Выбрать главу

Гаспадар выкiнутае мыльнiцы спачатку смяяў-ся, як i ўсе прысутныя ў пакоi, а потым, зразумеў-шы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусiм збялеў, а ягоныя балотныя вочкi пазелянелi, як вiцебскiя азёры ў жнiўнi. Ударыў першы ён... Вiця ўдарыў мяне першы, i ўдарыў нагою па маёй назе, калi я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявiць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася i пабiлася сцягно, месяц не сыходзiлi сiнякi. Ты ж ведаеш, у мяне вельмi белая i далiкатная скура, пальцам ткнi, i расцячэцца лiловая плямiна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмi кепска загараю. Калi выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках i нагах вёз найбольшую колькасць сiнякоў i драпiнаў. Знарок лiчылi: 43 сiнякi i 18 драпiнаў. Толькi ад падзення на дубовы паркет да развiтання з лагерам Горны было яшчэ далёка.

Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там... Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Вiця з Вiцебска. Умацаванне баявога духу натхнiла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такiя расейскiя брудныя словы i так гучна, што працiўнiкi вырашылi за лепшае выйсцi за дзверы, якiя я зачынiў нагою. Дзверы хлопнулi-стрэлiлi. І стрэл выбiў з мяне агрэсiю, якая вылецела залацiстым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны i спустошаны я павярнуўся да Вiцi з намерам памiрыцца. «Паглядзi на маё сцягно!» — сказаў я даверлiва. «А ты ледзь не зламаў мне шыю», — зусiм ласкава паведамiў ён. Мы памiрылiся з Вiцем, якi самотна сядзеў на ложку, калi я цiхенька адчынiў першы раз дзверы ў 311-ты пакой.

Другi мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мiн­ска, ён зайшоў у пакой трэцi. Меланхалiчны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былi нераздзеленыя самыя маленькiя пальцы, нават пазногаць на iх быў адзiн, гэткiя сiямскiя блiзнюкi на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен зусiм не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць i скакаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лагеры. Сярожа грунтоўна займаўся на мiнскiм стадыёне «Дынама» лёгкай атлетыкай i прывёз у Артэк выдатны спартовы строй, якi давялося пакiнуць у камеры захоўвання.

Але шаўкавiста-блакiтны строй усё ж недарэмна з’ездзiў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага лагера дружбы ў мяне затырылi, а калi па-чалавечы, дык скралi штаны. Звалаклi самым непасрэдным чынам... Я лёг спаць i паклаў нагавiцы за падушку, каб не надта пакамячылiся, i яшчэ я iх рукою прытрымлiваў. А калi прачнуўся, дык у руцэ быў зацiснуты рог падушкi, а штаноў i след прастыў. Суправаджальнiца — акулярыстая маладзiца з таўсценнымi шчыкалаткамi i танклявым галаском — адно развяла ўшыркi кароткiя рукi, маўляў, трэба было класцi пад падушку, а не за падушку.

Я ледзь не заплакаў, разам з штанамi прапалi дзве поўныя кiшэнi значкоў, якiя падаравалi аднаатрадаўцы. Якiх там толькi не было! I блакiтны герб Зеленаграда Калiнiнградскай вобласцi. І мячэць з Джамбула, што ў шыракаскулым Казахстане. І вузенькая панарама Ульянаўска. І карэльская бяроза з Петразаводска. Ледзь не ўся гiсторыя з геаграфiяй тагачаснага СССР. І ўзялi, i панеслi... А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбiраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхоплiваю спартовыя нагавiцы. А тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Мiнск аднаатрадавец Сярожа. У яго я i пазычыў навюткiя блакiтна-шаўкавiстыя штаны. Як ён не хацеў iх даваць! I вельмi здзiвiўся, калi праз дзень я прынёс iх яму дамоў. «А я быў упэўнены, што больш нiколi iх не ўбачу!» — усклiкнуў Сярожа, убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, а вось я больш нiколi яго не сустракаў, хоць i жыў ён у самым цэнтры Мiнска, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам «Сталiчны». Мусiць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш нiколi нiкога з iх не спатыкаў.

Толькi вось аднойчы на кнiжнай вокладцы я прачытаў прозвiшча аднаатрадаўца — Абашаў. Я пацiкавiўся, дзе выдавалася кнiга... Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнiчак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкiрыi. Юра, якi клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта i патрапiў ў малапрыемную сiтуацыю. Зрэшты, у сiтуацыю патрапiў не толькi Абашаў з Башкортастана...

Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова рас­прануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, — i пад коўдраю, але — Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагер­нiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! — значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» — наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. «Я распрануўся», — вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. «Ты чаму шкарпэткi не зняў?» Паўза пасля «чаму» была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова «скацiна». «А ў нас усе так спяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!» — доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый зрозным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова...

Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць «у нагу», я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi «ў нагу». І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi «ў нагу». Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi — толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння «ў нагу» бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.

Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi «прывiтанне», «вiтаю вас» i розныя «здраўствуйце». Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 — «добрай ранiцы», з 12.00 да 18.00 — «добры дзень», з 18.00 i да ранiцы — «добры вечар». А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.