Бітавы масіў (bit map) — у шырокім сэнсе гэта бітавы вобраз, а больш канкрэтна — структура звестак, якая апісвае бітавы вобраз, які захоўваецца ў памяці: яго месцазнаходжанне ў памяці і памер.
Біт-арыентавáны пратакóл (bit-oriented protocol) — пратакол перадачы звестак, у адпаведнасці з якім перадача вядзецца безупыннай плынню бітаў, а не сімвальнымі радкамі.
Біфуркáцыя (bifurcation) — разгалінаванне на два магчымыя варыянты, такія як 1 і 0, альбо ўключана-выключана.
Блакавáнне (blocking) — аб’яднанне двух ці больш запісаў у адзін блок, якое ў бальшыні выпадкаў выконваецца ў базах звестак на лагічным альбо фізічным узроўні.
Блакавáны файл (locked file) — файл, з якім немагчыма выконваць некаторыя звычайныя аперацыі, такія як выдаленне альбо дабаўленне звестак і інш.
Блакавáнне файла (file locking) — шматзадачныя аперацыйныя сістэмы (Windows, Unix, Linux), аснашчаныя механізмам блакавання доступу да файлаў, якія сумесна выкарыстоўваюцца. Напрыклад, працэс А імкнецца адкрыць файл для запісу, а працэс В — для чытання ці таксама для запісу. Механізм блакавання разводзіць іх доступ да файла. Калі працэс В імкнецца адкрыць файл, які ўжо адкрыты працэсам А, то ў момант адкрыцця файла працэсам А гэты файл адразу ж будзе заблакаваны. Працэсу В трэба пачакаць пакуль працэс А здыме блакаванне з файла. Падкрэслім: здыме блакаванне, а не завершыць работу. Блакаваны — файл, з якім немагчыма выконваць некаторыя звычайныя аперацыі, такія як выдаленне альбо дабаўленне звестак і інш.
Блакавáнне дóступу (access lock) — ня трэба блытаць з забаронай доступу. Пры забароне доступу карыстальнік наогул не можа звярнуцца да аб’екта запыту, а пры блакаванні доступу карыстальнік ня можа звярнуцца да аб’екта ў вызначаны момант, напрыклад, калі з патрэбным карыстальніку файлам працуе другі карыстальнік у манапольным рэжыме (адначасовы доступ у гэтым выпадку забаронены)..
Блакóўка (interlock) — адна з сістэмаў па забеспячэнні захаванасці звестак. Прадухіляе работу прылады ў той момант як здзейсніцца беглая аперацыя. Гэты тэрмін мае дачыненне да сістэмаў, у якіх выкарыстоўваецца пароль для прадухілення доступу да інфармацыі з боку карыстальніка, які не мае на гэта права. Блакоўка — выкарыстанне рэсурсу адным працэсам з забаронай звароту да яго ад іншых працэсаў.
Блок (block) — літаральна: група падобных паміж сабой элементаў. 1. Частка кампутарнай сістэмы, якая аб’ядноўвае функцыянальна блізкія элементы, напрыклад блок памяці, блок уводу-вываду. 2. Складовая частка праграмы, якая выконвае акрэсленыя функцыі, і якая мае свой пачатак і канец. Гэта можа быць галаўная праграма альбо працэдура. 3. Сукупнасць звестак, якія перадаюцца па лініі сувязі як адзінае цэлае.
Блок звéстак (data block) — порцыя звестак, якая перасылаецца як адзінае цэлае паміж асноўнай і вонкавай памяццю. На магнітным носьбіце гэта фізічны запіс, які ўяўляе сабой паслядоўнасць байт і з’яўляецца найменшай адзінкай абмену. Можа ўтрымліваць некалькі лагічных запісаў (блакаванне).
Блок пáмяці (bucket) — вобласць памяці, якая адрасуецца як адзінае цэлае і якую можна выкарыстоўваць для размяшчэння звестак.
Блок пачаткóвага ладавáння (boot block) — частка дыска, якая ўтрымлівае праграму ладавання аперацыйнай сістэмы і іншую базавую інфармацыю для запуску кампутара.
Блок сілкавáння (power supply unit, PSU) — прылада, якая забяспечвае кампутар альбо іншую апаратуру электрычнай энергіяй з зададзенымі паказнікамі (частоты, магутнасць, напружанне).
Блок сімвала (character block) — прамавугольны блок пікселяў для адлюстравання сімвала на экране. На экране дысплея сімвал узнаўляецца наборам светлавых кропак. Сканэравальны промень праходзіць па экране і на месцы гэтых кропак прамень становіцца ярчэйшым.
Блокавая прылáда (block device) — прылада для апрацоўкі інфармацыі блокамі (групамі байтаў), а не сімваламі (асобнымі байтамі), напрыклад, дыскавод можа мець справу са звесткамі, аб’яднанымі ў блокі па 256 байтаў. Нават калі перадавальная інфармацыя ўмяшчаецца, напрыклад у два байты, будзе перададзены блок у 256 байтаў.
Блок-схема прагрáмы (flowchart) — метад распрацоўкі праграм з выкарыстаннем набору стандартных графічных адлюстраванняў для апісання вылічальнага працэсу. Блок-схема — гэта графічнае адлюстраванне алгарытму з кароткім славесным дапаўненнем. Кожны этап вылічальнага працэсу паказваецца геаметрычнымі фігурамі (блокамі), якія замацаваны ГОСТамі. Унутры блокаў прыводзяцца фармалізаваныя запісы, якія раскрываюць сэнс выкóнвальных аперацый. Пабудова блок-схемы пачынаецца з аналізу ўмовы задачы. Блок-схема складаецца з блокаў. Яны падзяляюцца на арыфметычныя (прамавугловік), лагічныя (ромб) і ўводу-вываду звестак (паралелаграм). Аператары злучаюцца паміж сабой лініямі сувязі.