Выбрать главу

Новыя ягоныя кнігі «Размова ў дарозе», «Скажу праўду», «Белыя гусі лета прарочаць» і іншыя засведчылі, што талент уступіў у такую пару, калі пішацца лёгка, з’яўляюцца новыя значныя задумы і хутка знаходзяць сваё адпаведнае мастакоўскае вырашэнне. Прыхільна былі сустрэты чытачамі, крытыкай такія зборнікі прозы пісьменніка, як «Цвіў бэз, іграла скрыпка», «На хвалях Нявы», «Белыя гусі лета прарочаць»...

Працаваў Аляксандр Пятровіч плённа. Так актыўна, нібы ў яго з’явілася другое творчае дыханне. Сапраўды, так бывае нярэдка, калі пісьменнік, дасягнуўшы паважанага ўзросту, азіраючыся на пройдзены шлях, спяшаецца выказаць тое, чаго дагэтуль не паспеў сказаць, але яно не дае спакою, патрабуе споведзі. Тады цяжка адарвацца ад пісьмовага стала. Асабліва, калі разумееш, што часу, адпушчанага табе Усёвышнім, па днях менее і менее. Пасля таго ж, як з’явілася штосьці новае, абавязкова ўзнікае жаданне падзяліцца сваёй радасцю з тым, каму давяраеш, хто, у чым упэўнены, зразумее цябе, падзеліць тваю радасць.

Калі прыйшоў творчы вопыт, А. Капусцін ўсё часцей пачаў звяртацца да гісторыі свайго краю, родных мясцін. Падобную цікавасць ён праяўляў і раней. У прыватнасці, калі вучыўся ў Маскве, рэгулярна наведваў Дзяржаўную бібліятэку СССР імя У. І. Леніна, часта працаваў у архівах. І так з дня на дзень, на працягу некалькіх месяцаў. Збіраў звесткі, што тычыліся жыцця Жлобіншчыны ў розныя гістарычныя перыяды. Адзін з нарысаў — «Рэвалюцыйныя падзеі ў Жлобіне», калі вярнуўся на радзіму, апублікавала раённая газета «Камуніст». Але многае заставалася ў блакнотах, чакала свайго асэнсавання. Нарэшце, А. Капусцін задумаў шэраг мастацка-дакументальных аповесцей.

У аповесці «Салёная раса» расказаў пра капітана Баталава, якому ў жніўні 1941 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Батальён пад яго камандаваннем больш як месяц стрымліваў наступленне фашыстаў пад Жлобінам. На Жлобіншчыне праславіўся і генерал-лейтэнант Леанід Пятроўскі. Шэсцьдзясят трэці стралковы корпус пад яго камандаваннем у сярэдзіне ліпеня сорак першага перайшоў у контрнаступленне. Воіны фарсіравалі Днепр, вызвалілі Жлобін і Рагачоў, а таксама многія малыя населеныя пункты. Аповесці пра Л. Пятроўскага і яго баявых саратнікаў можна назваць «Салдаты першай перамогі». Менавіта на Жлобіншчыне ці не ўпершыню гітлераўцы павінны былі адступіць на такім вялікім адрэзку фронту. Чырвоная Армія не проста стрымлівала іх націск, а вызваліла акупіраваную тэрыторыю.

Праўда бывае і рэзкай

Не было такога выпадку, каб мой старэйшы сябра (а для мяне Аляксандр Пятровіч быў не толькі аўтарытэтным творцам, літаратарам, а і, не пабаюся гэта сказаць, блізкім чалавекам, сустрэчы з якім заўсёды чакаеш з нецярпеннем), завітаўшы да мяне ў «ЛіМ», дзе я тады працаваў, шчыра ўсміхнуўшыся, задаволена прызнаваўся:

— А ведаеш, я напісаў...

Далей гаворка ішла ці то пра апавяданне, ці то пра гумарэску, а часам і пра накіды да аповесці. Тут жа прапаноўваў прачытаць колькі старонак, спісаных буйным почыркам. Не скажу, што я ахвотна згаджаўся. Толькі зусім не па ляноце. Тады лічыў, дый цяпер у гэтым перакананы, што падобнае чытанне пры самім аўтары, неяк скоўвае цябе, асабліва, калі адчуваеш, што сам ён настроены на тое, каб пачуць ад цябе ўхвальныя словы. Калі ўсё ж згаджаўся што-небудзь пачытаць з прапанаванага ім, Аляксандр Пятровіч з хваляваннем сачыў, як я роздумна ўзіраўся ў старонку за старонкай, чакаючы маёй думкі аб прачытаным. Ахвотна згаджаўся штосьці падправіць (а гэта найчасцей тычылася дробных стылявых момантаў), пытаўся, у якое выданне гэты твор лепш прапанаваць. Хоць аднойчы пайшоў незадаволены.

Магчыма, і не трэба было мне так рэзка выказваць свае заўвагі пра адну яго гумарэску. Аднак на гэтую рэзкасць мяне, па сутнасці, настроіў сам А. Капусцін. У той дзень я быў нешта не ў гумары, дый неўзабаве трэба было ісці на рэдакцыйную планёрку. Таму, калі Аляксандр Пятровіч, прапанаваў мне прачытаць свой твор, я адмовіўся, сказаўшы, што няма часу. Капусцін працягваў настойваць. І тады я, як кажуць, псіхануўшы, пачаў гумарэску чытаць. На жаль, яна, як зразумеў, прабегчы паўстаронкі, яму не ўдалася. Іншым разам я б пастараўся змякчыць свае заўвагі. А тут мяне «панесла». Аляксандр Пятровіч такога водгуку, зразумела, не чакаў. Ён пачырванеў і ціха сказаў:

— Па-твойму слаба...

— Не проста слаба, — вырвалася ў мяне, — а...