Аўтаматычны (auto-answer) — дзеянне мадэма, якое дазваляе праграме абслугоўванне перадачы звестак па лініі сувязі, адказваць на запыты і здзяйсняць запіс перадавальных файлаў. Сувязь будзе ўстаноўлена незалежна ад умяшання аператара.
Аўтаматычны (automatic) — характарызуе працэс альбо прыладу, якія ў канкрэтных умовах працуюць альбо выконваюцца без умяшання чалавека.
Аўтаматычны адкáз (automatic answering, auto answer) — здольнасць мадэма аўтаматычна адказваць на паступальныя тэлефонныя выклікі. Адказ, які выконваецца аўтаматычна выклікаемым канцавым абсталяваннем звестак. Сувязь будзе ўстаноўлена незалежна ад аператара.
Аўтаматычны выклік (auto call) — у вылічальных сетках: выклік аб’екта праз сігналы, якія перадаюцца з адпаведнай хуткасцю па сетцы перадачы звестак; выклік у праграму неабходнага аб’екта па імю. Элементы сігналу выкліку паслядоўна ўводзяцца ў сетку перадачы звестак з максімальна дапушчальнай хуткасцю.
Аўтаматычны зáпуск (auto start) — запуск праграмы адразу пасля яе ладавання ў памяць кампутара.
Аўтаматычны набóр нýмара (auto dial) — вельмі зручная функцыя некаторых дайлераў — праграм для ўстаноўкі злучэння з Інтэрнэт-правайдэрам. Калі ў дадзены момант немагчыма датэлефанавацца, напрыклад занятая лінія, то дазвон будзе аўтаматычна выкананы пасля нейкага перапынку.
Аўтаматычны пóшук дарóжкі (automatic track finding) — азначае аўтаматычны пераход на наступную дарожку пасля завяршэння бягучай дарожкі.
Аўтаматычны падзéл тэксту на старóнкі (auto flow) — дзеянне праграмы тэкставага працэсара па разбіванні тэксту на колькасць радкоў, акрэслены для адной старонкі.
Аўтаматычны паўтóр (auto repeat) — паўтарэнне каманды, што ўводзіцца з клавіятуры, у тым выпадку, калі націсканне на клавішу здзяйсняецца больш за секунду. Час, праз які каманда паўтараецца, можа быць зменены аператарам; гэта дзеянне можа быць здзейснена пры дапамозе аўталадавача.
Аўтаматычны паўтóр націснутай клавішы (typamatic keyboard) — паўтарэнне сімвала (паўторная выдача кода) націснутай і затрыманай даўжэй звычайнага клавішы. Мікракампутары рэгіструюць як націсканне, так і адпусканне клавішы. Кампутары маюць кароткі адрэзак часу чакання пасля націскання клавішы. Калі не атрыманы сігнал “клавіша адпушчана” (націснулі і трымаем даўжэй за норму), то адбудзецца аўтаматычнае паўтарэнне сімвала не адпушчанай клавішы да таго часу, пакуль яна не будзе адпушчана.
Аўтаматычны перазáпуск, аўтарэстарт (auto restart) — працэс альбо сістэмныя сродкі, якія здольны выконваць аўтаматычны паўторны запуск сістэмы пры выяўленні памылак канкрэтнага тыпу альбо збою якой-небудзь прылады, для прыкладу, крыніцы сілкавання.
Аўтаматычны перахóд на новы радóк (word wrap) — дзеянне, якое выконваецца праграмай тэкставага працэсара: слова, якое выходзіць за межы максімальнага памеру радка, цалкам пераносіцца без яго падзелу на наступны радок.
Аўтаматычны сінхрóнны прагляд (auto review) — прагляд мадэляванага аб’екта ў рэальным часе.
Аўтанóмнасць (autonomy) — незалежнасць аб’екта ад іншых аб’ектаў у складзе пэўнай сістэмы аб’ектаў або магчымасць яго незалежнага функцыянавання.
Аўтанóмная (stand-alone) — частка кампутарнай сістэмы, здольная працаваць незалежна.
Аўтанóмная аперáцыя (autonomous operation) — набор дзеянняў, якія выконваюцца апаратнымі сродкамі, напрыклад, вывад дыска на хуткасць, неабходную для работы з ім.
Аўтанóмная пáмяць (offline storage) — рэсурс памяці, які ў беглы момант недаступны сістэме, напрыклад, дыск.
Аўтанóмная сістэма (autonomous system) — сістэма, пабудаваная па прынцыпе “усё ў сябе”. Аўтаномныя сістэмы ўтрымліваюць усё неабходнае для сваёй работы і не ўзаемадзейнічаюць з іншымі сістэмамі.
Аўтанóмны: 1. (Off — line) — адносіцца да работы функцыянальнага прыстасавання, якое не знаходзіцца пад прамым кіраваннем кампутара; 2. (Stand-alone) — прылада альбо аперацыя, якая не патрабуе падтрымкі іншай прылады альбо іншай сістэмы.
Аўтанабóр (auto dial) — здольнасць мадэма адкрыць тэлефонную лінію і ініцыяваць выклік, шляхам перадачы захаванага ў памяці тэлефоннага нумару ў выглядзе паслядоўнасці імпульсаў альбо танальных сігналаў.
Аўтападáча (sheet feed) — аўтаматычная падача адзінкавых аркушаў паперы ў друкарку. У бальшыні тэкставых працэсараў прадугледжаны вывад на экран паведамлення аб заканчэнні раздрукоўкі старонкі і спыненне сваіх дзеянняў да той пары, пакуль не будзе ўстаўлена новая старонка.