Выбрать главу

Арыфмéтыка (arithmetic) — раздзел матэматыкі, у якім вызначаны толькі аперацыі складання, адымання, множання і дзялення рэчаісных (сапраўдных) лікаў.

Арыфмéтычна-лагічная прылáда (ALU, Arithmetic and Logic Unit) — складовая частка мікрапрацэсара альбо цэнтральнага працэсара, якая выконвае арыфметычныя, лагічныя і іншыя аперацыі над звесткамі, пададзенымі ў двайковай форме.

Арыфмéтычная аперáцыя (arithmetic operation) — любая стандартная вылічальная аперацыя з арыфметыкі: складанне, адыманне, множанне альбо дзяленне. Гэтыя аперацыі могуць выконвацца таксама над адмоўнымі лікамі і абсалютнымі значэннямі. Двухмесцавая аперацыя (+, -, *, / ), якая выконваецца па правілах арыфметыкі, а таксама аднамесцавая аперацыя (+ і - ).

Арыфмéтычная камáнда (arithmetical instruction) — каманда, па якой кампутар выконвае адну з арыфметычных аперацый. Арыфметычныя аперацыі трэба адрозніваць ад дзеянняў матэматычнай логікі.

Арыфмéтычная прылáда (arithmetic unit). Інтэгральная схема, якая выконвае аперацыі складання, адымання, дзялення і множання без спецыяльнага праграмнага забеспячэння. Можна падаць у выглядзе эквівалента вельмі мініяцюрнага калькулятара, убудаванага ў мікракампутар.

Арыфмéтычны выраз (arithmetic expression) — выраз складзены з аперандаў арыфметычнага тыпу, знакаў арыфметычных аперацый і круглых дужак. Парадак вылічэння выразу вызначаецца дужкамі і старшынством аперацый. У склад арыфметычнага выразу могуць ўваходзіць лікі, імёны звестак (напрыклад КОЛ * КОШТ) і канстанты.

Арыфмéтычны зрух (arithmetical shift) — перамяшчэнне змесціва кожнага разраду ў рэгістры направа альбо налева. У двайковых ліках зрух налева азначае, што лік у рэгістры павялічыўся на два, а зрух направа дзеліць увесь лік на два. Біт у канцы рэгістра траціцца з той стараны, куды адбываецца зрух.

Арыфмéтычныя аперáтары (arithmetic operators) — знакі арыфметычных аперацый (сімвалы) +, -, *, /, і словы такія як DIV і MOD, якія выконваюць арыфметычныя аперацыі над лікамі. Арыфметычны аператар звычайна выкарыстоўвае адзін альбо два лікавыя аргументы.

Асацыявáць, супастаўляць (associate) — інфармаваць аперацыйную сістэму пра тое, што адзін аб’ект звязваецца (супастаўляецца) з другім аб’ектам, напрыклад, файлы з пашырэннем *.doc асацыяваны з праграмай WINWORD.EXE. Гэтае пашырэнне імя файла “належыць” канкрэтнаму дадатку. Калі карыстальнік актывізуе файл звестак, пашырэнне імя якога асацыявана з нейкім дадаткам, то аперацыйная сістэма аўтаматычна запусціць гэты дадатак і заладуе ў яго гэты файл.

Асацыяцыйнае захоўванне (associative storage) — захоўванне файлаў альбо звестак такім чынам, што яны могуць быць лёгка знойдзены па ўказальніках альбо нумарах указальнікаў (адрасе).

Асацыяцыйная адрасáцыя (associative addressing) — метад адрасацыі ячэек памяці, заснаваны на ўказанні змесціва ячэйкі, а не яе дакладнае становішча. Для гэтага ўказваецца слова, якое характарызуе змесціва патрэбнай ячэйкі, а не яе звычайны адрас. Для рэалізацыі механізма пошуку, заснаванага на параўнанні часткі змесціва памяці з нейкім словам-прыкметай, прымяняецца асацыяцыйная прылада памяці.

Асацыяцыйная пáмяць (associative storage) — памяць кампутара, адрасаваная сваім змесцівам: доступ да элементаў звестак здзяйсняецца не ўказаннем якога-небудзь фіксаванага адрасу ці ячэйкі, а шляхам аналізу іх змесціва. Падобны метад часта прымяняецца ў невялікіх, высокахуткасных прыладах кэш-памяці, каб вызначыць, прысутнічае ці не там старонка віртуальнай памяці (асаблівая форма захоўвання звестак).

Асацыяцыя (association) — выкарыстанне літараў пашырэння для запуску праграм, якія маюць аднолькавае пашырэнне. Напрыклад, у аперацыйнай сістэме WINDOWS пашырэнне ТХТ можа быць звязана з праграмай тэкставага працэсара і ладаванне любога з файлаў з пашырэннем ТХТ папярэдне аўтаматычна ладуе тэкставы працэсар.

Асацыяцыя вытвóрцаў кампýтараў і аргтэхнікі (Computer and Business Equipment Manufacturers Association) — арганізацыя амэрыканскіх фірмаў-вытворцаў апаратнага забеспячэння, якая ўдзельнічае ў працэсе распрацоўкі стандартаў на апрацоўку інфармацыі і адпаведнае абсталяванне.

Асацыяцыя па вылічáльнай тэхніцы (Association for Computing Machinery, ASM) — арганізацыя, якая займаецца пытаннямі ўдасканальвання ведаў і тэхнічнай кампетэнтнасці спецыялістаў у галіне кампутараў у ЗША, створана ў 1947 г.

Асіметрычная лічбавáя абанéнцкая лінія (Asymmetric Digital Subscriber Line — ADSL) — лічбавая лінія для перадачы звестак, якая выкарыстоўвае вітую пару тэлефоннай сеткі. Хуткасць перадачы залежыць ад адлегласці: 1,5 Мбіт/с пры адлегласці ў 5,6 км; 6 Мбіт пры адлегласці ў 3,8 км.