Выбрать главу

Тонэр (toner) — парашковы фарбавальнік, прымяняецца ў лазерных друкарках, у капіявальных апаратах. Тонэр наносіцца на электрастатычна заражаны барабан у адпаведнасці з друкаваным адлюстраваннем, а затым пераносіцца на паперу і награваецца да расплаўлення і замацоўваецца на паперы.

Траектóрыя адсячэння (clipping path) — ламáная альбо крывая лінія для абазначэння маскаванага абсягу ў дакуменце. Пры друку дакумента будзе выведзена толькі змесціва ўнутраннага абсягу.

Транзакцыя (transaction) — сукупнасць аперацый маніпулявання звесткамі ў сістэме баз звестак, якая забяспечвае апрацоўку запыту карыстальніка і пераводзіць базу звестак з аднаго цэласнага стану ў іншы без парушэння цэласнасці звестак.

Транзістар (transistor, transfer resistor) — цвёрдацельная самая простая паўправадніковая ўзмацняльная прылада. Вынайдзены у канцы 1940-х гг. у ЗША.

Транслятар (translator) — службовая праграма, прызначаная для перакладу (трансляцыі) набору камандаў праграмы з адной фармальнай мовы на іншую. Транслятары дзеляцца на асэмблеры, кампілятары і інтэрпрэтатары. Асэмблер з’яўляецца транслятарам з мовы Асэмблера і цвёрда прывязаны да канкрэтнага віду цэнтральнага працэсара, мікрапрацэсара альбо мікрапрацэсарнаму набору. Інтэрпрэтатары сумяшчаюць трансляцыю з выкананнем праграмы. Кампілятар стварае выхадную праграму, якую можна захаваць і выканаць пазней.

Трансляцыя прагрáмы (program translation) — працэс пераўтварэння праграмы, пададзенай на адной з моў праграмавання, у праграму на другой мове і ў адпаведным сэнсе раўназначную першай.

Трасірóўка (trace) — вывад выконваемых інструкцый і значэнняў зменных з мэтай пошуку лагічных памылак у праграме.

Трафік (traffic) — плыня паведамленняў у камунікацыйных сетках перадачы звестак; рабочая нагрузка (шчыльнасць плыні звестак) лініі сувязі.

Трафік звéстак (traffic) — колькасць інфармацыі, якая праходзіць па сетцы.

Тып (type) — у праграмаванні: тып вызначае характар зменнай, ліку альбо аперацыі, напрыклад рэчаісны альбо цэлы лік, тэкставы сімвал і т.п.. Тып звестак акрэслівае дыяпазон значэнняў зменнай, а таксама аперацыі, якія могуць быць выкананы з ёй.

Тып звéстак (data type) — спосаб прадстаўлення звестак у памяці. Мноства велічыняў, аб’яднаных вызначанай сукупнасцю дапушчальных аперацый.

Тып фáйла (file type) — апісанне аперацыйных альбо структурных характарыстык файла. Тып файла часта ідэнтыфікуецца ў яго назве.

Тып дóступу (access type) — вызначае, менавіта як будзе праводзіцца доступ да аб’екта, напрыклад да файла можна атрымаць доступ у рэжыме чытанне/запіс і толькі чытанне.

Тэг (tag) — прыкмета звестак; імя аб’екта, напрыклад у мове Сі — для ідэнтыфікацыі структуры.

Тэзаўрус (thesaurus) — праграма для пошуку сінонімаў (пошук слоў па іх сэнсавым змесце). Адбываецца прагляд усяго тэксту для азначэння слоў, якія маюць падобнае значэнне, і замена памечаных слоў на іншыя.

Тэкставы працэсар (word processor альбо text processor) — прыкладная праграма падрыхтоўкі і апрацоўкі тэкставай інфармацыі. Электронны эквівалент паперы, асадкі, пісальнай машынкі, слоўніка, гумкі. Правяраюць арфаграфічныя і граматычныя памылкі. Дазваляюць уключаць у дакумент ілюстрацыі, выконваць вылічэнні, паказваць дакументы ў многаваконным рэжыме і шмат іншае.

Тэкставы файл (text file) — файл, які ўтрымлівае толькі коды ASCII — тэкставую інфармацыю. Расшырэнне тэкставых файлаў: .txt, .doc.

Тэкстура (texture) — у кампутарнай графіцы: зацямненне альбо іншыя атрыбуты, якія дабаўляюцца паверх графічнага адлюстравання для стварэння ілюзіі матэрыялу паверхні, напрыклад шкляной.

Тэлеканферэнцыя (teleconferencing альбо conferencing) — паслуга кампутарнай сеткі на аснове комплекснага выкарыстання аўдыа-, відэа- і іншага абсталявання праводзіць абмен думкамі па выбранай тэматыцы паміж людзмі, якія знаходзяцца на вялікай адлегласці. У сетцы Internet шырокай папулярнасцю карыстаецца канферэнцыя Usenet.

Тэлеметрыя (telemetry) — перадача і атрыманне ў мэтах вымярэння аналагавых альбо лічбавых звестак ад якой-небудзь прылады, якая знаходзіцца на вялікай адлегласці, з дапамогай сродкаў сувязі.

Тэлетáйп (teletype) — выведзеная з ужытку прылада для прыйму і перадачы звестак па тэлеграфных каналах сувязі. Тэлетайпы прымяняліся ў вылічальнай тэхніцы да масавага ўжывання інтэрактыўных відэатэрміналаў.

Тэлетэкст (teletext) — шырокавяшчальная тэлевізійная інфармацыйная сістэма з высокай хуткасцю абмену тэкставай інфармацыяй з выкарыстаннем часткі тэлевізійнага сігналу, якая не служыць для вываду адлюстравання.