— І ўсё ж выйсце ёсць, — абнадзеіў я Аляксандра Пятровіча.
— Праўда? — узрадаўся ён і тут жа папрасіў: — Кажы хутчэй, якое?
— Вы ганаровы грамадзянін Жлобіна?
— Ты сумняваешся ў гэтым? — ён паспрабаваў усміхнуцца.
Не зважаючы на гэта, я прадоўжыў:
— Чаму б вам не звярнуцца да кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў. Тым больш, што сярод іх ёсць і такія, якія ўпэўнена стаяць на нагах. Няўжо яны не знойдуць колькі мільёнаў, каб перавесці іх на рахунак выдавецтва «Мастацкая літаратура»?
Аляксандр Пятровіч уважліва, не перабіваючы, выслухаў маю прапанову. Адчувалася, што яна яго зацікавіла. Аднак нічога пэўнага наконт гэтага не сказаў, толькі на развітанне прамовіў:
— Трэба падумаць.
Праўда, калі мы зноў сустрэліся, ён да гэтай размовы не вяртаўся. Падумаўшы, што і выхад на жлобінскія прадпрыемствы аказаўся марным, каб ні раніць Аляксандра Пятровіча сваім напамінкам, нічога пытацца пра гэта не стаў. Так было яшчэ пры некалькіх нашых сустрэчах. І толькі праз колькі месяцаў высветлілася, што А. Капусцін усё ж звярнуўся па дапамогу да сваіх землякоў. А расказаў ён мне пра гэта падчас нашай апошняй сустрэчы.
Што ёй наканавана стаць апошняй, канечне, ніхто з нас у той час пра гэта не здагадваўся. У рэшце рэшт так бывае заўсёды. Сустрэўся, пагаварыў з кім-небудзь, а потым, калі яго не стала, прытым раптоўна, пачынаеш прыгадваць некаторыя дробязі, якія тады, пры той сустрэчы, маглі б насцярожыць, калі б да ўсяго аднёсся больш пільна, прыгледзеўся больш уважліва.
І пры нашых сустрэчах, што папярэднічалі гэтай, Аляксандр Пятровіч выглядаў ужо, зразумела, далёка не колішнім «лейтэнантам маладзенькім». Канечне, гады бралі сваё. Ды толькі і цяпер, на адлегласці часу, магу пацвердзіць тое, што неаднойчы казаў самому А. Капусціну, а ў сувязі з ягоным 70-годдзем зазначыў і ў матэрыяле пра яго, змешчаным у «ЛіМе»: ён па-ранейшаму выглядаў маладжавым, падцягнутым. Ды гэта нельга было не заўважыць, калі ён адчуваў сябе добра.
Калі ж зайшоў да мяне ў «ЛіМ» пасля доўгага перапынку, яго было не пазнаць. Нейкі сутулены, без пастаяннай іскрынкі ў вачах. Наадварот, у іх прачытваліся сум і журбота. Твар быў бледны, хваравіты. Аляксандр Пятровіч цяжка дыхаў. Мабыць, здагадаўся, што гэта не прайшло для мяне незаўважна.
— Давялося ў бальніцы паляжаць, — сказаў, цяжка ўздыхнуўшы.
— Чаму не патэлефанавалі? — здзівіўся я, бо заўсёды, калі Аляксандр Пятровіч трапляў у так званую «лечкамісію», стараўся паведаміць мне.
— Я не ў «лечкамісіі» ляжаў.
— А дзе?
— Сэрца прыхапіла на дачы.
Дача яго знаходзілася ў Пухавіцкім раёне. Таму, калі ягоная жонка Эмілія Іванаўна выклікала «хуткую», А. Капусціна завезлі ў раённую бальніцу.
— І доўга там былі?
— Тры дні.
— Можа б яшчэ паляжалі?
— А што там рабіць? — павесялеў Аляксандр Пятровіч і дадаў аптымістычна, з упэўненасцю на лепшае: — Здароўе паправіцца, а ў мяне такая нагода для радасці, — прадаўжаючы ўсміхацца, ён палез у сваю скураную папку і выцягнуў з яе стос паперы: — Гэта дзякуючы табе.
— Дзякуючы мне? — здзівіўся я, здагадваючыся, што ў руках А. Капусціна нейкая карэктура. «Няўжо кніга «Усяму беламу свету»? — мільганула ў мяне думка.
— А каму ж яшчэ! — працягваў Аляксандр Пятровіч. — Ты ж падказаў мне звярнуцца па дапамогу да землякоў. І вось, калі ласка, забраў сёння карэктуру. Малайцы землякі мае! — з гонарам прамовіў ён, называючы прадпрыемства, якое перавяло грошы выдавецтву «Мастацкая літаратура» на выданне яго кнігі. Паведаміў і пераведзеную суму і паабяцаў: — Як толькі выйдзе, падпішу табе.
Сэрца не вытрымала...
Не падпісаў... А дагэтуль дарыў з аўтографамі ўсе свае кнігі, што выходзілі на працягу нашага сяброўства, якое пачалося ў 1973 годзе, калі А. Капусцін прыйшоў на працу ў «ЛіМ». На апошняй ягонай кнізе, праўда, таксама стаіць даравальны надпіс, але зрабіла яго Эмілія Іванаўна Капусціна — дарагая, любая ягоная жанчына, жонка, якую ён кахаў усё сваё жыццё надзвычай моцна і аддана.
І ў сваёй апошняй кнізе Аляксандр Пятровіч піша пра дарагія сэрцу мясціны, адштурхоўваючыся ад уражанняў падчас наведвання землякоў, згадвае перажытае ў гады вайны. Гэта ўгадваецца па дакладных рэаліях з таго часу, ва ўменні тонка адчуць унутраны стан учарашніх партызан і франтавікоў, якім у сённяшнім жыцці даводзілася нялёгка. І не толькі матэрыяльна, а і маральна. Ім балюча было з-за таго, што ідэалы, за якія яны змагаліся, многімі абясцэньваліся. Тым самым у творах прысутнічае яшчэ адна тэма — маральна-этычная, што знаходзіла водгалас ва ўсім, што А. Капусціным пісалася.