Я ж табе казаў, нiчога цiкавага ў маiм першым каханнi так i не адбылося. Нiхто не ўтапiўся i не парэзаў сабе вены.
Сочы. 14.IV.1992
Артэк
(іранiчная аповесць)
Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал
з горада Арла i Яўгену Вапу з Беласточчыны
Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка...
Пуцёўку ў крымскi летнiк прынёс бацька. Звычайна маiм прыладкаваннем падчас вакацый займалася мацi. Яна працавала ў бiблiятэцы будаўнiчага трэста № 4, а на той час у пралетарскiх канторах канцэнтравалiся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнiкi. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвенi: «Адам, ты паедзеш у жнiўнi ў Артэк!». У падтэксце, пра якi так любiлi разважаць у пачатку 70-х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакамiцейшым лагеры, куды збiраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мiнскага сямiкласнiка сцялася ад сполаху, бо я ж нiколi не быў найлепшы нават у сваёй вельмi сярэдняй школцы 9, нават у сваiм адным з найгоршых 6-м «В». Скажу так, я быў хранiчны харашыст, якi мужна змагаўся з тройкамi. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найразумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алiмпiйцаў. Менавiта так пiсалася, гаварылася i паказвалася ў газетах i часопiсах, на радыё i ў тэлевiзары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.
Вось так, у страху i сумневах — ехаць цi не ехаць — прайшлi два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нiбыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькi пабачыў тых, з кiм давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мiнскiя мамчыны дачушкi i сынкi стаялi з бацькамi, а да iх ног тулiлiся, не раўнуючы сабакi, яркiя валiзкi. Было гадзiн 11 вечара, сцямнела, нас — будучых артэкаўцаў — пашнуравалi па двое i павялi на вакзал. У цемры мы нагадвалi калону палонных.
У цягнiку Мiнск — Сiмферопаль выдалi сухi паёк: печыва, хлеб, цукеркi ды кансароўку з свiной тушанiнай, адну на траiх. Першы ўзяўся есцi з бляшанкi вiсланосы Мiхась з Нясвiжа. Пакуль астатнiя пазiралi ў акно i запiвалi цеплаватай гарбатай чэрствы хлеб, нясвiжскi Мiхась выеў з кансароўкi ўсё чыста мяса i сказаў, што такая трапiлася бляшанка — адно сала, адзiн тлушч. Кемлiваму нясвiжскаму пiянеру натаўклi ў каршэль, але ж мяса не вярнулi.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя лагерныя днi праходзiлi заўсёды пад шарым i халодным крылом голаду. Як найкаштоўнейшы талiсман я насiў у нагруднай кiшэнi лусту чорнага сухара, а калi клаўся спаць, дык хаваў хлеб пад падушку, загарнуўшы ў кашулю, каб не раскрышыўся.
З лустай чорнага хлеба ў кiшэнi я даехаў ажно да артэкаўскай лазнi, а там давялося пацiху яе выкiнуць, бо хударлявы маладзён, апрануты ў гарчычную паўвайсковую форму, загадаў распрануцца дагала i скласцi ўсе рэчы ў мех, якi знеслi ў камеру захоўвання ажно на два доўгiя месяцы. На мне засталiся адно шкарпэткi i сандалi, а ў цэлафанавым пакецiку, прыцiснутым да пэўнага органа, былi толькi мыла, зубная паста, шчотачка дый кеды з запаснымi шкарпэткамi. У правым кедзе хаваўся вацок з чырвонцам. Зразумела, што ў другi вольны кед я мог засунуць сухую лустачку хлеба, але ўяўны сорам не дазволiў. Знойдуць, i пачнецца... Вы што, з галоднага краю да нас прыехалi? Гэта вас бацькi навучылi хлеб у абутку хаваць? Карацей, я не пашкадаваў, што выкiнуў харч, бо аглядалi вельмi ўважлiва: i ў валасах вошы шукалi, i мiж пальцаў — каросту, i нават клубы рассоўвалi i ў дупу зазiралi... Ад чаго я пачырванеў i заiкаўся, калi надыктоўваў доктарцы ў акулярах уласныя даныя.
З доктарскага кабiнета доўгiм калiдорам давялося шыбаваць у душ, дзе ўжо назбiралася чалавек трыццаць голых хлопцаў i дзе адсутнiчала гарачая вада. З вiскатам, ровам i рогатам кожны па чарзе ўскокваў пад ледзяныя струменi, а ўсе астатнiя заходзiлiся ад смеху, нiбыта ў апякальна-сцюдзёным душы i ў курчах пад iм ёсць нешта вясёлае.
З душа было загадана iсцi ў даўжэзны пакой, пасярод якога цягнулася даўжэзная лава, на ёй гурбiлася форма: шорты, майкi, трусы, кашулi i пiлоткi. Я нiколi не бачыў у сапраўднасцi, як дзiкуны нападаюць на маманта, толькi ў амерыканска-ангельскiм фiльме «Мiльён гадоў да нашай эры», а яшчэ ў дакументальнай стужцы мяне ўразiла сцэна нападу гiенаў на льва. Нiзказадыя, тупарылыя, лапавухiя сабакi раздзiралi на шматкi старога цара звяроў. Нешта падобнае адбылося з дзяльбою формы. Трэба ж было ўадначассе схапiць майку, пачаць яе апранаць, бегчы ўздоўж лавы да гурбы трусоў, хапаць, усцягваць, прасоўвацца, прадзiрацца да кашуль, намячаючы шлях да шортаў i пiлотак. Тое самае рабiла яшчэ трыццаць найспрытнейшых з усiх спрытных. Пэўна ж, скончылася б бойкай, калi б хударлявы маладзён не ўскочыў у доўгi пакой i не зароў, не раўнуючы паранены гiпапатам: «Ста-а-аяць! Ма-а-аўчаць!»