанд, як правіла, запісываецца ў акумулятар, там жа застаецца і вынік. Некаторыя тыпы працэсараў выкарыстоўваюць больш за адзін акумулятар. Аперанд (у 8-разрадным акумулятары гэта байт) можа быць заладаваны ў акумулятар, складзены з іншым байтам, з яго можа быць адняты байт альбо над ім можа быць здзейснена лагічная аперацыя. У выніку любой з пералічаных аперацый у акумулятары захаваецца канчатковы вынік да пачатку выканання наступнай аперацыі.

Акустычны злучáльнік (acoustic coupler) — прылада сувязі для злучэння паміж кампутарам, які пасылае, і кампутарамі, якія прымаюць інфармацыю. Забяспечваецца ўбудаваным ізаляваным гняздом, у якое ўстаўляецца тэлефонная трубка. Прымяняецца там, дзе прамое падключэнне немагчыма.

Акцет (octet) — восем бітаў.

Алгарытм (algorithm) — дакладна сфармуляваны парадак выканання нейкай сукупнасці пэўных правілаў для развязання задач аднаго і таго ж тыпу. Алгарытм — канцавы набор прадпісанняў для развязання задачы пры дапамозе канечнай колькасці аперацый. Стварэнне алгарытму з’яўляецца першым крокам да стварэння кампутарнай праграмы. Уласцівасці алгарытму: зразумеласць, дыскрэтнасць, масавасць, выніковасць, эфектыўнасць.

Алгарытм выдалéння рэдка выкарыстаных звéстак (least-recently used algorithm) — алгарытм для вызначэння звестак, якія менш за ўсё выкарыстоўваюцца ў кеш-памяці; прызначаюцца для замены гэтых звестак іншымі.

Алгарытм паўтарэння (repetitive algorithm) — разнавіднасць алгарытму, у якім набор аперацый паўтараецца для дасягнення акрэсленага выніку — звычайна вынік аднаго праходу выкарыстоўваецца ў якасці звестак для праграмы на наступным праходзе. Паўтарэнне адбываецца да той пары, пакуль звесткі не перастаюць зменьвацца пры чарговым праходзе, альбо зменьваюцца нязначна.

Алгарытм сартавáння па разрáдах (radix sorting algorithm) — алгарытм для сартыроўкі элементаў па паслядоўнасці кампанентаў іх ключоў. Напрыклад, першы спіс гатункуецца па разрадах сотняў у набор з 10 спісаў, затым кожны з гэтых спісаў адначасна гатункуецца ў набор з 10 спісаў па разрадах дзесяткаў, і нарэшце, кожны з гэтых спісаў гатункуецца па разраду адзінак.

Алгарытм сартыроўкі (sort algorithm) — алгарытм, які прыводзіць набор элементаў звестак у нейкую ўпарадкаваную паслядоўнасць на аснове аднаго альбо некалькіх ключоў у кожным элеменце.

Алгарытм хешавання (hashing algorithm) — працэдура атрымання адрасу звестак з саміх звестак для таго, каб здзейсніць іх размяшчэнне ў памяці і здзейсніць выбіранне найбольш простым спосабам.

Алгарытмічная мóва (algorithmic language) — фармальная мова для распрацоўкі і запісу алгарытмаў; гэта штучная мова не звязана з тыпам ЭВМ і прымяняецца для адлюстравання алгарытмаў. Алгарытмічная мова мае алфавіт, сінтаксіс і семантыку.

АЛГОЛ (ALGOrirhmic Language) — першая структураваная працэдурная мова праграмавання для шырокага класа задач. Распрацавана ў 1957-1960 гг. на канферэнцыях з удзелам спецыялістаў па кампутарах з Англіі, Даніі, Францыі, Германіі, ЗША, Галяндыі і Швейцарыі. Ідэі, закладзеныя ў Алголе, выкарыстоўваюцца ў бальшыні сучасных алгарытмічных моў праграмавання. Алгол не атрымаў паўсюднага камерцыйнага прымянення, але ён аказаў велізарны ўплыў на развіццё вылічальнай тэхнікі і канструяванне моў праграмавання. У ім былі ўведзены такія паняцці, як блочная структура, дынамічнае размеркаванне памяці, абсяг дзеяння, яўнае аб’яўленне тыпу зменнай, рэкурсіўныя падпраграмы і іншае. Праграмаванне ў Алголе патрабуе апісання тыпаў звестак, якія могуць прадстаўляць як адзіночныя звесткі, так і масівы. Аператары праграмы могуць быць згрупаванымі ў складовыя аператары альбо блокі. Аператары падзяляюцца кропкай з коскай. Кожны блок праграмы пачынаецца з BEGIN і кончаецца END. Любы блок можа выконваць ролю падпраграмы, калі яму дадзена імя. Кожны блок павінны мець, як мінімум, адно апісанне. Зменныя (пераменныя), апісаныя ўнутры блока, з’яўляюцца лакальнымі, і выкарыстоўваюцца толькі ў блоку.