Выбрать главу

Аптычная кáрта (optical card) — пластыкавая картачка, счытванне інфармацыі з якой здзяйсняецца з дапамогай лазара.

Аптычная перадáча (optical transmission) — сістэма перадачы інфармацыі, ў якой прымяняюцца лазары і аптычныя валокны.

Аптычная прылáда счытвання (optical character reader) — прылада, якая пры перамяшчэнні галоўкі счытвання па тэксце здзяйсняе генерацыю лікаў кодаў ASCII у адпаведнасці з літарамі, адлюстраванымі ў тэксце.

Аптычны дыск (optical disc) — носьбіт інфармацыі, на які інфармацыя запісваецца з дапамогай лазара. Счытванне таксама здзяйсняецца з дапамогай лазара.

Аптычны кáбель (optical cable) — кабель, па якім перадаюцца светлавыя сігналы.

Аптычны кампýтар (optical computer) — кампутар, аснашчаны аптычным працэсарам. Макет першага аптычнага кампутара ў 1990 годзе стварыла кампанія ”Bell”. У 2003 г. кампанія Lenslet стварыла першы ў свеце аптычны працэсар у якасці камерцыйнага прадукту, які можна было купіць. Яго прадукцыйнасць — 8 трыліёнаў арыфметычных аперацый за секунду. Аперацыі выконваюцца за кошт маніпуляціі плыняў святла, а не электронаў, пагэтаму дасягаецца такая прадукцыйнасць.

Аптычны працэсар (optical processor) — працэсар, які аперыруе аптычнымі сігналамі. Лагічныя аперацыі прадстаўлены як ўзаемадзеянне рэчыва са святлом. Аперацыі выконваюцца шляхам маніпуляцыі патокаў святла, а не электронаў, таму дасягаецца высокая прадукцыйнасць: у 2003 годзе камерцыйны працэсар EnLight 256 выконваў трыльён арыфметычных аперацыяў за секунду.

Апытáнне (polling) — праверка часткі кампутарнай сістэмы праз азначаныя інтэрвалы. Метад збору інфармацыі з розных крыніц.

Апытáнне стáну (status poll) — сігналы, якія пасылаюцца з цэнтральнага працэсара для выяўлення стану пэрыферыйных прыладаў (клавіятура, прынтар, экран).

Апытáнне стáнцый звéстак (polling) — працэс запрашэння падпарадкаванай станціі звестак да перадачы паведамленняў.

Арбітр (arbitrator) — электронная схема альбо спецыяльны алгарытм развязання канфліктаў паміж рознымі карыстальнікамі, якія адначасова патрабуюць супольны рэсурс.

Арбітрáж (arbitration) — сістэма адсочвання і развязання канфліктных запытаў на рэсурс з боку некалькіх працэсараў альбо карыстальнікаў.

Аргумент (argument) — 1. Значэнне альбо выраз, які выкарыстоўваецца разам з аператарам альбо перадаецца ў падпраграму ў момант выкліку (працэдуры альбо функцыі) для ўказання канкрэтнага рэжыму яе работы альбо для задання зыходных звестак. 2. Лагічны довад, які служыць асновай для доказу сцвярджэння. 3. Элемент абсягу вызначэння функцыі. Аргумент вельмі часта ўжываецца як сінонім тэрміна параметр.

Арсенід галія (gallium arsenide) — паўправадніковы матэрыял (хімічнае злучэнне), які выкарыстоўваецца для вытворчасці святладыёдаў і звышвысокачастотных транзістараў і інтэгральных схемаў. Мікрасхемы на аснове арсеніда гелю працуюць хутчэй, чым іх крэмневыя аналагі, лепш пераносяць тэмпературныя змены, больш устойлівы да радыяцыі, спажываюць менш энэргіі.

Архівáтар (archivator) — праграма сціскання файлаў для больш кампактнага доўгатэрміновага іх захоўвання на вонкавых носьбітах. Прыклады архіватараў: ARJ, WINZIP, WINRAR і інш. Функцыі праграм архіватараў: ўпакоўка (сцісканне і капіяванне) у спецыяльны архіўны файл, дабаўленне файлаў і іх выдаленне з архіўнага файла, прагляд змесціва архіўнага файла, распакоўка асобных файлаў альбо ўсяго архіва, самараспакаванне архіўных файлаў.

Архівáцыя (archiving) — дзеянне па сцісканні звестак у файле дзеля змяншэння велічыні занятай файлам прасторы дыска.

Архітэктýра (architecture) — гэта апісанне складанай сістэмы з мноства элементаў, як адзінага цэлага. Сістэмнае паняцце, якое ўключае апісанне на некаторым узроўні агульнай структуры апаратных сродкаў, арганізацыі асобных элементаў кампутара, неабходных для забеспячэння яго працаздольнасці. Гэты тэрмін уключае і сістэмнае праграмнае забеспячэнне кампутарнай сістэмы альбо некаторай яе часткі. Архітэктура павінна забяспечыць высокія характарыстыкі па такіх параметрах, як хуткасць, надзейнасць, лёгкасць выканання рамонту, бяспеку, магчымасць выканання розных задач і работ з многімі карыстальнікамі, сумяшчальнасць з існым абсталяваннем. Прасцейшая архітэктура працэсара павінна адпавядаць архітэктуры, прапанаванай фон Нойманам. Сучасныя кампутары выкарыстоўваюць прынцып канвеернай апрацоўкі, альбо апрацоўка масіваў звестак. Апошнім часам удзяляецца ўвага канцэпцыі стэкавага працэсара. Архітэктура праграмнага забеспячэння базуецца на алгарытмах, метадах рэалізацыі гэтых алгарытмаў і тыпах звестак, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца. Рэсурсы пэрсанальнага кампутара можна аб’яднаць у шэраг сістэмаў: сістэма ўводу інфармацыі, сістэма апрацоўкі, сістэма рэгістрацыі інфармацыі, відэасістэма, сістэма захоўвання інфармацыі, сістэма рэзервавання, сістэма мультымедыя, сістэма камунікацый.