Выбрать главу

Бáзавы áдрас (base address) — адрас, адносна якога ўказваюцца іншыя адрасы ў блоку звестак. Пры захоўванні зветак у памяці бывае мэтазгодна ўказываць адрас адносна якога-небудзь іншага, размешчанага ў гэтым блоку. Гэта дазваляе скараціць адрасацыю, так як трэба прыбаўляць альбо адымаць ад базавага адраса параўнальна невялікі лік.

Бáзавы шрыфт (base font) — шрыфт, з якім будзе працаваць праграма тэкставага працэсара пры яе запуску. Можа быць заменены на іншы шрыфт.

Бáзавая лінія шрыфту (baseline) — уяўная гарызантальная лінія пры вывадзе сімвалаў пры раздрукоўцы і на дысплей, на якой выраўніваюцца асновы ўсіх літараў, выключаючы падрадковыя і надрадковыя знакі.

Байт (byte) — мінімальная адзінка прадстаўлення інфармацыі, якую можа апрацоўваць машына, гэта мера памяці ў сучасных кампутарах. Байт складаецца з васьмі інфармацыйных бітаў, пранумераваных злева направа ад 0 да 7, і аднаго кантрольнага біта (на рыс. абазначаны буквай к), не даступнага карыстальніку. Пры дапамозе аднаго байта (восем інфармацыйных разрадаў), у адной ячэйцы памяці, можна кадаваць (прадстаўляць) 256 розных сімвалаў — кодавых камбінацый (28 = 256) от 00000000 да 11111111. Група паслядоўных байтаў утварае поле. Даўжыня поля можа быць рознай і вызначаецца лікам байтаў. Байт выступае як адзінка для абмену інфармацыяй паміж прыладамі машыны. У адным байце можа быць змешчаны дзве дзесятковыя альбо дзве 16-ковыя лічбы альбо адзін сімвал (літара альбо іншы знак). Байт з’яўляецца фіксаванай ячэйкай (полем) памяці. Слова, якое захоўваецца ў ячейцы, называецца змесцівам гэтай ячэйкі. Байты нумаруюцца, як правіла, шасцю лічбамі ў 16-ковай сістэме злічэння (нумар байта з’яўляецца яго адрасам). Па адрасе да памяці звяртаецца цэнтральны працэсар.

Байт на цалю (дзюйм; bytes per inch — BPI) — адзінка вымярэння шчыльнасці запісу на запамінальную прыладу; колькасць байтаў, якую можна размясціць на адрэзку дарожкі дыска альбо стужцы даўжынёй у адну цалю (дзюйм; 25,4 мм).

Бактэрыя (bacterium) — тып кампутарнага віруса, які пастаянна ўзнаўляе копіі самога сябе і перапаўняе сістэму.

Балáнс улікóвага зáпісу (account balance) — адлюстроўвае, колькі засталося грошай на вашым рахунку ў правайдэра.

Банэр (banner) — невялікае графічнае адлюстраванне з рэклямай на web-старонцы. Пакліканне мышкай па банэры забяспечвае пераход на сайт, які рэклямуецца.

Банк звéстак (data bank) — сховішча звестак; любая рэальная сукупнасць звестак. У адрозненне ад базы звестак утрымлівае мала звязаную альбо не ўзаемазвязаную інфармацыю, часта з індэксамі, якія дазваляюць карыстальніку знайсці неабходную яму інфармацыю.

Банк пáмяці (memory bank) — набор злучаных рáзам мікрасхемаў памяці, які састаўляе адзін блок.

Бар’éрны эфéкт (turnpike effect) — узнікненне своеасаблівага вузкага праходу, выкліканага вялікай загрузкай лініі ў сістэме сувязі альбо сетцы.

Барабáн (drum) — цэнтральная частка лазернай друкаркі альбо фотакапіявальнай прылады. Барабан вырабляецца з фотаправадніка, які праводзіць электрычнасць пры падачы на яго святла. У час работы (вярчэння) барабан поўнасцю зараджаецца, а затым часткова разраджаецца пры сканэраванні яго паверхні лазерным промнем.

Б-Дрэва (b-tree) — форма арганізацыі звестак, у якой кожны элемент групы лагічна звязаны з іншымі падобна галінкам збалансаванага дрэва пошуку ступені n пры n≥2. Гэта структура звестак упершыню апісана Р. Байерам і Э. Макрэйтам. Забяспечвае пабудову эфектыўнага механізму дынамічнага пошуку.

Бездавóдачная кампанóўка (seamless integration) — “плаўнае”, без асаблівых цяжкасцяў падключэнне альбо дабаўленне новых апаратных сродкаў (напрыклад падключэнне мадэма) і іх кіравальнай праграмы, альбо праграмных сродкаў да сістэмы, не замінаючы рабоце іншых праграм і ўсёй сістэмы.

Безпапярóвы óфіс (paperless office) — у тэарэтычным сэнсе офіс будучыні, у якім звесткі павінны захоўвацца толькі на дысках альбо ў памяці кампутарных сістэмаў. Практычна з развіццём кампутарных тэхналогій, ростам колькасці кампутараў назіраецца павелічэнне спажывальнай паперы. Ідэалізаваны офіс — гэта той, у якім уся інфармацыя захоўваецца, апрацоўваецца і перадаецца ў электронным выглядзе, а не на паперы.

Безумóўны перахóд (unconditional branch) — абавязковы пераход да канкрэтнага радка праграмы, які мае месца толькі тады, калі выконваецца каманда, якая яго вызначае. Пераход у зададзеную кропку праграмы без праверкі выканання якіх-небудзь умоў.