Авáрыя (crash) — нечаканы збой у рабоце кампутара (праграмы альбо дыскавода). Аварыя праграмы вядзе да страты ўсіх незахаваных звестак і можа выклікаць нестабільны стан сістэмы і пераладаванне кампутара. Аварыя дыскавода вядзе, як правіла, да страты звестак.
Авáрыя галóўкі (head crash) — збой цвёрдага дыска, калі галоўка запісу-чытання дакранаецца паверхні дыскавай пласціны, на якой захоўваецца інфармацыя. Галоўкі запісу-чытання ў цвёрдым дыску рухаюцца (слізгаюць) над паверхняй дыскавай пласціны, якая кружыцца на вышыні, меншай таўшчыні воласу чалавека. Пры аварыі дыска галоўка запісу-чытання можа датыкацца да дыскавай пласціны, прасякаючы барозны на яе магнітным слоі. Гэта можа быць выклікана механічным збоем альбо моцнай вібрацыяй дыскавода. Магчыма натыканне галоўкі на пылінкі. Вельмі небяспечна пашкоджанне дарожкі сістэмнага абсягу дыска: разбураюцца звесткі, якія ўказваюць месцазнаходжанне ўсіх файлаў на дыску, дыск перастае чытацца.
Авáрыя ды́ска (disk crash) — жаргоннае абазначэнне збою дыскавода. Аварыя дыскавода вядзе да непрацаздольнасці і можа прывесці да страты звестак.
Авáрыя сілкавáння (blackout) — стан, калі напружанне ў сетцы сілкавання падае да нуля — поўная страта сілкавання. Аварыя сілкавання можа пашкодзіць кампутар. Неабходныя звесткі будуць незваротна страчанымі. Найбольшая небяспека, калі аварыя сілкавання адбываецца ў момант работы дыскавода, калі ён чытае інфармацыю з дыска альбо выконвае запіс. Нават увесь дыск можа быць сапсаваны. Надзейны спосаб захаваць інфармацыю — прымяняць бесперабойныя крыніцы сілкавання з унутранай электрабатарэяй.
Авары́йна завярш́ыць (працэс) (abort) — выканаць дачаснае завяршэнне ў сувязі з памылкай. Аперацыя, якая выклікае аварыйнае заканчэнне, альбо суправаджаецца ім. Можа выконвацца з ініцыятывы таго працэсу, які прыходзіць да заключэння, што паспяховае завяршэнне немагчыма, альбо з ініцыятывы аперацыйнай сістэмы, калі ў ім пачынаюць парушацца сістэмныя абмежаванні.
Авары́йнае завяршэ́нне прагра́мы (abnormal end — abend) — незапланаванае, ненармальнае завяршэнне праграмы. З abend мы рэгулярна сутыкаемся пры рабоце з Windows — “Программа выполнила некорректную операцыю и будет закрыта”. Abend — гэта адмова прыкладнога праграмнага забеспячэння. Для адмовы аперацыйнай сістэмы прымяняецца тэрмін crash — аварыйная адмова.
Авары́йная падпрáграма (post-mortem routine) — праграма, якая можа быць запушчана пасля збою ў рабоце праграмы для высвятлення прычыны, па якой адбылася няспраўнасць.
Авары́йны дамп (disaster dump) — вывад змесціва памяці кампутара на прыладу рэгістрацыі (прынтар альбо іншую прыладу вываду) у момант поўнага збою праграмы. Дамп — ёсць звесткі, атрыманыя пры разладаванні памяці.
Авары́йны зáпіс (failure logging) — захаванне звестак і змесціва рэгістра працэсара ў выпадку фатальнай памылкі альбо няспраўнасці напружання ў сетцы сілкавання.
Авары́йны сігнáл (alarm) — выдавальны кампутарам гукавы альбо візуальны сігнал папярэджання аб паяўленні памылкі альбо крытычнай сітуацыі. У спецыяльных праграмах-календарах сігнал выкарыстоўваецца для напаміну пра якую-небудзь падзею ці сустрэчу.
Авары́йны скід (disaster dump) — запіс стану сістэмы да дыск у выпадку адключэння крыніцы сілкавання. Хуткасныя характарыстыкі сучасных працэсараў дазваляюць здзейсніць запіс гэтай інфармацыі да спынення работы, напрыклад, змесціва рэгістраў, інфармацыі пра размяшчэнне звестак.
Авары́йны супын — спыненне выканання праграмы (задачы) пры ўзнікненні ўмоў, якія робяць немагчымым яе далейшае выкананне (машынныя збоі, грубыя памылкі і інш.). Каманда, якая змушае кампутар спыніць выканальную аперацыю і чакаць далейшых указанняў. Пры гэтым выдаецца iнфармацыя аб аварыйнай сiтуацыi. Каманды супыну могуць быць уключанымі ў праграму альбо задавацца націскам клавішаў “супын” альбо “скіданне” на клавіятуры кампутара. Асноўныя мэты супыну: вызваліць рэсурсы сістэмы, якія заняты задачай; прадоўжыць развязанне іншых задач; захаваць працаздольнасць сістэмы.
Аверлэй, перакры́ццё (overlay) — праграма, якая пастаянна размяшчаецца на дыску і запускаецца ў памяць па меры неабходнасці для таго, каб падаць асноўнай праграме значэнні, якія гэта праграма выкарыстоўвае для падстаноўкі на месца сваіх зменных. Праграма падзяляецца на адносна незалежныя часткі — сегменты перакрыццяў. Апошнія нязменна загружаюцца ў адзін і той жа абсяг (вобласць) памяці і не знаходзяцца ў ёй увесь час. Пры такім спосабе арганізацыі вялікай праграмы для яе выканання патрэбны меншы аб’ём аператыўнай памяці. Праграма падобнай структуры называецца аверлэйнай або праграмай з перакрыццямі.