I я пашкадаваў Гэлю, закрычаў, што трэба лекара выклiкаць. А ўсе аж заходзяцца. Ну, якi, скажыце, на вёсцы лекар? Да блiжэйшага тэлефона сем кiламетраў. А я пабег да Алеся Ласевiча, ён добры i якраз у той дзень на канi працаваў. Падбег i кажу: «Высыпай бульбу з воза!» — i так распсiхаваўся, ну, проста жах, са мной такое бывае, калi пачынаюць смяяцца, я тады звярэю. Вывернулi мы бульбу на полi, я схапiўся за аброць i падвёў каня да стога. Накiдаў саломы i сказаў, каб Гэля лезла ў воз, бо павязу яе да лекара ў Вуглы.
Вераснёвы лес, сонца, цiха, толькi колы на карэннi гупаюць дый конь Арцём вецер пускае. Наеўся, гад, бульбы ды пускае смурод, хоць я да гэтага i нармалёва стаўлюся. Конь ёсць конь, ён не еў розных там яблыкаў з райскага дрэва i сораму не разумее, дзякуй Богу. А вось Гэля ўсю дарогу перажывала, што перад нейкiм вясковым фельчарам давядзецца распранацца i паказваць копчык. А мяне смех душыў, як уяўлю фельчара, што абмацвае копчык. Толькi Астравец не дазволiла мне ў тую лякарню вясковую зайсцi. Лякарня, смех сказаць, нейкi кабiнецiк у аднапавярховай пачатковай школцы. Я на вулiцы пастаяў i дзецям пазайздросцiў. Яны падчас перапынку ў двары гулялi, бегалi там у «квача» i ўсё такое. Я падумаў пра сваю дзевятую школу, пра яе цёмныя калiдоры. Яе цяпер, дарэчы, у школу для дэбiлаў ператварылi. І слушна. А я тады першы раз у жыццi пашкадаваў, што вучыўся ў горадзе, а не на вёсцы.
Калi Гэля выйшла на двор, яна iшла, як старая качка, перавальвалася з боку на бок. А я не ўсмiхнуўся, а толькi сказаў, што мы спознiмся на абед i лепш паехаць паесцi да скульптараў. Гэля казала, што есцi ёй зусiм не хочацца, толькi я не паслухаў i павярнуў каня да сталоўкi, дзе кухаркай Вольга Пакроўская працавала. Яна нас пакармiла вараным мясам i кiсялю налiла, i ўсё было б добра, каб не Сяржук. Ён узяў i сказаў мне, што Вольга закахалася ў вясковага агранома. Лепш бы ён мяне ўдарыў цi плюнуў мне ў твар, сапраўды, было б не так балюча. А то ўсю дарогу з Вуглоў я ледзь не плакаў. І не таму, што лiчыў сябе лепшым за нейкага там агранома цi трактарыста, а проста хацелася плакаць, i ўсё. Толькi я саромеўся Гэлi, я ж не конь, якi псуе паветра i не саромеецца, я ж чалавек, хай сабе i не лепшы за агранома з вёскi Вуглы. Так я i не заплакаў. Але крыўда засталася, дробненькая такая крыўдачка. І не на Вольгу Пакроўскую, а на ўвесь свет i асаблiва, чамусьцi, на школьныя смярдзючыя калiдоры з майго дзяцiнства.
Я са школы як выйшаў пасля апошняга экзамену, больш туды i не заходзiў. І не хацелася нi разу зайсцi. А ў мастацкую вучэльню з радасцю хадзiў, i ўсё чакаў, пакуль заняткi пачнуцца. Вярнулiся з бульбы, тут мая галава i закруцiлася. Натуральна, нi пра што думаць не магу. Нi пра жывапiс, цi пра малюнак i кнiжкi пра розных там Сезанаў i Радэнаў перастаў чытаць. І стрэлiла ў маёй затлумленай галаве такая дурацкая думка: трэба запрасiць Вольгу ў тэатр.
Я казаў, што тэлевiзар не люблю, дык вось тэатр я ў мiльён разоў больш ненавiджу. А тут пабег i ўзяў два квiткi на спектакль «Салдаты». І яшчэ ў касiркi спытаўся, цi добрая п’еса, а яна, дурнiца расфарбаваная, свае вусны малiнавыя падцiснула i сказала, што п’еса блiскучая, i на прэм’еры драматург пачаставаў яе шампанскiм. Якi ж ён празорца, гэты драматург! Ну, проста Саламон. Вось так i трапiў я ў пастку. І з такiм цудоўным настроем, бо Вольга адразу пагадзiлася iсцi глядзець п’есу «Салдаты». А напярэдаднi яна пафарбавала валасы ў чорны колер. Калi па шчырасцi, дык мне больш падабалiся яе сапраўдныя русыя валасы, якiя былi ў яе ў траўнi. А перад самай бульбаю яна iх выбелiла i закруцiла ў дробныя-дробныя кудзеркi. І яе называлi «залатое руно». А ў тэатр я iшоў з брунеткай, такой вугальна-сiняй, такой яркай: вусны чырвоныя, а вочы шэрыя, светлыя... Сукенка на маёй тэатральнай спадарожнiцы была цёмна-блакiтная, нават светла-сiняя, i вельмi пасавала да чорнае фрызуры. І рыдыкюль i чаравiчкi былi чорныя, скураныя i вельмi зграбныя, i не скажаш, што Вольга скульптар, а не мадэльер.
Зайшлi мы ў тэатр, ходзiм па фае, а ў тэатры нiкога няма. Да пачатку «Салдатаў» застаецца хвiлiнаў дваццаць, а ў тэатры толькi я i Вольга. Прыехалi, як кажуць. Толькi ж я яшчэ не ведаў, на якую кiрзавую вайсковую станцыю мы трапiлi. Раптам у вестыбюль пачалi заходзiць салдаты, i зусiм не тэатральныя, а самыя сапраўдныя. І набiлася iх поўны тэатр. Уяўляеш, поўны тэатр гiмнасцёрак i стрыжаных патылiц, а з цывiльных толькi я, Вольга i кантралёркi. Мяне аж у пот кiнула, ну так непрыемна, што проста жах. Ішоў з дзяўчынаю ў тэатр, а трапiў ў клуб вайсковае часткi. Мне захацелася выпiць, але як падумаў, што ў буфеце поўна смярдзючых вайскоўцаў, так адразу i перахацелася. Я павёў Вольгу ўздоўж сцяны, а сам усё за дзверы торгаў. У мяне новая iдэя з’явiлася: зайсцi ў якую ложу. Хоць тут пашанцавала. У адну з ложаў мы ўсё ж патрапiлi i селi ў досыць зручныя фатэлi. І мне зрабiлася добра, хвiлiнаў пятнаццаць у мяне быў цудоўны настрой, бо, па-першае, я пазбавiўся ад радасцi бачыць савецкае войска, а па-другое, я трымаў за руку Вольгу. Як вёў яе ўздоўж сцяны, так руку яе i не выпусцiў, i яна не забiрала.