Аўтэнтыфікацыя (authentication) — працэдура праверкі правільнасці доступу карыстальніка да рэсурсаў персанальнага кампутара альбо кампутарнай сеткі. Аўтэнтыфікацыя — працэс у супольнай альбо сеткавай аперацыйнай сістэме, з дапамогай якога сістэма ўстанаўлівае дакладнасць інфармацыі, якую падае карыстальнік пры рэгістрацыі. Адбываецца параўнанне імя карыстальніка і яго паролю са звесткамі, якія ўтрымліваюцца ў спісе зарэгістраваных карыстальнікаў. Калі аперацыйная сістэма находзіць адпаведныя звесткі ў спісе, то карыстальніку будзе дадзена права доступу ў сістэму, але толькі ў тым аб’ёме, які ўказаны ў спісе паўнамоцтваў ва ўліковым запісе гэтага карыстальніка.
Ачыстка пáмяці (garbage collection) — метад ачысткі памяці: вызваляюцца і памячаюцца як свабодныя тыя блокі памяці, якія больш не выкарыстоўваюцца. Ачыстка памяці ўключае таксама працэс звядзення блокаў свабоднай памяці, раскіданай па ўсёй прасторы, у больш вялікія звязаныя абсягі свабоднай памяці шляхам перамяшчэння раз’яднаных, распыленых блокаў.
Б
“Бомба” (bomb) — тэрмін для абазначэння дэфекту сістэмы, які можа прывесці да парушэння яе работы. Ад звычайнай тэхнічнай няспраўнасці адрозніваецца тым, што гэта няспраўнасць была закладзена з нейкіх прычынаў самім канструктарам альбо не была ўстаранена пры яе выяўленні. “Бомба” — гэта праграма, прызначэнне якой — вывесці сістэму са строю якім-небудзь чынам, напрыклад, шляхам знішчэння змесціва цвёрдага дыска альбо пераводу яго ў стан, недаступным для чытання.
“Буллет” (bullet) — маркер; кропка (кружок) для выдзялення невялікага фрагмента тэксту ці кожнага элемента спісу. Від маркера можа быць у выглядзе квадраціка і розных дэкарацыйных значкоў.
Бáза (base) — асноўная частка чаго-небудзь. У галіне апаратнага забеспячэння: адзін з трох элементаў электродаў транзістара (эмітэр, база, калектар); таксама абазначае ізаляваную аснову пячатнай платы. Адрас памяці, які выкарыстоўваецца ў якасці пункта адліку адносных адрасоў. Асноўны элемент ці звесткі ў мове праграмавання.
Бáза вéдаў (knowledge base) — звесткі сістэмы ведаў, якія могуць быць выкарыстаны ў сістэме штучнага інтэлекту. Сукупнасць ведаў канкрэтнага прадметнага абсягу арганізаваная так, што з дапамогай спецыяльных праграмных сродкаў можна здзяйсняць разважанне, меркаванне і рабіць высновы.
Бáза звéстак (database) — паймянованая i арганiзаваная (структураваная) сукупнасць узаемазвязаных звестак, якiя адлюстроўваюць стан аб'ектаў канкрэтнага прадметнага абсягу i знаходзіцца пад цэнтральным праграмным кiраваннем. База звестак утрымлiвае такi мiнiмальны лiшак, якi забяспечвае яе выкарыстанне многiмi спажыўцамi. База звестак уяўляе сабой сукупнасць файлаў (таблiц) аднолькавай структуры. У шырокiм сэнсе база звестак ёсць любая ўпарадкаваная сукупнасць звестак.
Бáзавая (звычайная, стандартная) аператыўная пáмяць (base random access memory — RAM) — частка аператыўнай памяці кампутара тыпу ІВМ РС альбо сумяшчальнага з ім, якая адрасуецца ў рэальным рэжыме функцыянавання. Раней яна звычайна складала 640 Кбайт. Першапачаткова стандартная памяць была адзіным відам аператыўнай памяці, даступнай праграмам MS-DOS. Для пераадолення гэтага абмяжавання былі распрацаваны спецыфікацыі дадатковай памяці (extended memory) і пашыраная памяць (expanded memory).
Бáзавая графічная сістэма (Graphical Kernel System, GKS) — міжнародны стандарт на камерцыйную графіку. Афіцыйна прызнаны міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі (ISO). GKS — гэта інтэрфэйс са стандартнымі метадамі апісання, маніпулявання, захоўвання і перадачы графічных адлюстраванняў.
Бáзавая канфігурáцыя ПК (base configuration) — мінімальны набор тэхнічных сродкаў, пры якім сістэма можа працаваць. Звычайна пад гэтым тэрмінам разумеюць сістэмны блок, клавіятуру, дысплей, друкарку і сістэмнае праграмнае забеспячэнне.
Бáзавая мóва (host language) — мова, якая падтрымліваецца канкрэтнай кампутарнай сістэмай (хост-сістэмай) без удзелу дадатковага праграмнага забеспячэння.
Бáзавая сістэма ўвóду-вываду (Basic Input/Output System — BIOS) — набор праграм, якія працуюць у цесным кантакце з апаратурай кампутара і забяспечваюць перадачу інфармацыі паміж рознымі элементамі сістэмы, такімі як памяць, дыскі альбо манітор. На кампутарах ІВМ і сумяшчальных з імі сістэма BIOS убудавана ў пастаянную памяць машыны. BIOS — гэта мост паміж аперацыйнай сістэмай і апаратнымі сродкамі кампутара. Раней пры звароце да “жалеза” АС павінна была выклікаць тую ці іншую функцыю BIOS. Сёння АС усё часцей і часцей працуе з “жалезам” напрамую — у абыход BIOS. Але па-ранейшаму BIOS неабходна для першаснай загрузкі кампутара, тэставання апаратных сродкаў і для ладавання самой аперацыйнай сістэмы.