Выбрать главу

Васьмяркóвая сістэма злічэння (octal number system) — сістэма злічэння, асновай якой з’яўляецца лік 8. Алфавіт сістэмы: ад 0 да 7. Аснова — 10 (восем).

Вéктар (vector) — у матэматыцы і фізіцы: зменная, якая мае і даўжыню і кірунак. У кампутарнай графіцы: лінія, выведзеная ў канкрэтным кірунку з пачатковай кропкі ў канцавую; абедзве кропкі маюць каардынаты ў прамавугловай сістэме каардынат. Вектары прымяняюцца ў графічных і падобных ім прыкладных праграмах, якія ствараюць графічныя адлюстраванні ў выглядзе ліній, а не набору кропак (пікселяў). У кампутарных структурах звестак: аднамерны масіў — набор элементаў, якія размешчаны ў адзіночным слупку альбо радку.

Вéктарная грáфіка (vector graphics) — графічная сістэма малявання. Вектарная графіка дазваляе крэсліць лініі і затым працаваць з імі з дапамогай клавіятуры і мышы. Апісанне ліній з’яўляецца геаметрычным, так што вектарныя малюнкі могуць лёгка змяняць маштаб.

Вéктарны працэсар (array processor) — тып кампутара з вялікай колькасцю ўзаемазвязаных працэсараў. Звесткі ў вектарным працэсары апрацоўваюцца вельмі хутка, пры гэтым кожны працэсар мае справу са сваёй часткай масіву.

Вéктарны шрыфт (vector font) — файл з наборам камандаў малявання і крэслення для стварэння знакаў. Шрыфт, у якім сімвалы выводзяцца ў выглядзе камбінацыі адрэзкаў прамых, а не крывых альбо бітаў. Прымяняецца ў праграмах CAD (computer-aidet design — аўтаматызаванага праектавання) і CAM (computer-aidet manufacturing — вытворчасці) для вываду на рысоўнік, а не на друкаркі, якія друкуюць па кропках.

Велічыня (value) — адно з асноўных матэматычных паняццяў. У інфарматыцы — гэта аб’ект, які мае імя і значэнне акрэсленага тыпу.

Велічыня абсалютная (absolute value) — значэнне зменнай, узятае без знака.

Велічыня, мóдуль (magnitude) — значэнне ліку незалежна ад яго знака (+ альбо -). Напрыклад, 13 і –13 маюць тую ж самую велічыню.

Вéнтыль, лагічны вéнтыль (gate, logic gate) — электронны пераключальнік, які дзейнічае адпаведна правілам булевай логіцы (аператары І, АЛЬБО, НЕ). Лагічны вентыль — гэта вельмі мініятурны кампанент электроннай прылады. Ён фармуе электрычны выхадны сігнал, які лагічна звязаны са станам аднаго альбо некалькіх уваходных сігналаў. Лагічныя вентылі могуць выконваць самыя разнастайныя лагічныя функцыі, іх можна аб’ядноўваць рознымі спосабамі для выканання аперацыяў складання, адымання, множання, дзялення і інш.

Вентылятар (fan) — прапелер, які здзяйсняе ахаладжэнне кампутара. Звычайна размяшчаецца ў адным кажуху з крыніцай сілкавання. Адны вентылятары нагнятаюць паветра ў сістэмны блок, іншыя — выдаляюць паветра з сістэмнага блоку.

Вéрсія, рэдáкцыя (release) — чарговы распаўсюджвальны вытворцам варыянт праграмнага прадукта; асобная рэалізацыя праграмнага забеспячэння, звычайна самая апошняя (“апошняя рэдакцыя”).

Вёрстка старóнак (page makeup) — кампаноўка тэксту і графікі на старонцы перад друкаваннем з дапамогай настольнай выдавецкай сістэмы ў адпаведнасці з паліграфічнымі правіламі.

Вертыкáльная арыентáцыя (portrait orientation) — размяшчэнне паперы такім чынам, каб радкі ішлі поўз кароткага яе боку.

Вертыкáльная настрóйка (vertical justification) — змяненне прамежку паміж радкамі тэксту такім чынам, каб ён змясціўся на старонцы.

Вертыкáльнае пракрýчванне (vertical scrolling) — прагляд дакумента “уверх” альбо “уніз” у яго вакне.

Вéрхні калантытул (header) — у сістэмах апрацоўкі тэкстаў і друку: адзін альбо некалькі радкоў, якія друкуюцца зверху старонкі. Верхні калантытул можа друкавацца толькі на першай старонцы, на ўсіх старонках, быць розным на цотных і няцотных старонках і інш.; можа выраўноўвацца па цэнтры, па левым альбо па правым полі. Верхні калантытул звычайна ўтрымлівае нумар старонкі і можа таксама ўключаць дату, імя аўтара альбо тытульны загаловак дакумента.

Вéрхні рэгістр (upper case) — стан клавіятуры, адпавядаючы прапісным сімвалам, напрыклад А, Б, С.

Верыфікáваць (verify) — правяраць запісы; пацвярджэнне правільнасці выніку альбо выкананне працэдуры ці паслядоўнасці аперацый. Звесткі, запісаныя на дыскету, звычайна правяраюцца аўтаматычна, і калі выяўляецца немагчымасць запісу, выводзіцца паведамленне “disk fault”.