Ніл Гілевіч
Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка
2-га студзеня. Больш за два гады нічога не запісваў у гэты сшытак. І дарэмна. І вельмі шкадую. Памяць — як рэшата, а столькі падзей адбылося тым часам! Галоўная — подлы рэферэндум і круты паварот ад палітыкі незалежнасці да палітыкі эканамічнага і дзяржаўнага аб’яднання з Расіяй. Гэта — у 1995. А ў папярэднім, 1994, — галоўная падзея — выбары прэзідэнта. Але ж і выбралі! У першыя дні — многія не маглі доўга апомніцца ад шоку. Адны — дзіка рагаталі і пляваліся, другія — хадзілі з перакошанымі фізіяноміямі. Але вось прайшло паўтары года — рагатаць перасталі, бо — не да смеху ўжо, не на жарт страшна робіцца, калі паглядзіш, куды, да чаго яно ўсё ідзецца. Праўда, пляваць пачалі ў сто разоў болей. Але што з гэтага? “Усенародна абраны” ўвайшоў у сілу і разам з прыхлябаямі гне і гне сваё. Зрэшты, хай бы паспрабаваў не гнуць — не выконваць волю сваіх гаспадароў! Адразу б апынуўся на сметніку гісторыі.
Напісаў тэлеграму Анатолю Кудраўцу — да 60-годдзя. Слаўны чалавек! Беларус і Вапшчэткі — кожнай жылачкай, кожнай фібрай душы.
5-га студзеня. Апошні мой дзень працы ў Пастаяннай Камісіі Вярхоўнай Рады РБ. З 10 гадзін да 12 гутарыў з французскім палітолагам Аляксандрай Гужон — яшчэ ў якасці старшыні Камісіі. Гужон — па маці беларуска. Распытвала пра БНФ, пра мае погляды на сучасную сітуацыю ў Беларусі. У 12 гадзін быў развітальны чай з супрацоўнікамі Камісіі — І. У. Супей, Л. У. Сарокай, М. Е. Хобатавым, В. В. Гамезам. Развіталіся — як блізкія сябры. Бывай, рабочы кабінет, бывай, Камісія, бывай, Рада! Цяпер ужо хіба выпадкова загляну сюды калі-небудзь. Пачынаецца новы этап жыцця — свабодны, без службы, аб чым заўсёды горача марыў. “Ах, каб пазбыцца службы! Каб цалкам аддацца літаратурнай працы!” Дачакаўся на 65-м годзе жыцця… Калі ўжо сіл засталося няшмат. Праўда, вершы пішу. Усе першыя дні новага года пішу вершы…
Другую палову дня правёў у доме літаратара — спярша за круглым, затым за квадратным юбілейным сталом А. Кудраўца. Яго ўсе калегі шануюць і любяць.
6-га студзеня. Напісаў два лісты намесніку прэм’ера Русакевічу У. В. Першы — наконт артыста Котава М. К., каб надалі яму годнасць Заслужанага, другі — наконт прысваення Сваткаўскай школе на Мядзельшчыне імя Максіма Танка. Апошнія службовыя лісты, якія падпісаў (ужо на кватэры) як старшыня Камісіі Вярхоўнай Рады РБ.
9-га студзеня. А 10-й глядзеў па тэлевізары адкрыццё Першай сесіі ВР новага склікання. Трохі нязвыкла пачувацца толькі гледачом — пасля амаль адзінаццаці гадоў абавязковай службовай прысутнасці ў той авальнай зале. А ў зале — нічога новага: па-ранейшаму беларускай мовы не чуваць, хіба што адно-два словы…
10-га студзеня. Званіў з Сафіі наш пасол Герасіменка А.М. — наконт Дзён беларускай культуры ў Балгарыі. Ён упэўнены, што дэлегацыю ўзначаліць Ніл Гілевіч, а таго не ведае, што (цытую) “знакаміты балгарыст, якога ў Балгарыі ўсе помняць і любяць”, не паедзе за Дунай зусім. Ні заўтра, ні паслязаўтра… Годзе! Ад’ездзіў! Пачну ўспамінаць, як неразумна распарадзіўся сваім жыццём, — хоць у пятлю лезь ад крыўды. Ну што з таго, што на пяць вялікіх тамоў адно паэзіі перавярнуў на беларускую? Хто ацэніць у Беларусі гэтую рабскую самаахвярнасць? Хто будзе чытаць гэтыя тамы, хто іх выдасць? А тым часам сотні сваіх “творчых задум” застаюцца няздзейсненымі. Колькі не зрабіў таго, што зрабіць быў павінен!..
16-га студзеня. Вечарам удзельнічаў у апошняй урачыстай акцыі ў гонар 75-годдзя Слуцкага Збройнага Чыну. Паколькі З. Пазьняк затрымаўся на нейкім важным сходзе, першаму слова для прывітання далі мне. Упершыню публічна даў высокую ацэнку патрыятычнай дзейнасці случакоў у 1920 годзе — дагэтуль неяк не выпадала. А гаварыць пра іх трэба — пра гэтых родных дзяцей і абаронцаў БНР, змагароў за нашу дзяржаўную незалежнасць. Выступілі А. Грыцкевіч і З. Пазьняк. Вечарына адбывалася ў тэатры Вольная Сцэна. Там жа была наладжана цікавая выстава ў гонар герояў Слуцкага Збройнага Чыну.
17-га студзеня. Быў на пасяджэнні сакратарыята ТБМ. “Навічкі” ўзяліся за працу. 30-га сакавіка правядзем нацыянальную навуковую канферэнцыю на тэму: “Дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: гістарычны, палітычны і лінгвістычны аспекты”. Гэта павінен быць стрэл гучны. Далей цярпець няможна. Па ўсёй Беларусі ідзе адкатка ад пазіцый, заваяваных у 1991–1994 гадах для нашае Роднае Мовы. Праўда, як яго гучным зрабіць, калі ўсе СМІ ўжо ў руках “заграбаліных”?
24-га студзеня. Саюз пісьменнікаў наладзіў невялікае застолле Янку Сіпакову ў гонар яго юбілею. Тост — разгорнуты, бо рыхтаваўся выступаць на ўрачыстым пасяджэнні ў зале, — сказаў і я. Усё было добра, але… У кабінеце, дзе сядзелі, паявіўся паэт-скандаліст Сыс і пачаў хаміць. Кончылася тым, што празаік Ягоўдзік, не стрываўшы, расквасіў да крыві паэту Сысу нюхаўку. Такім стаў наш сяброўскі юбілейны вечар. Саюза пісьменнікаў — не пазнаць.