Выбрать главу

Блок-схема прылáды (block diagram) — схема для адлюстравання ўзаемасувязяў галоўных блокаў прылады без іх дэталізацыі; першы крок да разумення таго, як працуе любая сістэма.

Блочная структýра (block structure) — у праграмаванні: спосаб арганізацыі праграмы ў выглядзе груп аператараў, якія называюцца блокамі і разглядаюцца як адзіныя элементы. Блок — гэта раздзел кода, які заключаны ў дужкі альбо іншыя абмежавальнікі ({ і }альбо BEGIN і END), які можа трактавацца як адзіночны аператар. Блочная структура таксама дазваляе абмежаваць абсяг уплыву аб’яўленых у блоку канстантаў, зменных, тыпаў звестак толькі беглым блокам.

Бод ( baud) — адзінка вымярэння хуткасці перадачы інфармацыі: 1 бод = 1 біт/с. Адзін бод раўняецца аднаму цыклу сігналу ў секунду; адзінка вымярэння хуткасці перадачы звестак вызначаецца з дапамогай мадэма.

Браўзер (browse) — праграма пошуку і прагляду інфармацыі ў сістэмах з гіпертэкставымі спасылкамі.

Брандмаўэр (firewall) — сістэмны кампанент для забеспячэння абароны сеткі ад несанкцыяванага доступу. Асноўная функцыя брандмаўэра — гэта фільтрацыя пакетаў. Адміністратар можа наладзіць брандмаўэр так, што вызначаныя пакеты не пападаюць ва ўнутраную сетку, а другія, наадварот, не пакідалі яе межаў. З дапамогай брандмаўэра можна аднаму кампутару дазволіць доступ да ўсіх вузлоў і да Інтэрнэту, а другім — толькі да акрэсленых вузлоў. Брандмаўэры бываюць апаратнымі і праграмнымі.

Бýквіца (drop cap) — вялікая літара ўзбуйненага памеру, якая змяшчаецца ў пачатку тэксту, главы, часткі ці абзаца і займае па вертыкалі больш аднаго радка звычайнага тэксту.

Бýлева áлгебра (Boolen algebra) — раздзел матэматыкі, распрацаваны ў сярэдзіне 19 ст. англійскім матэматыкам Дж. Булем. Вывучае метады аперыравання лагічнымі (булевымі) зменнымі, а не з вызначэннем лікавых значэнняў зменных. У аснове ляжыць ідэя, што лагічнае выказванне з’яўляецца альбо “праўда”, альбо “няпраўда”, у залежнасці ад тыпу апісальных імі зменных і ад значэнняў зменных. Асноўныя аперацыі алгебры логікі: дыз’юнкцыя (АЛЬБО), кан’юнкцыя (І), адмаўленне (НЕ). Зменныя могуць прымаць толькі адно з двух значэнняў: “праўда” альбо “няпраўда”, а ўзаемаадносіны паміж гэтымі зменнымі можна выразіць у лагічнай форме з дапамогай аператараў AND (І), OR (АЛЬБО) і NOT (НЕ).

Бýлева аперáцыя (Boolen operation) — аперацыя, якая выконваецца над звесткамі булевага тыпу. Любая аперацыя, у якой кожны з аператараў, а таксама вынік, прымаюць адно з двух магчымых значэнняў 0 альбо 1. Булевы аператары: AND, OR, NOT, XOR.

Бýлеў, лагічны (Boolean) — звязаны з апрацоўкай лагічных значэнняў, якія прымаюць толькі два значэнні: “праўда” (true) і “няпраўда” (false). У некаторых мовах прымяняецца тып звестак, якія называюцца булевымі.

Бýфер (buffer) — абсяг памяці для часовага захоўвання інфармацыі. Выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі здзяйсняецца перадача звестак паміж прыладамі з рознымі хуткасцямі. Буфер клавіятуры дазваляе пры разнахуткасным націсканні клавішаў забяспечваць правільную перадачу і паслядоўную апрацоўку. Запіс на дыскету і дыск ідзе праз буфер. Лазерныя друкаркі маюць свае ўласныя буферы.

Бýфер экрáна (serene buffer) — памяць для захоўвання сімвалаў экрана.

Бýфер абмéну (clipboard) — спецыяльны рэсурс памяці, які падтрымліваецца аперацыйнай сістэмай. У ім захоўваецца асобнік апошняй скапіяванай ў яго порцыі інфармацыі. Перадача звестак з буфера абмену ў бягучую праграму (“уклейванне”) здзяйсняецца аперацыяй ўстаўкі (paste). З дапамогай буфера абмену можна перадаваць інфармацыю з адной праграмы ў другую, пры ўмове, што другая праграма можа чытаць звесткі, згенераваныя першай. Звесткі, скапіяваныя праз буфер абмену, з’яўляюцца статычнымі і не адлюстроўваюць наступных зменаў. У буферы часова захоўваюцца тэксты альбо графіка. Ён выкарыстоўваецца для абмену звестамі паміж дадаткамі.

Бýфер адлюстравáння старóнкі (page-image buffer) — памяць друкаркі для захоўвання растравага прадстаўлення (адлюстравання) старонкі на перыяд фармавання старонкі растравым працэсарам друкаркі і яе раздрукоўкі.

Бýфер вобразатвóра (frame buffer) — у гэтым буферы захоўваюцца вобразатворы ў выглядзе, гатовым для вываду на экран.

Бýфер гýку (sound buffer) — абсяг памяці для захоўвання бітавага вобразу паслядоўнасці гукаў, якія накіроўваюцца на гучнагаварыльнік кампутара.