Абмежавáнне цэ́ласнасці (consistency constraints) — лагічныя абмежаванні, якія накладваюцца на звесткі і прымяняюцца СКБЗ для падтрымання цэласнасці звестак. Гэтыя абмежаванні прадугледжаны ў структуры базы звестак.
Абмяжавáльная рáмка (bounding box) — прамавугловая прастора для тэксту альбо графікі. Параметры рамкі можна акрэсліць мышой.
Абнаўля́ць (update) — дапаўняць файл новымі звесткамі. Аперацыі па абнаўленні ўключаюць ў сябе вывад файла на экран і рэдагаванне гэтых звестак. У рэляцыйных базах звестак можна задаваць змены ўсіх элементаў аднаго імя файла.
Абнулéнне (zero filling) — прысваенне ячэйкам памяці альбо зменным нулявога значэння — запаўненне поля звестак непарыўнай паслядоўнасцю нулёў.
Абнулёўвáць змéнныя (clear variable) — прыдаць зменным нулявое значэнне. Пры запуску праграмы пры нармальнай рабоце кампутара ўсе зменныя маюць нулявое значэнне.
Абрэ́зка ілюстрáцый (cropping) — змяншэнне памеру адлюстравання дзеля таго, каб размясціць яго ў неабходным месцы старонкі.
Абсалю́тнае значэ́нне табуля́цыі (absolute tab) — палажэнне табулятара адносна левага краю ліста альбо левага краю тэксту.
Абсалю́тная адрасáцыя (absolute addressing альбо extended addressing) — метад адрасацыі ў абсалютных адрасах. Працэсар выстаўляе лік у двайковым кодзе.
Абсалю́тная велічыня́ — (absolute value) — значэнне зменнай, якое ўзята без знака. У мовах праграмавання: абсалютная велічыня вызначаецца з дапамогай уладкаванай функцыі ABS.
Абсалю́тная камáнда (absolute instruction) — каманда, якая выконваецца без указання якіх-небудзь звестак альбо параметраў.
Абсалю́тны áдрас (absolute address) — адрас на машыннай мове, які ідэнтыфікуе ячэйку памяці альбо прыстасаванне без выкарыстання якой-небудзь прамежкавай спасылкі, гэта значыць, не можа далей удасканальвацца праграмнымі сродкамі.
Абсалю́тны асэмблер (absolute assembler) — у выніку яго работы атрымоўваецца праграма ў абсалютных адрасах. Гэтая праграма поўнасцю прывязана да кампутара і можа выконвацца без настройкі адрасоў загрузчыка.
Абсалю́тны загрýзчык (absolute loader) — загрузчык, які не выконвае настройкі адрасоў.
Абсалю́тны тып звéстак (abstract data type) — тып звестак, акрэслены толькі аперацыямі, якія прымяняюцца да аб’ектаў гэтага тыпу без уліку яго ўнутранай арганізацыі і канкрэтнай рэалізацыі.
Абсалю́тны шлях (absolute pathname) — поўнае імя файла, якое складаецца з імя дыска, імя каталогу (альбо спіса імёнаў каталогу, падзеленых сімвалам ‘\’) і імя файла.
Абсалю́тныя каардынáты (absolute coordinates) — каардынаты (кропкі на плоскасці альбо ў прасторы), характарызуюць адлегласць ад месца перасячэння каардынатных восяў (пачатак каардынат). Абсалютныя каардынаты прымяняюцца ў кампутарнай графіцы і пры пабудове дыяграм для ідэнтыфікацыі палажэння кропак на графіку альбо на экраннай сетцы.
Абстрáктны аўтамáт (abstract automaton) — матэматычная мадэль аўтамата, якая вызначаецца трыма мноствамі (уваходных сігналаў, станаў аўтамата, выходных сігналаў) і дзвюмá двухмеснымі функцыямі (пераходаў і выхадаў).
Абстрáктны файл (abstract file) — тып звестак аперацыйнай сістэмы; канал.
Абстрагавáнне (abstraction) — ігнараванне, выключэнне выпадковых, другасных прыкметаў з мэтай вылучэння галоўных. Вонкавыя ўласцівасці аб`екта падаюцца без уліку яго ўнутранай арганізацыі і канкрэтнай рэалізацыі. Мадэль аб’екта атрымліваецца ў выніку вылучэння і абагульнення яго ўласцівасцяў. Шырока прымяняецца ў інфарматыцы як сродак разумення складаных прадметаў, працэсаў, з’яваў.
Абся́г адлюстравáння (image area) — прастора паміж палямі на старонцы ў праграме настольнай выдавецкай сістэмы, дзе памяшчаецца тэкст альбо ілюстрацыя.
Абся́г звéстак (data area) — частка памяці, якая выкарыстоўваецца для захоўвання звестак.
Абучáльная (навучáльная) машына (teaching machine) — кампутар ці іншая прылада, якая можа быць выкарыстана вучнямі для навучання без дапамогі выкладчыка.
Абучáльная (навучáльная) праграма (online tutorial) — праграма, якая рэалізуе ў дыялагавым рэжыме алгарытм навучання па той ці іншай дысцыпліне альбо па адным з яе раздзелаў.