Выбрать главу

Адварóтны званóк (callback) — прымяняецца для зніжэння кошту міжгародных тэлефонных размоў і забеспячэння бяспекі. Кліент дазвоньваецца на callback-сервер і перадае сваё імя і пароль. Калі яны правільныя, дык сервер абрывае злучэнне, шукае адпаведныя перададзенаму імя карыстальніка, нумар тэлефона і перазвоньвае па ім.

Адварóтны ланцýг (backward chaining) — пры даследаванні штучнага інтэлекту паслядоўна аналізуюцца крокі, неабходныя для дасягнення задачы, затым даследуюцца магчымасці іх здзяйснення, і гэтак далей, да пазначэння ўсёй неабходнай інфармацыі.

Адварóтны пóшук (backward search) — працэс адшукання слова, калі пошук праводзіцца з канца тэксту па кірунку да пачатку.

Адварóтны ход (fly-back) — вяртанне сканэравальнага электроннага промня да пачатковай пазіцыі экрана.

Аддáлены (remote) — адносна кампутара: размешчаны на нейкай адлегласці, але даступны па кабелі ці лініі сувязі для паслядоўнай перадачы звестак.

Аддáлены (дыстанцыйны) дóступ (remote access) — доступ да рэсурсаў вылічальнай сістэмы з аддаленага тэрмінала, звязанага з сістэмай каналамі сувязі.

Аддáлены сервер (remote server) — файлавая станцыя сеткі, якая падключаецца да яе пры дапамозе мадэма.

Адзінáрная (нармальная) даклáднасць (single precision) — тып ліку з плавальнай кропкай, які пададзены машынным словам — чатыры байты для захоўвання ліку.

Адкáз (response) — водгук, які атрымоўваем пры любым звароце да базы звестак, альбо любое адказнае паведамленне на экране, які ідзе ўслед за ўводам звестак з клавіятуры.

Адказаўстóйлівая сістэма (fail-safe system) — кампутарная сістэма, якая працягвае працаваць бяз стратаў і пашкоджанняў у праграмах і звестках пры збоі альбо сур’ёзнай памылцы ў якім-небудзь кампаненце сістэмы.

Адкідáнне нявáртасных нулёў (zero compression) — выдаленне непатрэбных нулёў, якія стаяць уперадзе вартасных лічбаў.

Адкрытая падпрагрáма (open subroutine) — падпраграма, адзіная копія якой ўстаўляецца ў кожную кропку галоўнай праграмы, дзе выкарыстоўваецца падпраграма. Адкрытая падпраграма (у адрозненне ад замкнёнай падпраграмы) размяшчаецца непасрэдна пасля папярэдняга аперанда галоўнай праграмы, а не асобна.

Адкрыты  ключ (public key) — крыптаграфія з адкрытым ключом ужывае два ключы: публічны (адкрыты) ключ для шыфравання паведамленняў і прыватны ключ для іх расшыфроўкі. Публічны ключ даступны ўсім ахвочым — можна прымацоўваць яго ў якасці надпісу да e-mail, публікаваць на Web-сайце альбо Usenet. Прыватны ключ — сакрэтны ключ, які ніхто не павінны распазнаць.

Адлюстравáнне áдрасу (address mapping) — працэс азначэння фізічнага адрасу аб’екта па яго віртуальным (альбо лагічным) адрасе.

Адлюстравáнне на экране дысплéя (soft copy) — часовае адлюстраванне на экране дысплея кампутара; супрацьлеглай па значэнні з’яўляецца цвёрдая копія — раздрукоўка на паперы.

Адмéна (abort) — дачаснае завяршэнне праграмы ў сувязі з памылкай. Адмяняецца запуск праграмы альбо прыпыненне выканання каманды, не чакаючы яе завяршэння, калі выкананне з нейкай прычыны не магмыма.

Адмóва ў абслугоўванні (denial of service) — тып атакі на сістэму, калі зламыснік захоплівае даступныя рэсурсы сервера, пасля чаго законныя карыстальнікі не могуць падключыцца да сервера, паколькі яго рэсурсы ўжо вычарпаны.

Адмóўнае (адносна лікаў) (negative) — аперацыя змянення знака ненулявой арыфметычнай велічыні. Адмаўленне нуля дае нуль. У логіцы: прымяненне аперацыі НЕ да выказвання, праўдзівага значэння альбо формулы.

Адмóўнае падцвярджэнне прыёму (Negative AcKnowledgement — NAK) — пры атрыманні звестак атрымальнік павінны адправіць пацвярджэнне прыёму. У выпадку, калі атрымальнік не атрымае чаканых звестак, альбо атрыманыя звесткі былі пашкоджаныя, то ён адпраўляе адпраўшчыку сігнал NAK, які ўказвае на неабходнасць паўтору перадачы.

Адмóўны лік (negative) — рэчаісны лік, меншы за нуль. На рэчаіснай восі яму адпавядаюць пункты злева ад нуля.

Адмаўлéнне (negation; non operation) — аднамесная булева аперацыя, вынікам якой мае булева значэнне, супрацьлеглае булеву значэнню аперанда.

Адміністрáтар (administrator) — 1. Частка вылічальных сродкаў, якая разглядае парадак выканання праграм. 2. Чалавек, які кіруе прыладай ці рэсурсамі, напрыклад, базай звестак.