Тэхналогія звязвання і ўбудóвы аб’éктаў (object linking and embedding) — сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для стварэння сувязяў паміж разнастайнымі па сваёй прыродзе дакументамі (дадаткамі) і ўбудаванне дакумента, які знаходзіцца у адным дадатку, у дакумент другога дадатку.
Тэхналогія пастáвіў і прáцуй (plug and play) — сродак АС Windows, прызначаны для аўтаматычнага распазнавання ў персанальным кампутары перыферыйных прыладаў і настройкі іх для работы.
У
Убудавáная камáнда (embedded command) — каманда, якая размяшчаецца ў тэксце, адлюстраванні альбо дакуменце і дазваляе выконваць аперацыі з тэкстам, выведзеным на экран. Убудаваная каманда выдзяляецца на фоне навакольных звестак спецыяльнымі сімваламі (дужкамі альбо кропкамі). Гэтыя каманды даюць магчымасць перадаваць звесткі, з якімі мае справу тэкставы працэсар, на прынтар.
Убудавáная сістэма (embedded system) — асобная вылічальная сістэма, якая адначасова з’яўляецца часткай вялікай сістэмы. Так, лазэрная друкарка мае ўбудаваную сістэму кіравання лазэрным промнем.
Убудавáная фýнкцыя: 1. (Built-in function) — функцыя як частка мовы праграмавання. Большасць моў праграмавання маюць адмысловыя падпраграмы для вылічэння ўбудаваных функцый (лагарыфм, квадратны корань і інш.). 2. (Intrinsic function) — функцыя, якая ўбудавана ў аперацыйную сістэму і пры рабоце аперацыйнай сістэмы не патрабуе да сябе спецыяльнага звароту.
Убудавáны (inbuilt) — з'яўляецца часткай прылады альбо праграмы.
Убудавáны (бартавы) кампýтар (on-board computer) — кампутар, які сканструяваны ўнутры іншай прылады.
Убудавáны (унýтраны) шрыфт (internal font) — шрыфт, які пастаўляецца разам з друкаркай і захоўваецца ў яго пастаяннай памяці (read-only memory, ROM) і таму не “губляецца” пры выключэнні друкаркі. Назва “унутраны шрыфт” адносіцца толькі да шрыфтоў, якія заўсёды даступныя для гэтай друкаркі.
Увóд (input) — працэс перадачы інфармацыі паміж вонкавымі прыладамі і асноўнай памяццю. Звесткі ўводзяцца ў кампутар для апрацоўкі (працэс уводу звестак) як з клавіятуры, так і з файла, які захоўваецца на дыску, стужцы.
Увóд гóласам (voice input) — сістэма (мікрафон і блок інтэрфэйса), якая здзяйсняе ўвод у кампутар абмежаванага набору камандаў і звестак голасам карыстальніка. Моўны канал з'яўляецца самым хуткадзейсным.
Увóд звéстак 1. (data entry) — пераўтварэнне зыходных сігналаў звестак у лічбавую форму для выкарыстоўвання ў кампутары (клавіятура, мыш, сканэр і інш.). 2. (data input) — аперацыя чытання звестак з носьбіта звестак альбо клавіятуры ўводу звестак і наступны запіс іх у асноўную памяць.
Увóд-вывад (input / output ) — два з трох дзеянняў (увод, апрацоўка і вывад), якія акрэсліваюць паняцце “кампутар”. Увод-вывад адносяцца да дадатковых задач збору звестак для мікрапрацэсара і вываду вынікаў ў даступным карыстальніку выглядзе праз прылады вываду: друкарку альбо дысплей. Клавіятура і мыш — прылады ўводу, пераўтвараюць інфармацыю ў даступны для кампутара выгляд. Дыск — прылада і ўводу і вываду.
Увахóд у сістэму / Выхад з сістэмы (log on / off) — працэдура пачатку і канца выкарыстання вылічальнай сістэмы. Вялікія ЭВМ патрабуюць, каб карыстальнік праходзіў праз складаную працэдуру ўводу пароля, даты, імя файла і інш., да атрымання доступу да сістэмы. Гэты працэс называецца ўваходам у сістэму. Пры выхадзе з сістэмы можа быць неабходным адказаць на акрэсленыя яе пытанні.
Увахóдная крóпка (entry point; entrange) — адрас альбо метка першай каманды, якая выконваецца пры звароце да машыннай праграмы, стандартнай праграмы альбо падпраграмы. Машынная праграма, стандартная праграма альбо падпраграма могуць мець некалькі розных уваходных кропак, пры гэтым кожная, магчыма, адпавядае розным функцыям альбо мэтам.
Увахóдныя звéсткі (input dada) — звесткі, якія ўводзяцца ў кампутар для апрацоўкі альбо захоўвання. Увод звестак можа здзяйсняцца з клавіятуры, дыска альбо стужкі, а таксама непасрэдна з прылады ўводу графічнай інфармацыі. Вялікія аб’ёмы звестак звычайна дзеляцца на секцыі па 255 байтаў.
Узаéмна адназнáчнае дачынéнне (one-to-one relationship) — сувязь паміж усімі аб’ектамі базы звестак, здзяйсняецца такім чынам, што адзін аб’ект звязаны толькі з адным іншым (адно прозвішча з адным адрасам).
Узаéмная блакóўка (interlock) — прадухіляе работу прылады ў той час, калі выконваецца беглая аперацыя.
Узаемадзéянне працэсаў (interprocess communication — IPC) — здольнасць мультызадачнай аперацыйнай сістэмы перадаваць звесткі з адной задачы альбо працэса іншым.