Выбрать главу

Раніцай даў юбілейную тэлеграму Л. Левіну, а ў 15 гадзін быў на адкрыцці яго выставы ў Музеі гісторыі культуры. Але ж і напрацаваў чалавек! Пра гэта я і сказаў там, перад мікрафонам. І пра тое, што ведаю Левіна з 1952 года, мабыць, больш, чым любы з прысутных. І што яшчэ тады прадказаў яму вялікую славу. Тым летам мы працавалі з ім у піянерлагеры, яму было 16, мне — 21. Ён і дасюль цытуе мае тагачасныя, трохі хуліганскія куплеты.

27-га ліпеня. Быў на мітынгу. Ішоў да Опернага ў першым радзе бясконцай калоны — побач з Карпенкам, Багданкевічам, Захаранкам, Таразевічам, Хадыкам і іншымі. І сказаў слова. І многія сказалі. І настрой ва ўсіх адзін: выстаім! Пераможам! Незалежная Беларусь будзе жыць, а здраднікам — праклён і ганьба!

31-га ліпеня. Хадзіў у Дом Радыё — запісаўся для радыёперадачы пра Быкава. Невялікае, на тры старонкі, слова і два, яму прысвечаныя, вершы. І што ж гэта за ініцыятыва з боку Радыё? Каб сказаць грамадскасці: вось, маўляў, не думайце кепска, — вядомых дзеячаў беларускай культуры мы шануем. Ах ці мой Божа! Каб вам у грудзі тое, як вы нас шануеце! Здзівіў В. Макарэвіч, сказаў: “Н. С., вось гэты пасаж, напэўна, не пройдзе”. Ён ужо загадзя ведае, што не пройдзе! “А вы, кажу, пастарайцеся, дабіцеся, каб прайшоў. Можа, дзеля гэтага пасажа я і даў згоду ўдзельнічаць у перадачы.” Хоць, вядома, не толькі дзеля гэтага. Хацелася — і я рад выпадку — сказаць пра Васіля добрае слова. На ўсю Беларусь. Каб ведалі. І не паддаваліся на спекуляцыі зламыснікаў.

9-га жніўня. Раніцой зноў заходзілі дзяўчаты з Музея гісторыі літаратуры — забралі шмат чаго нарыхтаванага для маёй выставы. Удакладнілі назву апошняй: “І ўсё ж такі я веру!..” Прапанова Лідзіі Макарэвіч. Пагадзіўся. Узяліся за справу музейніцы вельмі сур’ёзна. Можа, штось і атрымаецца. Добрыя сябры мне хочуць дапамагчы ў сённяшняй маёй сітуацыі. Назло ўсім нядобразычліўцам і галоўнаму з іх. Толькі разумеючы гэта, я, удзячны сябрам, і даў у прынцыпе згоду на стварэнне выставы.

13-га жніўня. Хадзіў на магілу Коласа. У ліку іншых і я сказаў слова. Сказаў аб тым, якая дарагая нам сёння мара Коласа пра свабодную, незалежную Беларусь і які зразумелы нам яго боль, яго гнеў у вершы 21-га года: “Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы!..” Жалобная сходка ўпершыню прайшла без Данілы Канстанцінавіча — адышоў нястомны руплівец пра гонар і славу Бацькі. Пасля сходкі Ала Цімафееўна запрасіла на кватэру. Пасядзелі, памянулі, пагутарылі. З пісьменнікаў чамусьці нікога не было (адзін крытык У. Г.) Сядзеў я побач з сынам Коласа Міхасём. Шмат расказаў цікавага — з успамінаў пра бацьку, але і трохі стаміў мяне сваімі гумарыстычнымі вершамі (на дзвюх мовах, між іншым).

14-га жніўня. Званіў Лучанок, але мяне не застаў, дык выказаў усё, што меў, Ніне Іванаўне. Па-першае, падзякаваў за верш аб Славянскім базары, які фактычна прысвечаны яму. Па-другое, зноў бясконцая крыўда: чаму я зрабіў міністрам Вайтовіча, а не Лучанка; а Лучанок нават звання прафесара не мае. Колькі тлумачыў яму, што міністрам Вайтовіча зрабіў ЦК КПБ — не ўспрымае! Ну, а наконт звання прафесара я і сам дзіўлюся, бо ў першыню чую, што чалавек доўгі час быў рэктарам Кансерваторыі і не быў прафесарам. Нейчы вельмі прыкры недагляд!..

21-га жніўня. Заходзіў пасланец з Маладзечна, вядомы там беларус-патрыёт і дэмакрат Алесь Капуцкі. Інжынер па адукацыі. Заходзіў з просьбай, каб я даў згоду вылучыцца кандыдатам у Вярхоўны Савет — на асенніх давыбарах. Па той акрузе вылучаўся ён, і не прайшоў. І шанцаў, што пройдзе, мала. А шкада! Вельмі сімпатычны і разумны, сур’ёзны, прынцыповы таварыш. Шкада! Прыйшлося расчараваць яго: ні ў якія дэпутаты ўжо мяне і вяроўкамі не зацягнеш! Хоць бы даў Бог трохі патрымацца ды напісаць сёе-тое! Горача параіў яму выпрабаваць лёс яшчэ раз — вылучыцца нанова.

28-га жніўня. Вечар правялі з Нінай у Бураўкіна. Віншавалі з юбілеем. Былі Карпенка, Матукоўскі. Быў і Быкаў (пагаварыць не давялося). Генадзь хутка пачаў мітынгаваць, як заўсёды, стала нецікава. Быў і яго зямляк Я. — перакананы ідэйны праціўнік незалежнасці, рэформ і БНФ. Такая “кумпанія”, такое спалучэнне. Так і жывём, і сябруем. А што зробіш? Тыповы беларускі менталітэт!..

Дадому — Быкава, Карпенку і мяне з Нінай — адвёз на сваёй “інамарцы” вядомы палітолаг А. Майсеня. Па просьбе Карпенкі прыехаў. Сказаў: хутка будзе ў друку яго вялікі артыкул — “антыпрэ”, вядома.

29-га жніўня. Быў у Н. Вылчава — ён прыехаў на сталую працу ў балгарскае пасольства. Павіншаваў яго з днём нараджэння (69), агледзеў апартаменты. Пасядзець не давялося, яму стала кепска (страўнік), ужо ўсе дні, сказаў, нешта не тое ў страўніку. Начаваць ён пайшоў да калегі Караджова.