Архітэктýра “кліент-сервер” (client/server architecture) — у кампутарных сетках рэалізуецца прынцып размеркаванай апрацоўкі інфармацыі. У гэтым асяроддзі функцыянуюць два асноўныя аб’екты: кліент і сервер. Кліентам можа быць і задача, і рабочая станцыя, і карыстальнік кампутарнай сеткі. У гэтай архітэктуры апрацоўка дадаткаў (задач) размяркоўваецца паміж двума кампанентамі: кліентам і серверам. Кліент прадстаўляе сабой паўнавартасны аўтаномны пэрсанальны кампутар, які прапаноўвае карыстальніку ўвесь спектр функцыянальных магчымасцяў кампутара для работы з прыкладнымі праграмамі. У якасці сервера можа прымяняцца іншы пэрсанальны кампутар, мінікампутар. Працэс апрацоўкі інфармацыі ў сістэме кліент-сервер арганізаваны так: ад кліента паступае запыт серверу на выкананне канкрэтнай працэдуры; сервер выконвае запыт кліента, і вынікі яго выканання перадае кліенту; кліент апрацоўвае атрыманыя ад сервера звесткі і прадастаўляе карыстальніку вынікі апрацоўкі ў патрэбным выглядзе; сервер арганізуе доступ да інфармацыі, перадае яе кліенту, забяспечвае захоўванне звестак агульнага карыстання. Асноўны аб’ём апрацоўкі звестак выконваецца цэнтральнай машынай. У сістэме кліент-сервер апрацоўку звестак можа выконваць і сервер. У архітэктуры кліент-сервер могуць быць два варыянты яе арганізацыі: аднарангавая сетка і сетка з выдзеленым серверам.
Архітэктýра “кліент-сервер” трохзвенная (client/server architecture) — сучасны архітэктурны падыход да канструявання размеркаваных інфармацыйных сістэмаў з вялікім лікам карыстальнікаў. Функцыі сервера падзелены так: падтрымка функцыяў дадаткаў і функцыяў сістэмы базы звестак здзяйсняюцца на асобных серверах.
Архітэктýра “цыбýліны” (onion-skin architecture) — распрацоўка сістэмы ў выглядзе некалькіх асобных пластоў — ад мікрапрацэсара, прынятага за ядро ці цэнтральны пласт, і да аперацыйнай сістэмы, за якой ідзе мова праграмавання.
Архітэктýра сéткі (network architecture) — арганізацыя кожнага вузла і злучэнні паміж вузламі сеткі. Цалкам арганізаваная архітэктура прадугледжвае сувязь усіх элементаў сеткі з усімі іншымі элементамі, што прыводзіць да надзвычай вялікага набору сувязяў. Часткова звязаная архітэктура ўтрымлівае сувязі толькі паміж асобнымі вузламі. У дрэвападобнай архітэктуры адзін вузел далучаецца да двух іншых, а тыя — да двух наступных. У зоркападобнай архітэктуры ўсе элементы звязваюцца з адным цэнтральным вузлом. Пры кальцавой архітэктуры элементы звязваюцца ў ланцуг, замкнуты ў выглядзе колца.
Архітэктýра фон Ноймана (von Neumann architecture) — арганізацыя кампутара, пры якой вылічальная машына складаецца з двух асноўных частак — лінейна-адрасаванай памяці, словы якой захоўваюць каманды і элементы звестак, і працэсара, які выконвае гэтыя каманды. Архітэктура фон Ноймана сінанімічна канцэпцыі захоўвальнай праграмы, якая можа пастаянна захоўвацца ў кампутары і можа кіравацца альбо самамадыфікавацца пры дапамозе машынных камандаў. Архітэктура фон Ноймана характарызуецца: “адна каманда у адзінку часу”.
Архітэктýрная рáда Інтэрнэта (Internet Architecture Board — IAB) — кансультацыйная група, якая займаецца наглядам за групай падтрымкі Інтэрнэту па сеткавых стандартах (IETF), працэсам падрыхтоўкі стандартаў, таксама публікацыяй дакументаў, якія апісваюць пратаколы Інтэрнэту.
Архіў (archive) — 1. Звесткі, якія захоўваюцца на дыску ў сціснутай форме. 2. Сукупнасць звестак альбо праграм, якія захоўваюцца на вонкавым носьбіце і патрэбнасць у якіх часткова, поўнасцю альбо часова адпала, але пры неабходнасці могуць быць выкарыстаны. Для надзейнасці лічыцца за лепшае ствараць некалькі копій на розных дысках альбо магнітных стужках.
Архіўны файл (archived file) — файл, які запісаны на дыск з мэтай доўгатэрмінавага захоўвання, а таксама файлы, звесткі на якіх сціснуты для эканоміі дыскавай прасторы. Яны перанесены на больш нізкі ўзровень іерархічнай сістэмы памяці.
Арцэфакт (artifact) — невялікае скажэнне пры вывадзе відэаадлюстравання.