Выбрать главу

Папiльнаваць яго ў лесе? Дык чорт жа яго ведае, калi ён будзе ехаць або iсцi, ды ў лесе яшчэ хто наткнецца, а пры людзях такiя справы не робяцца.

Падгаварыць хiба навабранцаў, каб аб'юшылi* яго, як будуць iсцi на прызыў. Але для гэтага трэба не менш гарца** гарэлкi ды i трудна зрабiць так, каб людзi не зналi яго намовы. Не! Калi рабiць, дык трэба зрабiць гладка, так, каб i камар носа не падтачыў.

* Аб'юшылi - зьбiлi да крывi.

** Гарнец - старая мера вадкасцi i сыпучых цел, роўная 3,28 лiтра.

А як зрабiць?

I зноў завярцелiся Паўлюковы мазгi, пайшлi выдумляць хiтрыя сецi, у якiх павiнен быў заблытацца Сучынскi.

А каб проста падпалiць гада? Што ж? Падпалiць не штука, але цi хопiць розуму i хiтрасцi схаваць канцы ў ваду. Ды што ў яго ёсць? Згарыць будынак, дык будынак скарбовы, на руку будзе скарбу - страхоўку возьмуць i яшчэ падзякуюць, а самога зловяць - i бывай крама з таварамi! Паўлюку аж страшна стала, калi ўспомнiў, як бiлi i засудзiлi за падпал Трахiма Скарача. Не! Гэта не гадзiцца. I яшчэ многа спосабаў перадумаў Паўлюк, ды нiводзiн не здавольваў яго.

IV

Нiчога не прыдумаў Паўлюк за ўсю ранiцу. I злосць яго брала, што нiчым не дапячэш Сучынскага. Але яму тут памог сусед Сцёпка Навой; памог знячэўку, i ў мыслях не маючы таго.

Гэта было ў панядзелак. Прыходзiць да Паўлюка Сцёпка пазычыць поўасьмiны*. Затрымаўся трохi, разгаварылiся. А Сцёпка якраз быў у нядзельку на рынку, хадзiў з жонкай купляць лён.

* Поўасьмiны - старая мера сыпучых цел, 24 кг.

От i расказвае Сцёпка, як у хаце крамнiка Хацкеля сяляне набiлi палiцэйскага стражнiка. Пятрусь Камар з Ябланоўкi i Мiкiта Трацяк з Малой Слабодкi зайшлi да Хацкеля выпiць па чарцы... Ну, цi мала якi можа быць у людзей iнтарэс. Сядзяць сабе яны, выпiваюць. Уваходзiць стражнiк, садзiцца каля стала, за якiм сядзелi Пятрусь з Мiкiтам, - прыляпiўся, як той клешч да сабачага вуха. Не гнаць жа чалавека вон ад стала. Налiваюць i яму чарку, бо ўсякая, лiчы, вантроба прагне гарэлкi. I ў стражнiка была гэткая вантроба, i ён таксама быў не промах наконт гарэлкi, асаблiва, калi гарэлка нiчога не каштуе.

Выпiлi адну поўпляшку, выпiлi другую, развязалiся языкi, з'явiлася i рызыка.

- Ну, што ж? - гаворыць Мiкiта стражнiку: - ты з намi пiў, стаў цяпер i ты.

- А ты знаеш, з кiм ты гаворыш? - пытае стражнiк.

- Даволi зiрнуць на тваю мардасiну, каб ведаць, якая ты штука, - адказвае Мiкiта, падпёршы рукою левы бок.

Слова за слова, завязалася сварка, а потым i бойка. Стражнiк хацеў хапiць шаблю, але Пятрусь, як абцугамi, сцiснуў яго за плечы.

- Нiчога не паможа табе гэта трапло, - гаворыць Пятрусь, ды разам з Мiкiтам павалiлi яго на зямлю i давай мясiць. Збiлi на горкi яблык. А Мiкiта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблi, сказаўшы:

- Добра будзе вушкi паўстаўляць у лапцi.

