Выбрать главу

Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць «у нагу», я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi «ў нагу». І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi «ў нагу». Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi — толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння «ў нагу» бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.

Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi «прывiтанне», «вiтаю вас» i розныя «здраўствуйце». Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 — «добрай ранiцы», з 12.00 да 18.00 — «добры дзень», з 18.00 i да ранiцы — «добры вечар». А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.

Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе ра­зам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць i абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды бiлi, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмi старанна ўтойвалася, i яшчэ там была сiстэма замены.

Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовiўся вучыць 10 абавязковых пiянерскiх песень. Калi на палянцы нас пасадзiлi ў кружок i пачалi надыктоўваць словы, я ўзняў руку i заявiў, што зусiм кепска пiшу па-расейску. За такi жарт мяне, як мiнiмум, можна было б паставiць пасярод пляца на вечаровай лiнейцы i перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць i прынiзiць, сказаўшы: вось пiянер, якi не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленiн. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькi Галiна з Ноўгарада павяла сябе iнакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: «Хто яшчэ не ведае расейскага правапiсу?» Маё непадпарадкаванне падтрымалi два казахi, Мухтар i Амангельды. Тады важатая вельмi ўрачыста паведамiла, што мы вызваляемся ад 10 пiянерскiх песень i накiроўваемся ў бiблiятэку, дзе зможам узяць кнiгi на родных мовах i чытаць iх, пакуль астатнiя будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмi тактоўна, так, што падумалася: мусiць, папярэдняя мiжнародная змена з неграмi ды кiтайцамi ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставiцца да iншародцаў, якiя не вывучылi вялiкую ды магутную мову мiжнацыянальных зносiн. Але ж i з майго бунту выйшаў пшык.

Толькi калi я ў пэўным сэнсе падмануў Галiну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонiк, iнакш i не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкi. I вочы ў казаха былi вузкiя i лупатыя адначасна; вочныя яблыкi так i хацелi выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура iх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку нiхто не мог запомнiць. Але калi такое вымавiш i запомнiш, дык ужо i не забудзеш, каб i хацеў. Пабудзi мяне сярод ночы i спытай, з якiм казахам давялося пазнаёмiцца ў Артэку, i пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму ра­зам з нашчадкамi начальнiкаў у Крым паехалi дзецi шматдзетных пралетарыяў i сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзiця ў бацькоў. Я не цiкавiўся, кiм працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я iхняя яўна не гаравала i не галадала. Ты б толькi бачыла, як ён расцiснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...