Аперáнд аперáцыі (operand) — велічыня ў выразе, над якой выконваецца аперацыя; аргумент аперацыі; аб’ект матэматычнай аперацыі альбо кампутарнай каманды. Аперанд ёсць частка машыннай каманды, што вызначае аб’ект матэматычнай аперацыі альбо кампутарнай каманды, над якім выконваецца аперацыя.
Аперáтар (statement) — 1. Закончаны сэнсавы выраз на мове праграмавання; адзіночная каманда праграмы з яе параметрамі альбо звесткамі, неабходнымі для яе выканання; самы малы выканаўчы элемент у мове праграмавання. 2. Асоба, якая выконвае азначаныя функцыі па прымяненні альбо эксплуатацыі кампутараў.
Аперáтар вываду (output statement) — каманда праграмы, якая вызначае перадачу звестак з асноўнай памяці ў вонкавую альбо на прыладу вываду ці адлюстравання.
Аперáтар увóду (input statement) — каманда ва ўсіх мовах высокага ўзроўню, якая вызначае перадачу звестак з вонкавай памяці ў асноўную, што робіць іх даступнымі для праграмы.
Аперáцыя (operation, operator) — 1. Дзеянне над лікамі альбо знакамі для атрымання выніку. 2. Якая-небудзь закончаная паслядоўнасць дзеянняў машыны альбо чалавека.
Аперáцыя лагічнага параўнáння АЛЬБО (исключающее ИЛИ, exclusive OR, XOR) — аперацыя лагічнага параўнання, якая выконваецца над двума бітамі і вынікам якой з’ўляецца 1 толькі ў тым выпадку, калі параўноўвальныя біты рóзныя. Параўноўваюцца біты ў аднолькавых разрадах.
Аператыўная пáмяць (random access memory, RAM) — энэргазалежная памяць з адвольнай выбаркай (доступ да любой ячэйкі), прызначаная для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі, якая непасрэдна ўдзельнічае ў аперацыях, што выконваюцца працэсарам.
Аперацыйная сістэма (operating system) — комплекс праграм у машынных кодах для кіравання ўсімі галоўнымі дзеяннямі працэсу апрацоўкі інфармацыі і работай апаратных сродкаў кампутара.
АПЛ (APL, A Programming Language) — мова праграмавання. Распрацавана з 1957 па 1967 гг. Кеннэтам Іверсонам. АПЛ выкарыстоўвае шырокі набор спецыяльных сімвалаў і надзвычай кароткі сінтаксіс для выканання вектарных і матрычных аперацый над масівамі лікаў у інтэрактыўным асяроддзі. Выкарыстоўваюцца сімвалы, якія нельга набраць на звычайнай клавіятуры. З гэтай мовай працуюць у асноўным матэматыкі для развязання складаных праблем без вялікіх высілкаў на праграмаванне.
Апрацóўка (manipulation) — любое дзеянне са звесткамі, уключна перамяшчэнне, сціранне, капіяванне, дабаўленне альбо змяненні.
Апрацóўка адлюстравáнняў (image processing) — пераўтварэнне адлюстраванняў ў лічбавую форму і наступная іх апрацоўка, якая можа ўключаць у сябе змену кантрастнасці адлюстравання, формы, колеру і інш.
Апрацóўка звéстак (data processing) — сістэматычнае выкананне аперацый над звесткамі; аперацыі, звязаныя са зборам, захоўваннем, пошукам, гатункоўкай і ўзнаўленнем інфармацыі. Надзейнасць вынікаў апрацоўкі звестак залежыць ад правільнасці саміх звестак.
Апрацóўка па меры паступлéння (demand processing) — апрацоўка звестак па меры іх з’яўлення на ўводзе прылады.
Апрацóўка спісаў (list processing) — дзеянні, якія выконваюцца над спісамі. Працэдурныя мовы праводзяць маніпуляцыі як са спісамі, так і з асобнымі іх элементамі.
Апрацóўка ў рэáльным чáсе (real-time processing) — рэжым апрацоўкі ўваходных звестак па меры іх паступлення, якія непасрэдна набіраюцца на клавіятуры, вынік апрацоўкі адразу выводзіцца на экран.
Аптымізáцыя (optimization) — 1. Паляпшэнне характарыстык сістэмы. 2. Працэс павышэння эфектыўнасці праграмы шляхам выбару і пабудовы структуры звестак, алгарытму і паслядоўнасці каманд. Працэс пераўтварэння кодаў з мэтай, каб праграмы працавалі хутчэй альбо займалі менш месца ў памяці.
Аптымізáцыя размяшчэння файлаў (activity loading) — метад аптымізацыі размяшчэння файлаў на дыску такім чынам, каб найбольш часта ўжывальная інфармацыя была найбольш хутка загружана.
Аптычная ілюзія, абмáн зрóку (optical illusion) — зрокавае ўспрыманне адлюстраванняў, якія ствараюцца у кампутарнай графіцы, не заўсёды бывае адназначным. Адзін і той жа малюнак можа быць успрыняты рознымі людзьмі па-рознаму.