Выбрать главу

Анімаванае адлюстравáнне ў фармáце GIF (animated gif) — GIF-файл складаецца з некалькіх адлюстраванняў, якія паказваюцца адно за адным, што стварае эфект мультыплікацыі.

Антывірус (anti-virus) — праграма для выяўлення і знішчэння вірусаў. Яна аналізуе памяць кампутара наконт прысутнасці ў ёй злачыннай праграмы-віруса альбо злачынных вынікаў яе дзейнасці, а таксама робіць намаганні па ліквідацыі вірусаў і вынікаў іх дзейнасці.

Антыстáтычнае прыстасавáнне (antistatic device) — прыстасаванне, якое мінімізуе рызыку разраду току ад статычнай электрычнасці, які можа пашкодзіць абсталяванне кампутара альбо прывесці да страты звестак.

Анулявáнне (nullification) — звядзенне да нуля; дзеянне пры спыненні ў момант выканання каманды, якое прыводзіць да ліквідацыі вынікаў выкананых да гэтага моманту элементарных дзеянняў каманды і вяртання кіравання пасля апрацоўкі супыну гэтай жа каманды.

Апáратная незалéжнасць (device independence) — уласцівасць праграмы, інтэрфэйсу альбо пратаколу атрымоўваць аналагічныя вынікі на самых розных відах абсталявання.

Апáратная памылка (hard error) — памылка, якая выклікана апаратным збоем альбо спробай звярнуцца да несумяшчальнага абсталявання: няспраўнасць у мікрасхеме, разрыў правадніка альбо іншага злучэння электрычнага ланцуга. Гэту памылку належыць адрозніваць ад праграмнай.

Апáратная сумяшчáльнасць (hardware compatibility) — уласцівасць кампутарнага абсталявання далучацца да абсталявання іншага тыпу без яго мадыфікацыі альбо выкарыстання эмулятара. Здольнасць аднаго кампутара працаваць з прыладамі іншага кампутара.

Апáратны збой (hardware failure) — збой прылады, пасля якога немагчыма аднаўленне. Для выхаду з падобнай сітуацыі трэба выклікаць спецыяліста па рамонце абсталявання.

Апáратны кантрóль (hardware check) — аўтаматычны кантроль, які ажыццяўляецца апаратнымі сродкамі ў мэтах выяўлення ўнутраных памылак альбо іншых праблемаў, напрыклад, у працэсе перадачы звестак.

Апáратны ключ (hardware key) — апаратны сродак абароны ад несанкцыянаванага доступу да кампутара. Напрыклад, апаратны ключ, далучаны да аднаго з партоў уводу-вываду кампутара, пры запуску праграмы правярае наяўнасць ключа: калі ключа няма, то праграма аварыйна завяршаецца.

Апáратныя срóдкі (hardware) — тэхнічныя сродкі (фізічныя кампаненты) кампутарнай сістемы, якія ўключаюць ўсе магчымыя перыферыйныя прылады.

Апáратура перадáчы звéстак (Data Communications Equipment, DCE) — прылада ў складзе станцыі перадачы звестак, якая забяспечвае пераўтварэнне і кадаванне сігналаў паміж канцавым абсталяваннем звестак і лініяй. АПЗ можа быць аб’яднана з канцавым абсталяваннем звестак, альбо з прамежкавай прыладай, альбо асобна ад іх. АПЗ можа выконваць іншыя функцыі, звычайна выконвальныя сеткавай канцавой прыладай лініі сувязі.

Апóстраф (apostrophe) — знак ‘ (верхняя двукосьсе), выкарыстоўваецца для абазначэння межаў літэрных і бітавых радкоў, тэкставых літэралаў і інш. У мовах Паскаль і Сі апострафамі вылучаюцца словы, якія павінны быць раздрукаваны.

Апарáт счытвання адбіткаў пáльцаў (fingerprint reader) — прыстасаванне для сканэравання адбіткаў пальцаў чалавека для параўнання іх з адлюстраваннямі, якія захоўваюцца ў базе звестак. Прымяняецца для абароны кампутарных файлаў звестак.

Апарáтна залéжны (hardware-dependent) — тэрмін адносіцца да праграм, моў праграмавання альбо кампанентаў кампутара і прыладаў, якія “прывязаны” да канкрэтнай кампутарнай сістэмы альбо яе канфігурацыі. Як правіла апаратна залежныя (яны ж машына-залежныя) праграмы пішуцца на мове Ассемблера.

Апарáтнае забеспячэнне, апáратныя срóдкі (hardware). Фізічныя кампаненты кампутара: працэсар, вонкавая памяць, дысплей, прынтар, клавіятура і інш. Тэхнічныя сродкі для апрацоўкі звестак, у адрозненні ад праграм і працэдур, правілаў і адпаведнай дакумантацыі.

Апарáтны супын (hardware interrupt) — супын (“преривание”), які паступае да працэсара ад перыферыйнага абсталявання (клавіятура, дыскавод, парты увода-вываду) альбо “знутры” — мікрапрацэсарам, у адрозненне ад супыну, што здзяйсняецца праграмай. Вонкавыя апаратныя супыны дазваляюць адпаведнай вонкавай прыладзе дабіцца ад мікрапрацэсара кампутара ўвагі. Унутраныя апаратныя супыны генеруюцца мікрапрацэсарам для кантролю акрэсленых падзей, напрыклад аб спробе праграмы падзяліць значэнне на нуль, што недапушчальна. Для адрознівання мікрапрацэсарам тэрміновых і нетэрміновых запытаў апаратным супынам вызначаюцца прыярытэты розных узроўняў.