Паўлюк слухаў, не прапусцiўшы нiводнага слова.

- I суда не будзе?! - спытаўся ён.

- Якi суд? Чалавек ты! Пабiлiся п'яныя, от i ўсё, - гаворыць сусед.

Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысль, якую ён так доўга шукаў i не мог знайсцi.

V

Спосаб быў знойдзены.

Цяпер застаецца залучыць на кiрмашы аб'ездчыка, завясцi яго куды-небудзь да Хацкеля цi Каца, напаiць, i тады можна будзе парахавацца.

У першую нядзельку адлажыў Паўлюк поўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып'е з Сучынскiм, запрог конiка i ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохi было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзiць, i ён гатоў ужо быў плюнуць i на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб'ездчык, i на самога аб'ездчыка. Але, як ён выязджаў з двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:

- Зайдзi, Паўлюк, у ляснiцтва i вазьмi асiгнату*, бо скора не будзе чым выпалiць у печы: скiнулi ж табе на каморы дровы.

* Асiгната - талон на вываз дроў.

Як шылам парнулi Паўлюка гэтыя дровы.

- Але! Гэта ж i я забыўся, што дроў няма нi палена, - сказаў Паўлюк i ўзяўся за кiшэню: абмацаў поўрубель, завязаны ў анучыну, той поўрубель, якi прызначаны быў споўнiць такую важную задачу. У другiм вузельчыку ляжалi два злоты на крупы, саракоўка на тараны i селядцы; залатоўка на соль i газу; дзве дзесяткi i чатыры грошы* на вобмешку япручку i яшчэ некалькi медзякоў на тытун i запалкi.

* Злоты - 15 капеек; саракоўка - 20 капеек; залатоўка - 15 капеек; дзве дзесяткi - дзесяць грошай, 5 капеек; чатыры грошы - 2 капейкi.

А за што ўзяць асiгнату на дровы? Хiба за гэты поўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сцебануў пугаю каня i паехаў, сярдзiты i нездаволены. Зноў не было спакою на душы ў Паўлюка, зноў перад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб'ездчык, камора.

- Хiба ты скрозь зямлю правалiшся! Будзеш ты ў мяне помнiць гэтае палена: бокам яно табе вылезе, - гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.

Невясёлыя думкi насiлiся ў Паўлюковай галаве. I навокал было так нярадасна i непрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, змятаў з узгоркаў снег i агаляў пясчаныя iх скаты. Дзе-нiдзе ў полi на межах стаялi адзiнокiя iгрушы i сiратлiва махалi сваiмi голымi галiнамi, пацёпваючыся*, як пажылыя кабеты, на холадзе. Там i сям параскiдалiся па полi каменнi, як свiннi, i маўклiва ляжалi i мерзлi на марозе.

* Пацёпваючыся - уздрыгваючы.

- Iм усё роўна, цяпло цi холад. Скацi iх на загон, - будуць ляжаць на загоне, нiкому не пажаляцца на сваю долю, -думаў Паўлюк, пазiраючы на гэтыя каменнi.

Маладыя хвойкi рэзка выдзялялiся сваiмi зялёнымi вярхамi на снежным полi i гультаежлiва падымалi i апускалi свае непаваротлiвыя лапы, усё роўна як за каўняром iх нешта кусала. Дарога, iдучы ў лес, станавiлася гладкай i роўнай. Конiк весела пырхаў i рэзва перабiраў сваiмi тоўстымi нагамi. Аднатонны шум лесу закалыхваў памаленьку Паўлюковы думкi i супакойваў яго душу. Паўлюк дастаў кiсет, падарунак жонкi, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрасаў агню i закурыў. Сiняваты дымок уздымаўся клубочкамi па свежым паветры i борзда прападаў, а разам з iм прападалi i трывожныя думкi. Цяпер Паўлюк быў спакойны, як чалавек, якi цвёрда, раз назаўсёды, пастанавiў сабе вядомую мэту.